Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Беларусі пры місіі ААН у Жэнэве Міхаіл Хвастоў сказаў экспэртам Камітэту ААН супраць катаваньняў, што ўлады дзейнічалі «літасьціва» ў адносінах да дэманстрантаў у Менску 19 сьнежня 2010 і не ўжывалі супраць іх вадамёты, паведаміў БелаПАН.

Хвастоў адказваў на пытаньні экспэртаў Камітэту ААН супраць катаваньняў у рамках 47-га пасяджэньня гэтага камітэту ў Жэнэве. На мінулым тыдні на пасяджэньні камітэту выступілі са сваёй справаздачай недзяржаўныя арганізацыі Беларусі.

Хвастоў адзначыў, што дзеяньні дэманстрантаў і штурм Дому ўрада былі расцэненыя ўладамі як спроба дзяржаўнага перавароту. «Міліцыя ўмяшалася, было затрымана каля 600 чалавек. Але значная частка адрасаваных да нас пытаньняў і іх кантэкст зьяўляюцца вынікам памылкова сфармаваных поглядаў [на тое, што адбылося ў Мінску]» – сказаў ён.

Хвастоў таксама заявіў, што ўсім падазраваным і абвінавачаным у справе аб беспарадках 19 сьнежня 2010 году «своечасова тлумачылася іх права на абарону і падаваўся адвакат». Паводле яго словаў, усім адвакатам, якія працавалі ў гэтай справе, было дадзенае права «бесьперашкодных зносін са сваімі падабароннымі».

З адказаў Хвастова таксама стала вядома, што зьняволены экс-кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў 18 разоў зьвяртаўся са скаргамі на стан здароўя. «Зьвесткі аб яго зваротах і аглядах зафіксаваныя. У цяперашні час скаргі на здароўе ад яго адсутнічаюць», – сказаў Хвастоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG