Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магдалена Каліноўская: «Хоць мяне й дэпартуюць, я ўсё адно люблю Беларусь»


Магдалена Каліноўска

Магдалена Каліноўска

Зь Беларусі дэпартуюць грамадзянку Польшчы, супрацоўніцу няўрадавай арганізацыі «Fundacją Institutum Orientalium» Магдалену Каліноўскую. У Магілёве яна працавала па праграме польскай дапамогі беларускім прадпрымальнікам — рыхтавала стажораў для навучаньня ў Польшчы навыкам вядзеньня бізнэсу.

Замежніцу зьвінавацілі ў парушэньні рэжыму знаходжаньня ў Беларусі. Яна мусіць пакінуць Беларусь да 16 лістапада бяз права ўезду ў Беларусь да 16 лістапада 2014 году. Перад ад’ездам зь ёй пагутарыў наш карэспандэнт.

— Спадарыня Магдалена, вы прыехалі ў Беларусь у жніўні. Ці была ваша дзейнасьць зьвязаная з палітыкай?

Я наагул у сваёй дзейнасьці ня мела нічога палітычнага. Наша дзейнасьць была зьвязаная з прадпрымальніцкай эканомікай у трох галінах — турызьме, транспарце й сельскай гаспадарцы. Асноўны напрамак — даць інфармацыю людзям пра магчымасьці паехаць у Польшчу на стажыроўку. І знайсьці ахвотных паехаць.

— З чым вы зьвязваеце тады рашэньне дэпартаваць вас зь Беларусі?

Чаму — ня ведаю. Спрабую здагадацца, але не магу знайсьці прычыны. Мо думалі, што я неяк перашкаджаю вашай дзяржаве. Гэта дзіўна, што ёсьць такія краіны. Хацелася б, каб гэта зьмянілася. Нашы адносіны, Беларусі й Польшчы, ня добрыя праз гэтую сытуацыю палітычную.

— Вы прабылі ў міліцыі каля чатырох гадзінаў. Што вас уразіла ў паводзінах нашых праваахоўнікаў?

— Супрацоўніца пашпартнага стала адразу сказала, каб я адбіткі пальцаў дала, што, маўляў, гэта ўсе замежнікі так робяць. Я ж настойвала, што не хачу гэтага рабіць. Потым прыйшоў начальнік — ён сказаў, што я магу адмовіцца. Супрацоўніца калі даведалася, што я гавару па-расейску, сказала, што ня трэба перакладнік. Я ня ведала таксама, што яны ня маюць права забіраць у мяне пашпарт. Наіўная была крыху, магла адразу зразумець, зь якой прычыны мяне выклікаюць.

— Вы кантактавалі з нашымі прадпрымальнікамі, якія яны?

— Мне падаецца, што ў вас больш людзей магло б тут зрабіць нейкі крок, каб заснаваць свае фірмы ды займацца малым прадпрымальніцтвам. Шмат людзей згодныя былі са мной, што ім перашкаджае лянота. Мне часта казалі, што ім не хапае тэхналёгіяў.

— А якія наагул беларусы? Якімі яны вам запомніліся?

— Гасьцінныя наагул беларусы, мне так здаецца. У нас раней таксама было, як у вас. У вас можна прыйсьці ў гасьціну без папярэджаньня. У нас цяпер трэба заранёў дамаўляцца. Вы больш спантанныя. Мне гэта дужа падабаецца.

— Вы хацелі б наведаць Беларусь яшчэ раз?

— Пасьля гэтых трох год — магчыма. Я сёньня з консулам гаварыла. Ён сказаў, што трэба скаргу падаць, хоць гэта й нічога ня зьменіць. Аднак нават калі яны анулююць гэтую дэпартацыю, наўрад ці мне больш візу дадуць. Хоць у мяне на сэрцы крыўда, але нават пасьля таго, што са мной здарылася, я люблю Беларусь.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG