Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як паўплывае адкрыцьцё газаправоду Nord Stream на геапалітычнае становішча Беларусі?


8 лістапада ўрачыста адкрыты газаправод Nord Stream па дну Балтыйскага мора. Якія геапалітычныя наступствы гэтай падзеі? Ці зьменіцца статус Беларусі як транзытнай дзяржавы? Як гэта паўплывае на беларуска-расейскія дачыненьні?


Удзельнікі: журналістка газэты «Белорусы и рынок» Тацьцяна Манёнак зь Менску і асьпірант Вышэйшай школы эканомікі Дзмітрый Балкунец з Масквы.

Якія геапалітычныя наступствы гэтай падзеі?


Валер Карбалевіч: «Пра гэты праект шмат гаварылі, шмат спрачаліся, нават сварыліся. Газаправод Nord Stream нават спрычыніўся да канфлікту паміж некаторымі краінамі ЭЗ. Ён вельмі важны для Расеі. І вось ад сёньня пачынаецца ягоная практычная рэалізацыя. Ці сапраўды ён нешта мяняе ў эўрапейскіх геапалітычных раскладах?»

Тацьцяна Манёнак: «Гэты праект рэалізоўваўся цягам 15 гадоў. Беларусь настойвала на тым, каб новыя газаправоды ішлі празь беларускую тэрыторыю. Калі задумвалася першая нітка газаправоду Ямал — Эўропа, меркавалася, што пройдзе і другая, і трэцяя, і іншыя. Але з-за канфліктаў паміж Расеяй і транзытнымі дзяржавамі (Беларусьсю, Украінай) Расейская Фэдэрацыя вырашыла будаваць абходныя газаправоды па моры.

Першая чарга гэтага газаправоду мае магутнасьць 27,5 млрд куб. м. У кастрычніку 2012 году плянуецца запусьціць другую чаргу Nord Stream. Агульная яго магутнасьць будзе 55 млрд куб. м. Як казаў Пуцін, Расея пазбываецца дыктату транзытных дзяржаў.

Але ўзьнікае пытаньне: ці патрэбны такі дадатковы аб’ём расейскага газу ў Эўропе? З аднаго боку, попыт там расьце. Зь іншага боку, Эўропа знайшла альтэрнатыву, прычым таньнейшую. Там зьявіўся звадкаваны газ. Таму Нямеччына пакуль адмовілася ад будаўніцтва трэцяй ніткі Nord Stream. Праўда, сытуацыя трохі памянялася пасьля аварыі на АЭС у Японіі, у выніку чаго ў гэтай краіне ўзрос попыт на звадкаваны газ.
У выніку рэалізацыі гэтага праекту пацярпяць і Беларусь, і Ўкраіна. Газавыя войны не прайшлі без наступстваў

Кіраўнік „Газпрому“ Мілер казаў, што гэтыя абходныя газаправоды будуць пастаўляць газ новым спажыўцам, таму яны ня зьменшаць транзыт газу празь Беларусь і Ўкраіну. Але цяпер сытуацыя мяняецца. Здаецца, Украіна пацерпіць ад новага газаправоду, то бок аб’ёмы транзыту празь яе тэрыторыю зьменшацца».

Дзмітрый Балкунец: «У выніку рэалізацыі гэтага праекту пацярпяць і Беларусь, і Ўкраіна. Газавыя войны не прайшлі без наступстваў. Транзыт празь Беларусь дасягаў каля 45 млрд куб. м. газу штогод, праз Украіну — 120 млрд. Пасьля ўвядзеньня другой ніткі Nord Stream доля Беларусі ў агульным транзыце расейскага газу ў Эўропу значна зьменшыцца.

Думаю, усё ж у Эўропе патрэба ў расейскім газе будзе ўзрастаць. Вось цяпер Нямеччына адмаўляецца ад атамнай энэргетыкі. Магчыма, іншыя краіны Эўропы пойдуць тым жа шляхам. Таму патрэба ў газе ўзрасьце.

Я б прапанаваў ажыцьцявіць праект з удзелам Расеі, Беларусі і ЭЗ. Сэнс яго ў тым, каб пабудаваць у Беларусі электрастанцыю, якая будзе працаваць на расейскім газе. А электраэнэргію, атрыманую на гэтай станцыі, экспартаваць у Эўропу. Транзыт электрычнасьці таньнейшы, чым транзыт газу»

Практычныя наступствы новага трубаправоду для Беларусі


Карбалевіч: «Якія практычныя наступствы адкрыцьця новага трубаправоду для Беларусі? Празь беларускую тэрыторыю транзыт газу зьменшыцца? Можа, не выпадкова Лукашэнка называў гэты праект глупствам?

Ці зьменіць гэты газаправод геапалітычнае становішча Беларусі? Ці зьменшыцца яе значнасьць як транзытнай дзяржавы? Як гэта паўплывае на беларуска-расейскія дачыненьні? Наколькі ўвогуле праблема транзыту важная для адносін паміж Беларусьсю і Расеяй?»

Манёнак: «Хутка павінны быць падпісаныя газавыя пагадненьні паміж Беларусьсю і Расеяй на 2012 год і наступныя гады. Беларусь настойвае, каб у адным пакеце было прынятае рашэньне і аб продажы астатніх 50% акцый „Белтрансгаза“ „Газпрому“, і пра цэны на газ, і пра аб’ём транзыту. „Газпром“ мусіць пагадзіцца з такім падыходам. Па маіх зьвестках, бакі дамовіліся, што аб’ём транзыту празь Беларусь ня зьменшыцца.

Хачу нагадаць, што празь Беларусь праходзяць два газаправоды. Адзін газаправод, Ямал — Эўропа, належыць „Газпрому“. Празь яго перапампоўваецца 28 млрд куб. м. А празь „Белтрансгаз“ — толькі 14 млрд куб. м. Гэта ўтрая менш, чым дазваляе яго магутнасьць. Калі „Газпром“ купіць „Белтрансгаз“, то яму будзе выгадна праз сваю сыстэму экспартаваць газ. Да таго ж транзыт празь Беларусь таньнейшы, чым праз Украіну і эўрапейскія краіны».

Балкунец: «Ня згодзен з тымі экспэртамі, якія крытычна ставяцца да прыватызацыі „Газпромам“ „Белтрансгазу“. Гэта інвэстыцыі ў беларускую эканоміку. У газатранспартнай сыстэме Беларусі працуе каля 16 тыс. беларусаў. Украіна адмаўляцца ад гэтага, таму яна страціць частку газавага транзыту праз сваю тэрыторыю».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG