Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людміла Гразнова: Сьмяротны вырак – гэта не па-беларуску і не па-людзку


Людміла Гразнова

Людміла Гразнова

Дзяржаўны абвінаваўца ў судовым працэсе аб тэракце ў менскім мэтро, намесьнік генпракурора Аляксей Стук запатрабаваў ужыць да абвінавачаных Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва найвышэйшую меру пакараньня – расстрэл. Лідэр цэнтру «Праваабарончы альянс» Людміла Гразнова, якая сочыць за хадою судовага працэсу, адзначае ягоную спэцыфічнасьць і неадназначнасьць.

Абакунчык: Як вы расцэньваеце просьбу пракурора абодвум абвінавачаным вынесьці найвышэйшую меру пакараньня?

Гразнова: Як шок, бо Кавалёў і побач не стаяў з прыгатаваньнем выбуховага прыстасаваньня, ягоным пераносам і гэтак далей. Але яму таксама выставілі вось такое жорсткае абвінавачаньне. Я мяркую, што найперш – гэта пасыл грамадзтву, застрашэньне грамадзтва. І, канечне ж, на кагосьці трэба сьпісаць гэты тэрарыстычны акт. Ад якога пацярпелі амаль чатыры сотні чалавек і 15 загінулі.

Абакунчык: Што вы можаце сказаць пра хаду працэсу як праваабаронца, і што кажуць людзі, што побач з вамі ў судзе?

Гразнова: Я бачу, што няма грунтоўных, і нават проста доказаў, што Канавалаў і Кавалёў рабілі гэтыя выбуховыя прыстасаваньні. Усё сьледзтва трымаецца на сьведчаньнях Кавалёва супраць Канавалава, якія ён даваў падчас сьледзтва за кратамі КДБ. Што зь ім там рабілі, як на яго ўзьдзейнічалі, як застрашвалі – невядома. Але ж гэта вельмі і вельмі небясьпечна, калі на сьведчаньнях аднаго чалавека ці на нейкіх ускосных сьведчаньнях грунтуецца ўсё сьледзтва. Тое, што адбываецца ў нашай краіне, гэта вельмі дрэнна і гэта сьведчаньне, што мы страчваем уладу, якая кіруецца законам.

Абакунчык: Як вы расцэньваеце тэхнічную арганізацыю судовага працэсу, ягоную атмасфэру?

Гразнова: Я ўпершыню ў такім судзе, які мае такі зьнешні – нейкі фантасмагарычны антураж. Калі робяць твой поўны дагляд ня толькі пры ўваходзе ў будынак суду і ў судовую залю, але яшчэ ўсё гэта і фільмуюць на відэакамэры. І так – кожнага разу. І ўсё гэта – спосаб узьдзеяньня, спосаб застрашэньня – каб людзі баяліся прыходзіць. Ім жа патрэбна, каб ніхто не прыходзіў на гэты судовы працэс, каб не пераказвалі адзін аднаму, як і што тут адбываецца, якая тут атмасфэра. Гэта вялікая заля – і Канавалаў, і Кавалёў – яны сядзяць далёка – ня бачна іх вачэй, ня чутна слоў. Дрэнна бачна судзьдзю, пракурора, – няма ніякага кантакту, а гэта вельмі важна бачыць іх міміку і рэакцыі.

Абакунчык: Беларусь – адзіная эўрапейская краіна, дзе захаванае сьмяротнае пакараньне. Яго адмена – адна з умоваў для Беларусі, каб яна была прызнаная паўнавартасным чальцом эўрапейскай супольнасьці.

Гразнова: Гэта выклік, што мы адрозьніваемся, што мы не як эўрапейцы, што ў нас нейкія свае шляхі да цывілізацыі. Я мяркую, што гэта не ў эўрапейскім кантэксьце зроблена, што пракурор спазьніўся дзесьці на 20-40 гадоў, прамаўляючы сваю патэтычную прамову. Ён і пачаў з таго, што, маўляў, у нас ціхая краіна, дзе не павінна было нешта такое здарыцца. А вось здарылася, і мы тут такі праведны суд вядзем. Каб вы бачылі вочы маці, Любы Кавалёвай, маці Ўладзіслава… За што такая кара жанчыне ад пракурора – сьмяротнае пакараньне сыну. Гэта не па-людзку, не па-беларуску. Таму гэта вельмі небясьпечна, калі ў нас захоўваецца сьмяротнае пакараньне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG