Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ацэнках некаторых падзеяў галоўнае – правільны ракурс погляду. Здаецца, што да гэтага шэрагу належаць і «паўстаньне ўраду» супраць прэзыдэнцкай адміністрацыі, і разнос, учынены Лукашэнкам урадоўцам.

Тут той выпадак, калі веданьне дэталяў насамрэч замінае разуменьню. Дасьведчаныя людзі гавораць пра асабістыя і функцыянальныя супярэчнасьці паміж прэм'ерам Мясьніковічам і прэзыдэнцкім дарадцам Ткачовым. Цалкам магчыма, што такія сапраўды ёсьць, але раней падобныя «бойкі пад дываном» ніколі з-пад дывана не выходзілі. Канстанцін Міхееў у нядаўнім «Праскім акцэнце» прыгадаў, што ўсе ўдалыя рэвалюцыі ці наагул кардынальныя перамены заўсёды суправаджаліся расколамі ўнутры ўладнай эліты. І зразумела, што часам (калі не пераважна) матывам гэтых расколаў была банальная прага ўлады.

Хрушчоў і Берыя у момант іх канфлікту абодва былі сталіністамі, а Дэн Сяапін і «банда чатырох» – мааістамі
Ёсьць гордая пазыцыя, паводле якой «чума на абодва вашы дамы», абодва бакі – лукашысты, брыдкія і гадкія. Не без таго, але, скажам, Хрушчоў і Берыя ў момант іх канфлікту абодва былі сталіністамі, а Дэн Сяапін і «банда чатырох» – мааістамі. Ды і Гарбачоў, пачынаючы перабудову, быў яшчэ прававерным камуністам, як і яго апанэнты. Але ці можна сказаць, што прыгаданыя канфлікты ня мелі ніякага значэньня для наступнага разьвіцьця падзеяў у СССР і у КНР? Самая наяўнасьць гэтых канфліктаў была больш значнай, чым ступень грахоўнасьці і нават матывы бакоў.

Да таго ж ацэнка іх залежыць ад часу. Спрэчкі ў палітбюро ў 1990-91 гадах былі ўжо прынамсі не адзіным фактарам, які вызначаў працэс – ужо існавалі і дзейнічалі іншыя грамадзкія і палітычныя сілы. Але ў 1986-87 гадах ад гэтых спрэчак і канфліктаў, ад вынікаў сутыкненьня паміж Гарбачовым і Лігачовым, залежала значна больш, калі ня ўсё. У якой аналягічнай кропцы гісторыі знаходзіцца сучасная Беларусь – мяркуйце самі. Перад тым паглядзіце онлайн-рэпартаж на нашым сайце пра чарговы магутны Народны сход.

Гэта, дарэчы, дзіўны аспэкт сытуацыі. Як той казаў, нічога ж, здаецца, «не предвещало», народ і сапраўды ніякай схільнасьці да масавага пратэсту не дэманструе (пра прычыны можна спрачацца, галоўнае, што не дэманструе), самая вострая фаза эканамічнага крызісу, здаецца, пройдзеная. І раптам такі ўнутрыапаратны выбух.

Тут прыгадваецца думка расейскага палітоляга Дзьмітрыя Фурмана, што падчас пугачоўскага бунту, які стаў выклікам і патрасеньнем для Расейскай імпэрыі, эліта ня мела ніякіх сумневаў у легітымнасьці існага парадку. Але ўжо ў 1848 годзе першай рэакцыяй праўнука Кацярыны Мікалая І на тагачасную «вясну народаў», на каскад рэвалюцый, які ахапіў усю Эўропу, было: «Трэба скасоўваць прыгон». Чаму, з чаго? Нічога ж падобнага ў Расейскай імпэрыі не адбывалася, ды і сацыяльная і палітычная прырода краіны была зусім іншай, чым у палаючых рэвалюцыямі краін Эўропы. А вось нешта, зь нечага, у паветры нешта лунала – нейкае адчуваньне, што трэба нешта мяняць, што па-ранейшаму жыць нельга.

Румас, Снапкоў, Ярашэнка – плоць ад плоці гэтай, лукашэнкаўскай сыстэмы
Праўда, у цяперашняй Беларусі гэтага пакуль публічна не гаворыць першая асоба. Але хто гаворыць? Патрыярх намэнклятуры, звышасьцярожны доўгажыхар аўтарытарнай сыстэмы, здольны праходзіць сухім паміж струмянямі дажджу. А хто такія Румас, Снапкоў, Ярашэнка? Што яны – з апазыцыі, з вулічных мітынгаў ва ўладу прыйшлі? Ды не – плоць ад плоці гэтай, лукашэнкаўскай сыстэмы. І хто іх прызначаў? Ды Лукашэнка сваёй неабмежаванай воляй. Мог бы прызначыць іншых, не паўстаў бы народ, не захваляваўся б парлямэнт (:-) ). А прызначыў гэтых. А яны...

І чым скончыўся для ўрадавых «рэвалюцыянэраў» «бунт на караблі»? Нічым. Выпрабавальным тэрмінам да 9 траўня – Дня перамогі. Так і карціць спытаць у гэтым кантэксьце – чыёй?

Дык значыць ці ўсеўладзьдзе не такое ўсеўладнае, ужо абмежаванае прынамсі аб'ектыўнымі ўмовамі (напрыклад, тым, што іншых няма). Ці абмежаванае тым, што і ў самога архітэктара «беларускага цуду» ў галаве стукае – трэба нешта мяняць.

Надзвычай цікавая расейская рэакцыя на гэтыя беларускія ўладныя дзівосы. Хіба не ўпершыню па такім пытаньні выказаўся расейскі пасол Аляксандар Сурыкаў, сказаўшы, што «ўрад, яго маладое крыло, занадта захапіліся шокавай тэрапіяй, гэта чыста гайдараўскія мэтады». Шчыраваньні пасла гучалі асабліва дзіўна на фоне заявы, якую ў той жа дзень зрабіў прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў: «Давайце паглядзім, што ў нашых суседзяў адбываецца, у нашых блізкіх суседзяў, сяброў-беларусаў: у іх 100% інфляцыя. Чаму? Таму што трэба своечасова рэформы рабіць». Дык трэба ці ня трэба? А калі трэба, то ці варта вуснамі пасла аблайваць тых, хто якраз іх і спрабуе рабіць?

Добрае слова на адрас беларускіх урадавых «младатуркаў» з вуснаў расейскага пасла было б насамрэч цьвіком у іх кар'ерную і палітычную труну
Можа быць, у Маскве правая рука ня ведае, што робіць левая, і ў спадара пасла проста спрацаваў рэфлекс «крэпкага гаспадарніка», для якога, як і для многіх расейцаў, «гайдараўцы» – сымбаль і прычына ўсякага ліха. Ірвануў пасольскую кашулю на грудзях і ўрэзаў праўду-матку. Але ня выключаная і больш тонкая гульня – своеасаблівая «апэрацыя прыкрыцьця». Падазронасьць, барацьба з рознымі «рукамі», што Вашынгтону, што Варшавы, а Масквы хіба не найперш – асноўная рыса кіраўніка Беларусі. І добрае слова на адрас беларускіх урадавых «младатуркаў» з вуснаў расейскага пасла было б насамрэч цьвіком у іх кар'ерную і палітычную труну. А так Аляксандар Рыгоравіч даў ім у косьці, а расейскі пасол яшчэ дадаў. А прэзыдэнт Мядзьведзеў пра рэформы наагул сказаў, абстрактна, яны ж розныя бываюць. «Рукі Масквы» ніякай няма, падазрэньні да простага рашэньня не падштурхоўваюць.

Мясьніковіч – не самая беларуская рэвалюцыя, а яе люстэрка
Так, канфлікт ураду з адміністрацыяй прэзыдэнта ня варта перабольшваць, казаць, што гэта пачатак канца, што заўтра «бацькі» «рынкавай эканомікі Мясьніковіча-Румаса» на чале рэвалюцыйных масаў будуць штурмаваць прэзыдэнцкі палац, яўна ранавата. Таго хутчэй за ўсё і ня будзе ніколі. І Мясьніковіч – не самая беларуская рэвалюцыя, а яе люстэрка. Гэта проста прыкмета, чыньнік, і магчыма не апошні.

Вось прачытае Лукашэнка гэтыя мае недарэчныя развагі (ці ня толькі іх), захоча даказаць, што ён усё яшчэ гаспадар у Беларусі і пазвальняе ўсіх гэтых «гора-рэфарматараў», стваральнікаў «рынкавых выкрунтасаў». Цалкам магчыма. Толькі ня ў іх справа. А ў ціхім, а часам, як бачым, нават і гучным «так жыць нельга», якое ўжо гучыць ня толькі на кухнях, у мэтро, у курылках і крамах, але пратачылася і ва ўладныя кабінэты. Як яго хаця б адтуль вывесьці?

Калі яно зьявілася, то ў пэўным сэнсе ўсе рашэньні рызыкоўныя. Франка вось у свой час крута зьмяніў курс эканамічнай палітыкі, паклікаўшы для рэформаў тэхнакратаў з Opus Dei — тагачасных гішпанскіх румасаў і снапковых. Ну і ўратаваў рэжым, памёр спакойна ў сваім ложку, пры сваёй пасадзе каўдзільё. Хаця рэформы маладой каманды і там былі балючыя, зьвязаныя са зьменай прыроды сацыяльнай падтрымкі рэжыму. Лібэралізм – гэта наагул не раздача мядовых пернікаў.

Хаця, зразумела, ёсьць спакуса нічога не мяняць, з пэўнага пункту гледжаньня гэта нават самае разумнае. Але насамрэч і гэта нічога не гарантуе. А часам наўпрост вядзе да раптоўнага выбуху, які хавае рэжым цалкам – з усімі яго «галубамі» і «ястрабамі», лібэраламі і кансэрватарамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG