Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генадзь Фядыніч пра народныя сходы: «Зроблены першы крок, будзе і другі»


Другі Народны сход, які быў заплянаваны на 12 лістапада, па сутнасьці, не адбыўся. Кагосьці з арганізатараў прэвэнтыўна затрымалі, на плошчы Бангалор і вакол яе было столькі супрацоўнікаў сілавых структур у цывільным, што нават сьмелыя, якія зьбіраліся на сход, не адважыліся ступіць на плошчу. У рэгіёнах таксама асаблівай актыўнасьці пратэстоўцаў не назіралася. Як арганізатары Народных сходаў тлумачаць правал акцыі 12 лістапада і якія пляны яны маюць на будучыню?

Віктар Івашкевіч

Віктар Івашкевіч

Народныя сходы — ня форма акцый пратэсту, а форма арганізацыі людзей, якія потым выйдуць пратэставаць, тлумачыць Віктар Івашкевіч. Самі патрабаваньні, абмеркаваныя і агучаныя на першым Народным сходзе 8 кастрычніка, паводле дадзеных Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, падтрымліваюць 62% грамадзянаў Беларусі. А чаму так мала людзей прыйшло на другі сход, Віктар Івашкевіч патлумачыў такім чынам:

«Тут уплывае і застрашваньне людзей шараговых, і тое, што ў падрыхтоўцы народных сходаў прыняла ўдзел значная меншая частка палітычных актывістаў, у тым ліку і партыйных лідэраў, якія нас не падтрымалі і нават раскрытыкавалі. Ну, і паказалі гэтыя сходы, што, з аднаго боку, падтрымка ясна сфармуляваных патрабаваньняў расьце, але гэта рост пасіўны. Патрабуецца час, каб гэта падтрымка стала ў актыўных формах. Выснова — што гэтую працу трэба працягваць далей».

Генадзь Фядыніч

Генадзь Фядыніч

Другі арганізатар Народнага сходу Генадзь Фядыніч выказаў такую думку:

«На народ нельга скардзіцца, таму што народ нельга зьмяніць. Кіраўнікоў можна зьмяніць і нават замяніць, а народ ня зьменіш. Тут усё ў сукупнасьці. Першае — страх людзей. Па-другое, частка людзей яшчэ вераць, што гэта часовыя цяжкасьці і што лепш стане літаральна празь месяц-два. Няма яшчэ страшэннага зьбядненьня, якое можа быць наперадзе».

Віктар Івашкевіч распавёў, што яшчэ калі паўгода таму ніякіх структур па арганізацыі народных сходаў не было, то цяпер у 13 гарадах дзейнічаюць каардынацыйныя рады аргкамітэтаў:

«Але трэба, каб гэтыя структуры пайшлі ўніз, да ўзроўню дамоў, мікрараёнаў, ЖЭСаў. Вось гэта праца, якая наперадзе — працяг, папулярызацыя гэтых патрабаваньняў, якія прынятыя на сходах. Ну, і тлумачэньні людзям, што для таго, каб дамагацца выкананьня гэтых патрабаваньняў, трэба актыўна змагацца за свае сацыяльныя правы і не чакаць, што хтосьці прынясе ўсё на сподачку».

Генадзь Фядыніч запэўнівае, што праца па арганізацыі народных сходаў і кансалідацыі людзей будзе працягвацца:

«Людзі скардзяцца, што яны кепска інфармаваныя, у тым ліку па народных сходах, мясцовых сходах. Будзем працаваць. Гэта цяжкая праца, але тое, што мы пачалі рабіць, людзі, зь якімі мы сустракаемся, кажуць, што гэта тое, што сёньня ня мае альтэрнатывы. Калі мы сёньня хочам зрабіць пляцоўку для таго, каб людзі выказалі сваю думку наконт таго, што адбываецца сёньня ў краіне і як ім выжываць. Я думаю, гэта першы крок. Зроблены першы — будзе і другі».

Сяргей Калякін

Сяргей Калякін

Старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін ня лічыць народныя сходы правальнымі. А тое, што яны малалікія, тлумачыць так:

«Таму што народ пра іх мала ведае і народ пакуль яшчэ не дапякло»

Карэспандэнтка: «Самі арганізатары скардзяцца, што партыйныя лідэры ня тое што іх не падтрымліваюць, а нават крытыкуюць…»

«Калі ня робіш, ня трэба крытыкаваць. Да прыкладу, наша партыя ўдзельнічала ў арганізацыі сходаў. І нічога тут няма надзвычайнага — ну, ня так удалося зрабіць, як марылася тым, хто гэта рабіў. Трэба проста працаваць, працаваць зь людзьмі. І людзі дасьпеюць. Проста ўмовы, у якіх мы сёньня працуем, яны не спрыяюць таму, каб людзі сёньня праяўлялі актыўнасьць».
XS
SM
MD
LG