Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніку праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесю Бяляцкаму на судовым працэсе, які ўзнаўляецца 16 лістапада, могуць выставіць новыя абвінавачаньні. Пра гэта сёньня заявіў на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску праваабаронца Ўладзімер Лабковіч. Ён лічыць, што да цяперашніх абвінавачаньняў могуць далучыць і артыкул 193.1 Крымінальнага кодэксу.

Артыкул 193.1 прадугледжвае пакараньне за дзейнасьць ад імя афіцыйна не зарэгістраванай у Беларусі грамадзкай арганізацыі. З гэтай нагоды Ўладзімер Лабковіч згадаў, што рэпрэсіі супраць "Вясны" пачаліся яшчэ ў лютым. Якраз тады Генэральная пракуратура Беларусі вынесла пісьмовае папярэджаньне Алесю Бяляцкаму за дзейнасьць ад імя афіцыйна не зарэгістраванай арганізацыі. А на мінулым паседжаньні ў справе Бяляцкага пракурор папрасіў перапынак, каб сфармуляваць новае абвінавачваньне — кажа Ўладзімер Лабковіч:

Уладзімер Лабковіч

Уладзімер Лабковіч

"Фактычна абсалютна відавочна, што справа аб ухіленьні ад падаткаў (асабліва ў буйных памерах) развалілася. Таму мы не выключаем, што дзеля замацаваньня сваёй пазыцыі і рэпрэсіяў супраць Алеся Бяляцкага і "Вясны" яму можа быць прад'яўлена дадатковае абвінавачаньне як раз па артыкуле 193.1. Усе экспэрты і назіральнікі, якія прысутнічалі на апошнім судовым паседжаньні, адзначалі — 90 працэнтаў таго, што гаварылася там, тычылася не так званых рахункаў Бяляцкага, а дзейнасьці праваабарончага цэнтру "Вясна". Таму падаецца верагодным, што дадатковым абвінавачаньнем і будзе артыкул 193.1".

Аднак, на думку міжнародных экспэртаў, наяўнасьць артыкула 193.1 не адпавядае міжнародным прававым стандартам, да якіх далучылася і Беларусь.

Пра гэта гаворыцца ў "Заключэньні аб адпаведнасьці артыкула 193.1 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь датычна правоў незарэгістраваных аб'яднаньняў міжнародным стандартам правоў чалавека". Заключэньне падрыхтавала і прыняла Эўрапейская камісія за дэмакратыю праз права, больш вядомая як Вэнэцыянская камісія. У гэтым дакумэнце, у прыватнасьці, адзначаецца, што такі артыкул "робіць дзейнасьць незарэгістраваных аб'яднаньняў па сутнасьці немагчымай, а значыць, па сутнасьці, абмяжоўвае права на свабоду асацыяцый".

"Ганебным" называе гэты артыкул кіраўнік грамадзкай кампаніі "СТОП 193.1!" Сяргей Лісічонак:

"Мы супольнымі намаганьнямі будзем выкарыстоўваць дадзенае Заключэньне дзеля вырашэньня праблемы з гэтым крымінальным артыкулам. Заключэньне сёньня будзе разасланае ў 10 асноўных органаў дзяржаўнай улады. Гэты тыя, хто прымае рашэньне аб адмене гэтага артыкула, хто можа прымаць яго ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй і тыя, хто можа ўплываць на тых, хто прымае рашэньні. Найперш маюцца на ўвазе Нацыянальны сход, прэзыдэнцкая адміністрацыя. Але таксама не забудзем і інфармацыйна-аналітычны цэнтар пры адміністрацыі, КДБ..."

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG