Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сыход Кавалера


Бэрлюсконі і Лукашэнка ў Менску ў лістападзе 2009

Бэрлюсконі і Лукашэнка ў Менску ў лістападзе 2009

Пасьля гадзіннай гутаркі сам-насам з прэзыдэнтам Італіі Джорджа Напалітана прэм'ер-міністар Італіі Сільвіё Бэрлюсконі падаў у адстаўку. Скончылася амаль дваццацігадовае знаходжаньне ва ўладзе заснавальніка і нязьменнага лідэра найбуйнейшай італьянскай правацэнтрысцкай палітычнай партыі "Народ свабоды".

Былы кіраўнік італьянскага ўраду меў асобыя адносіны з Аляксандрам Лукашэнкам: Бэрлюсконі быў адзіным з кіраўнікоў краін Заходняй Эўропы, які ў апошнія гады наведаў Беларусь, сёлета Італія пярэчыла ўвядзеньню эканамічных санкцый адносна афіцыйнага Менску. Чым тлумачылася гэтае сяброўства? Цёплыя адносіны зьвязвалі Бэрлюсконі таксама з былым лібійскім лідэрам Муамарам Кадафі і з расейскім кіраўніком Уладзімерам Пуціным. А што зьвязвала яго з Лукашэнкам? На гэтае пытаньне мы папрасілі адказаць італьянскага журналіста Джавані Бэнсі.

Бэнсі: «У Бэрлюсконі не было ідэалёгіі, хаця ён увесь час казаў, што яго ідэалёгія - гэта ідэалёгія свабоды. Насамрэч яго ідэалёгія - гэта выгада. І ня столькі выгада для Італіі, колькі для яго асабіста. Ня варта забываць, што ён - буйны бізнэсовец, ён валодае трыма тэлекампаніямі, шэрагам газэт, сеткай крамаў.
Джавані Бэнсі

Джавані Бэнсі


Відавочна, што Бэрлюсконі лічыў, што больш выгадна мець стасункі з краінамі, у якіх свабода не асабліва назіраецца. У свабоднай краіне ёсьць крытыка, ёсьць асуджэньне дзеяньняў ураду.

Урад Бэрлюсконі меў шэраг характарыстык рэжыму. На гэты конт у Італіі была дыскусія, ці зьяўляецца ўлада Бэрлюсконі рэжымам. Пэўныя элемэнты гэтага безумоўна былі, і адсюль былі гэтыя сымпатыі да тых лідэраў, якія кіруюць сваімі краінамі жалезнай рукой. Зараз стаўленьне да рэжыму Лукашэнкі з боку ўраду Італіі зьменіцца.»

Італьянскі і заходні друк у цэлым шырока камэнтуюць сыход доўгажыхара італьянскай палітыкі.
З прэзыдэнтам Францыі Нікаля Сарказі

З прэзыдэнтам Францыі Нікаля Сарказі


Corriere della Sera, Італія


Ноч 12 лістапада 2011 увойдзе ў гісторыю італьянскіх палітычных традыцый як першая спантанная палітычная маніфэстацыя, арганізаваная перад прэзыдэнцкім палацам у выніку рассыланьня смс і заклікаў на Facebook.

Доўгая начная аблога натоўпам палаца Грацыёлі, рэзыдэнцыі італьянскага прэм'ера, адзначыла завяршэньне эры Сільвіё Бэрлюсконі.

Такога ніколі не здаралася за 20 гадоў кіраваньня Бэрлюсконі: людзі ладзяць маніфэстацыю, крычаць, скандуюць абразы ля сьцен палацу Кавалера. Да галоўнага ўваходу ляцяць манэты ў 10 і 20 цэнтаў. Сілы правапарадку дзейнічаюць з асьцярожнасьцю. Група маладых людзей перакрыла рух па адной з галоўных магістраляў сталіцы, цэнтар Рыму паралізаваны.

