Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзёньнік пісьменьніка: кумпякі з пап’е-машэ


Мой замежны прыяцель пэўны час не перакрочваў нашай мяжы. А тут зрабіў раптам візу, прыемна паглядзець: на беларускай мове, і прозьвішча консула гучыць самавіта — Глухоўскі. У амбасадзе разрэклямавалі, што мы зноў робімся краінай замкаў. Ён і сам ведаў пра нашыя руіны, але ж цяпер удалося нарэшце сёе-тое адбудаваць! Словам, мы выяжджаем аглядаць. Самы салодкі наш цымус, ясна, Мірскі замак.



Муляжы галяндак


Калі здаеш вопратку ў сутарэньнях замка, прыцягвае смачны пах аднекуль зьверху. Мы з прыяцелем з халоднага надвор’я, зь няблізкай дарогі, туды і памкнулі адразу. Замкавая рэстарацыя — гэта штосьці, як на беларусаў, нечаканае. Зараз пачнуць настойліва, як, скажам, у радзівілаўскія часы, завабліваць усярэдзіну паляўнічымі стравамі, наліўкамі! Але нас чакаў хвост чаргі зь безнадзейнасьцю ў вачах. Зазірнулі: хіба столікі чатыры. Адным словам, толькі пахі. Не, лепей час на агляд выкарыстаць, дзеля гэтага ж ехалі.
Мірскі замак сёньня

Мірскі замак сёньня

Замест абеду абмежаваліся сьлінкамі ў лёхах, дзе заваленыя парафінавай ежай сталы, кумпякі з пап’е-машэ на гаках, а ў былым вінным склепе пыльныя пустыя бутэлькі. Шыльдачкі папярэджвалі: рукамі не дакранацца. Было б да чаго…

Ядальная княская заля сустрэла холадам пустых начыньняў на доўгім стале, адгароджаным стужкай. Вялікія печы-галяндкі таксама ня грэлі: несапраўдныя, проста шафы з кафлі. Апошні варыянт — печачкі ў вежах, не падробка, закапцелыя, у адной нават дровы ляжалі, але наглядчыцы пазіралі строга, падсмажыць каўбаскі не прапаноўвалі.

Нарэшце рыцары


Так атрымалася, яшчэ ў школьныя гады я пабачыў нямала старой архітэктуры, таму хочацца бачыць больш аўтэнтычнае. Але, заўважаючы хібы, заўважаеш і сапраўднае. Словам, цэніш, што нарэшце зрабілі тое сэрца краіны, на якое выглядае менавіта Мірскі замак, возяць туды плоймы турыстаў, замежнікаў таксама.
Рыцар у вежы

Рыцар у вежы

Адначасова разумееш, што савецкі шкілет яшчэ доўга трымаць будзе ў сваіх чэпкіх абдоймах: рэстаўрацыя ў нас па-ранейшаму не майстэрства, будаўнічая спэцыяльнасьць, рамяство, ня болей. Тым ня менш, звонку аглядаеш дэкор пяці вежаў, у кожнай адметны, і гмах замкавы ўражвае напраўду. Нейк спакайней робіцца, хоць уласная школа рэстаўрацыі нам, «мужыкам-беларусам», яўна не пагражае.

Галоўнае, пацешылі рыцарскія латы: усё як у людзей нарэшце. Прычым стаялі рыцары ў розным месцах вельмі па-хатняму, зусім не выглядалі на замежную экзотыку. Пагляньце: нават паржавелыя часам, каб не ўзьнікала думак, што зробленыя нядаўна, скажам, у варшаўскай майстэрні (дзе набыў латы музэй, які ў гарадзенскім замку), паколькі, як вядома, старасьвецкія сёньня надта дарагія.

Што да ліфта, зусім ня ў рыцарскім стылі выкананага, то аматары гісторыі вельмі зьедліва яго ўспрымаюць. Але што абурацца: цяпер у астатняй Эўропе ліфты ў замках таксама здараюцца, залежыць ад гаспадара. А што да рыцараў, упэўнены: любы быў бы ня супраць такой магчымасьці нечаканай, паспрабуй у жалезе па паверхах пагойсаць...

Статуі


Ведаеце, перад замкам зрабілі цікавы ляндшафт, абгарадзілі ажурным плотам. Раней старыя дубы стаялі, цяпер нічога. Але штосьці просіцца. Не спрачаюся, статуі на фоне кантрасных вежаў — справа густу. Але я прапанаваў бы якраз менавіта кантраст: скажам, антычныя (іх любілі магнаты), як у раньнім фільме Гадара «Пагарда». Ім зрабілі сінія вочы, пафарбавалі валасы, бароды. Акцэнт несапраўднасьці. Фільм пра здымкі стужкі пра Адысея, там Мішэль Пікалі, Брыжыт Бардо і стары рэжысэр нямога кіно немец Франц Лянг пад сваім прозьвішчам і ў сваёй жа ўласьцівай ролі… Уласна, замак сёньня, апроч вонкавай сапраўднасьці, адпаведнасьці, унутры месцамі муляжны, часам кітчавы. Але гэта заўважна толькі для тых, хто прывык заўважаць.

«Дарога замкаў»


Пасьля гадзінаў у замку мы яшчэ больш згаладнелі. Але мястэчка не падрыхтавалася да мары любых палякаў, немцаў — да нашэсьця тысяч турыстаў. Нам, праўда, удалося ўбіцца ў невялікую карчомку перад замкам, каб нас там асьцюдзілі: палова мэню — гарачыя супы ды іншае, вядома ж, існуе толькі на паперы, астатняга трэба чакаць з гадзіну.

Кавярня «Рагнеда» на плошчы мёртва глядзела ў наш бок, прад’явіўшы на дзьвярах шматок паперы пра ўяўнае спэцмерапрыемства: за дзьвярыма было падазрона ціха. Апошняя надзея — шыльда з паркім кубкам кавы каля касьцёлу, з надпісам «Дарога замкаў». Някідкая камяніца нечакана паведаміла, што ёй ледзь не паўтышчы год. Што ж, мусім верыць. Усярэдзіне ў сутоньні, сьвятла не запальвалі, маўкліва сядзелі людзі з куфлямі. Каб пажаваць, чакаць трэба стандартную тут «з гадзіну», папярэдзілі нас, а сонца зьбіралася сядаць, у яго ўсё паводле раскладу. Што ж, бадай дахаты…

Дамейка


Прыпыніліся толькі на хвіліну каля касьцёлу. У савецкія часы, памятаю, стаяў напалову зьнішчаны, але недаразбураны. Яму дабудавалі з чырвонай цэглы квадратную вежу, яна нядрэнна спалучаецца з замкавымі.
Мірскі касьцёл

Мірскі касьцёл

127 гадоў таму Ігнат Дамейка наведаў родную Медзьвядку каля Міру. З Чылі ехаў праз Парыж. Ён зрабіў падрабязныя нататкі, пераклад выйшаў у «Беларускім кнігазборы». Запіс 10 жніўня 1884 году: «Назаўтра рана паехалі зь Лявонам у Мір, на магілу майго бацькі. Ён памёр напрадвесьні 1809 году і быў пахаваны каля парафіяльнага ўніяцкага касьцёлу, леваруч ад уваходу… Гэты фундаваны Радзівіламі касьцёл быў адданы схізматыкам, але поп празь ветлівасьць прыслаў дзячка з ключом, каб адчыніў нам. Сьціснулася маё сэрца, калі я заглянуў усярэдзіну; там нашых алтароў і сьвятых ужо і сьледу не было, з унутраных, як і вонкавых, сьценаў былі сарваныя каменныя табліцы з надпісамі».
Мой прыяцель Тоні Мэры ў Мірскім замку, дзе яму цалкам спадабалася. Калі перакладаць прозьвішча, то можна сказаць, што Тоні Весялун

Мой прыяцель Тоні Мэры ў Мірскім замку, дзе яму цалкам спадабалася. Калі перакладаць прозьвішча, то можна сказаць, што Тоні Весялун


Кніжны Мір


Мір дзеля пачатку выбраў некалі Караткевіч, каб распавесьці пра свайго Хрыста, што накіраваўся ў Гародню. Чытаем:

«…Вясною той, уначы, — а бачылі тое жыхары зь Міра, зь Нясьвіжа, і Слуцака, і Слоніма, усіх тых мясьцін і весяў, — з шыпам і сьвістам прамчаў па небе агнявы зьмій.

Бліжэй за ўсё бачылі яго мужыкі вёскі Ванячэ, што пад Мірам. Праляцела зьверху і ўніз, і наўскос і чабарохнулася за акаёмам. Здрыганулася зямля, шуганула нешта нейкае агнём, а потым даляцеў глухі ўдар».

Мы таксама на Гародню, куды ж яшчэ? Адно з прыяцелем усё зьдзіўляемся: няўжо цяжка зрабіць бізнэс на жаданьні галодных турыстаў пад’есьці гарачага каля Мірскага замку, як у адной рэкляме гаворыцца — «хутка і смачна»? Калі ласка: суп з грыбамі, налісьнікі з тым і з гэтым, дранікі, каўбаскі з грыля. Плюс настойкі мірскай, скажам.
Указальнік для турыстаў

Указальнік для турыстаў

Вядома ж спыняемся, але калі зноўку пачынаюцца наваградзкія пагоркі, каб распаліць вогнішча ў маляўнічым месцы, пакуль яшчэ апошнія промні ня зьніклі. Так, смажым свае каўбаскі з крамы, марым пра паляўнічую рэстарацыю, якую адкрыем у Міры…

Раптам штось з моцным гукам ценем пранеслася дзесь збоку, праўда значнага ўдару мы не пачулі, але штось так падазрона пляснулася. Мы паглядзелі пад ногі: вогнішча пагасла. Есьці рэзка расхацелася, размаўляць таксама, і мы амаль моўчкі ціхенька селі ў машыну. Сонца ўжо захілілася пагоркамі. Ці гарачая зямля там, дзе штось пляснулася? Няхай, калі гэта будзе новы пачатак вандроўкі таго Хрыста ў Гародню, а калі не, калі зусім не яго?..
XS
SM
MD
LG