Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Бабруйск. На волі арганізатар кастрычніцкага Народнага сходу


Пасьля трох сутак адміністрацыйнага арышту выйшаў на волю старшыня бабруйскага аргкамітэту Народнага сходу беспартыйны Канстанцін Локцеў. Сход праходзіў 8 кастрычніка.

11 лістапада судзьдзя бабруйскага суду Натальля Шэгеда пакарала актывіста за арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемства і ўдзел у ім.

Сваё віны актывіст у судзе не прызнаў. Заявіў, што сход быў законным і праходзіў паводле закону "Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах". Пра тое, што яго асудзілі несправядліва, ён заявіў "Свабодзе" адразу, як вызваліўся з ізалятара часовага ўтрыманьня.

Локцеў: "Я ані каліва не шкадую, што ўдзельнічаў у арганізацыі Народнага сходу. Людзі, якія са мной сядзелі, падтрымлівалі мяне й казалі, што мерапрыемства такое неабходнае. Зразумела, што надалей неабходна больш карпатліва падыходзіць да яго арганізацыі. Раіцца болей зь юрыстамі. Хаця з улікам абстаноўкі ў краіне вінаватым могуць зрабіць любога за любое дзеяньне. Асудзіўшы нас, улада грамадзтву дала зразумелы сыгнал — "Сядзіце дома, нікуды не высоўвайцеся". Мы будзем высоўвацца!"

У ізалятары Канстанцін Локцеў быў у камэры зь яшчэ чатырма сядзельцамі. Як ён кажа, стаўленьне супрацоўнікаў вязьніцы да яго было карэктным.

Канстанцін Локцеў называе неадэкватным вырак, які судзьдзя Шэгеда вынесла актывістцы Аб’яднанай грамадзянскай партыі, таксама сябру аргкамітэту сходу, Галіне Сьмірновай. Ён зазначае, што не чакаў, каб жанчыну асудзілі за сход на пяць сутак арышту.

Галіну Сьмірнову асудзілі ў той жа дзень, што й Канстанціна Локцева, але на дзьве гадзіны пазьней. З суду яе завезьлі ў міліцыю, дзе перапісалі пратакол адміністрацыйнага правапарушэньня. Паводле яго, яна таксама арганізоўвала й праводзіла несанкцыянаванае мерапрыемства. У пратаколе, складзеным да суду, яе вінавацілі толькі ва ўдзеле ў Сходзе. На волю актывістка выйдзе 16 лістапада.

13 лістапада выйшаў на волю першы асуджаны за Народны сход актывіст АГП — Віктар Бузінаеў. Пад арыштам ён адседзеў дзесяць сутак.
XS
SM
MD
LG