Усё пачалося каля палаца Монтэчыторыа, у якім засядае парлямэнт, і каля рэзыдэнцыі прэм'ера. У руках у маніфэстантаў плякаты: "Сыходзь!"," Дзякуй, прэзыдэнт". Чуюцца крыкі: "Адстаўка!". А плошча каля рэзыдэнцыі прэзыдэнта ператварылася ў вялікую палітычную арэну. Сярод удзельнікаў дзеі - пэнсіянэры, студэнты, дзеці на руках у бацькоў, турысты, загіпнатызаваныя спэктаклем. Гучаць жорсткія слоганы: «Кайданкі», «Сільвіё, пайшоў на ..." , "Блазан", паліцыя і карабінэры з цяжкасьцю стрымліваюць натоўп.

У 20:45 Бэрлюсконі пакінуў будынак праз бакавы выхад на вуліцу ХХ верасьня. Раней экс-прэм'еры заўсёды выходзілі з Квірынале праз парадную браму. Натоўп выбухнуў, у паветра паляцелі коркі ад шампанскага, пачуліся тосты , людзі сталі абдымацца і цалавацца, пасыпаліся белыя канфэці.
З прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным, 2004

З прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным, 2004


La Repubblica, Італія


Зараз, калі Сільвіё Бэрлюсконі перастаў быць прэм'ерам, ён ідзе насустрач судовым працэсам бяз "зорнага" шчыта.

Пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам уразьлівасьць Сільвіё Бэрлюсконі як абвінавачанага рэзка ўзрасла: залі судовых пасяджэньняў чакаюць яго. Да цяперашняга часу супраць былога прэм'ера распачатыя чатыры працэсы.

На адзін працэс, па справе аб ухіленьні ад падаткаў Mediaset у рамках апэрацый па куплі-продажы, пакуль можна забыцца. Найболей небясьпечнымі для іміджу і для кішэняў Кавалера зьяўляюцца тры іншых справы. Першым чынам, варта нагадаць аб абвінавачваньні ў подкупе сьведкі, ангельскага адваката Дэвіда Мілза. У той час як Мілз, прызнаны атрымальнікам хабару, ужо асуджаны, меркаваны давальнік хабару Бэрлюсконі, дзякуючы спэцыяльнаму закону, які дазваляе не зьяўляцца на судовыя паседжаньні па паважных "дзяржаўным" прычынах, можа пазьбегнуць пакараньня ў сувязі з заканчэньнем тэрміну даўніны злачынства.

Між тым як сьнежны камяк разрастаецца справа, якая - у першую чаргу для замежных назіральнікаў - спрыяла абрынаньню аўтарытэту Бэрлюсконі – Бунга-бунга. Яго абвінавачваюць у тым, што ён прымаў у сябе дома дзясяткі прастытутак, аплачваў сэксуальныя паслугі, па меншай меры, адной непаўналетняй, а менавіта Карым эль-Маруга, яна ж Рубі, у тым, што ён быў кліентам сыстэмы арганізаванай прастытуцыі. Гэта справа здольная нанесьці Кавалеру сакрушальны ўдар.

Сільвіё Бэрлюсконі страціў імунітэт. Цяпер, калі ён ня зьявіцца на пасяджэньне, ён робіцца завочна асуджаным. Іншымі словамі, пазбавіўшыся "асабістага" шчыта, экс-прэм'ер больш ня можа адкладаць да бясконца судовыя разгляды і рызыкуе страціць ня толькі тое, што засталося ад яго былога аўтарытэту, але яшчэ і кучу грошай, і яму гэта вядома.
З прэзыдэнтам Расеі Дзьмітрыем Мядзьведзевым

З прэзыдэнтам Расеі Дзьмітрыем Мядзьведзевым


La Repubblica, Італія


Сільвіё Бэрлюсконі будаваў свой імідж, грунтуючыся на амэрыканскай мадэлі. Многія амэрыканцы перакананыя, што з зыходам трэцяга ўраду Бэрлюсконі скончыцца і сам фэномэн Бэрлюсконі. Але амэрыканцы не разумеюць, што Бэрлюсконі - постаць у значнай ступені сучасная, нават постмадэрнісцкая.

Грунтуючыся збольшага на амэрыканскіх мадэлях (пачынаючы з футбольнага клюбу «Мілан» і заканчваючы яго тэлеканаламі), Бэрлюсконі ўзяў элемэнты новай антыпалітыкі (Рональд Рэйган і Рос Пяро), культу знакамітасьці і посьпеху палітыка як чалавека сьвету відовішчаў (Рэйган і Шварцэнэгер) і злучыў усё гэта з мэдыйнай машынай ваеннага тыпу (як у Рупэрта Мэрдака) Бэрлюсконі стварыў новую гібрыдную постаць, якая камбінуе ўсе гэтыя элемэнты з жорсткай уладай, і стаў першым кіраўніком урада зь ліку вялікіх мэдыйных магнатаў.

Бэрлюсконі быў выдатным палітыкам для постідэалягічнага сьвету. Скарыстаўшыся стомленасьцю ад старых ідэалёгій ХХ стагодзьдзя - у Італіі гэта каталіцызм і камунізм - ён стварыў чыста індывідуалістычнае і матэрыялістычнае бачаньне, абапіраючыся, у пэўнай ступені, на сваё тэлебачаньне.

Замежныя аглядальнікі думаюць, што з сыходам з ураду Бэрлюсконі эканамічная сытуацыя ў краіне адразу выправіцца. Калі б усё было так проста! Структурныя праблемы эканомікі былі відавочныя для ўсіх. Бэрлюсконі абяцаў іх вырашыць, але абяцаньні і рэформы не рэалізаваў. Апошнія 17 гадоў непазьбежна будуць называць эпохай Берлусконі, і гэтыя гады завяршыліся правалам на вачах усяго сьвету. Вялікі экспэрымэнт палітыкі як спэктаклю аказаўся ілюзіяй. З Муамарам Кадафі

З Муамарам Кадафі


"Le Point", Францыя


Былы старшыня італьянскага ўраду Сільвіё Бэрлюсконі, які пакінуў гэты пост у суботу, праславіўся дзякуючы сваім сьвядомым ці несьвядомым слоўным ляпам. Вось самыя наглядныя прыклады:

Люты 2002: мір аблятае фота Бэрлюсконі, на якім ён стаіць ззаду міністра замежных спраў Іспаніі Хасэпа Піке з выразным жэстам «каза».

Ліпень 2005: кажа, што скарыстаўся "ўсімі талентамі плэйбоя", каб пераканаць прэзыдэнта Фінляндыі Тар'ю Халанен адмовіцца ад кандыдатуры Гэльсінкі на карысьць Пармы ў якасці штаб-кватэры Эўрапейскага ўпраўленьня па бясьпецы харчовых прадуктаў.

Сьнежань 2005: Бэрлюсконі сьцьвярджае, што расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін - «заўзяты антыкамуніст» і «перажыў Сталінградзкую бітву».
З Аляксандрам Лукашэнкам

З Аляксандрам Лукашэнкам

Сакавік 2006 г: кажа, што ў Кітаі ў часы Мао «дзяцей варылі і пускалі на ўгнаеньні».

Травень 2008: называе новы гішпанскі ўрад, які складаецца з 9 жанчын і 8 мужчын, «занадта ружовым».

Лістапад 2008: называе Барака Абаму «маладым, прыгожым і загарэлым". Пры прыбыцьці на саміт канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель Бэрлюсконі хаваецца за калёнай, каб яе «напалохаць».

Студзень 2009: заяўляе, што ў Італіі «столькі прыгожых дзяўчат», што згвалтаваньня «ніколі» ня выкараніць.

Вясна 2009: прапануе студэнтцы, якая жыве ў галечы, выйсьці замуж за мільянэра.

Красавік 2009: просіць, тых, хто выжыў пасьля землятрусу ў Аквіле і быў пераселены ў намёты, «успрымаць тое, што адбываецца, як выхадныя ў кэмпінгу на прыродзе».

Лістапад 2009: пагражае «задушыць» аўтараў фільмаў і кніг аб італьянскай мафіі, таму што яны ствараюць «дрэнны вобраз Італіі ў сьвеце».

Кастрычнік 2010: іранізуе над апазыцыяй, якая жадае адправіць яго «дадому», таму што ня ведае, у які менавіта з 20 дамоў яму ісьці.

Лістапад 2010: у разгар сэкс-скандалу з удзелам непаўналетняй мараканкі Рубі заяўляе, што «лепш кахаць прыгожых жанчын, чым быць гомасэксуалістам».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG