Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Я правяла ўжо другі Народны сход, а мяне яшчэ будуць судзіць за першы"


Ірына Яскевіч

Ірына Яскевіч

На Ірыну Яскевіч, арганізатарку Народных сходаў у Віцебску, міліцыянты склалі новы пратакол за акцыю 8 кастрычніка. У ранейшым пратаколе суд ня ўгледзеў складу правапарушэньня і разглядаць яго адмовіўся. Аднак у Кастрычніцкім РАУС настойваюць , што актывістка парушыла заканадаўства.

Новы пратакол ня дужа адрозьніваецца ад старога, заўважыла Ірына Яскевіч:

"Адзінае адрозьненьне — у прызнаньні таго, што 8 кастрычніка я праводзіла менавіта сход грамадзян, але ўсё адно напісалі, што тым самым парушыла закон пра правядзеньне масавых акцый. Тлумачыць, што сходы грамадзян не падпадаюць пад яго дзеяньне, я ўжо стамілася! Але ўжо другі раз напісала тлумачэньне, чаму вінаватай сябе не лічу. Буду даводзіць гэта і ў судзе. Дзіва, канечне: я правяла ўжо й другі Народны сход, а мяне яшчэ будуць судзіць за першы".

Судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Іна Грабоўская адмовілася судзіць спадарыню Яскевіч на падставе ранейшага пратаколу і адправіла яго "на дапрацоўку". Цяпер пратакол перапісалі і зноў падаюць матэрыялы ў суд.

Разам зь Ірынай Яскевіч будуць судзіць і Тацяну Севярынец — віцебская каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД была сакратаром на сходзе 8 кастрычніка. Пратакол, складзены на яе раней, таксама "дапрацавалі": згадалі, што актывістка ўжо другі раз прыцягваецца да адказнасьці за арганізацыю несанкцыянаваных акцый, а гэта пагражае больш сур’ёзным пакараньнем.
XS
SM
MD
LG