Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сьпіс неўязных могуць трапіць Мясьніковіч, Сямашка і Рачкоўскі

абноўлена

Эўразьвяз можа дадаць у сьпіс неўязных беларускіх чыноўнікаў прэм'ер-міністра Міхаіла Мясьніковіча, яго намесьніка Ўладзіміра Сямашку і старшыню Дзяржаўнага памежнага камітэту Ігара Рачкоўскага.

Пра гэта паведамляе брусэльскае інтэрнэт-выданьне EUobserver са спасылкай на крыніцу ў эўрапейскіх дыпляматычных колах.

Мясьніковіч, Сямашка і Рачкоўскі могуць быць унесеныя ў сьпіс як асобы, "наўпрост датычныя да схемаў асабістага ўзбагачэньня Лукашэнкі".

EUobserver нагадвае, што ў сьпісе асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЭЗ, ужо 245 прозьвішчаў. "І ўсё яшчэ ёсьць шмат людзей, каб іх туды ўносіць. Кіраўнікі місіяў у Менску стала дасылаюць у Брусэль сьпісы. Новыя імёны могуць зьявіцца ў сьпісе ў бліжэйшыя некалькі дзён ці тыдняў", — сказала крыніца EUobserver.

Каго яшчэ вы прапанавалі б уключыць у сьпіс неўязных на тэрыторыю Эўразьвязу?


Старшыня БХК Алег Гулак:

Алег Гулак
Алег Гулак
"На жаль, цяпер у Беларусі надта шмат чыноўнікаў, якія спрычыняюцца да сур'ёзнага парушэньня правоў чалавека. Канечне, важна мець нейкія магчымасьці ўплываць на гэтую праблему. Якія магчымасьці — гэта таксама вялікае пытаньне. Візавая санкцыя, як любая санкцыя, мае сэнс, калі гэта такая рэч выключная. Калі бальшыня беларускіх чыноўнікаў будзе пад санкцыямі, то тады гэтыя санкцыі губляюць таксама сэнс. Гэта таксама трэба ўлічваць. Калі яны становяцца звычайнай справай, гэта ўжо не палохае, гэта ўжо не інструмэнт уплыву".


Праваабаронца Тацяна Равяка:

Тацяна Равяка
Тацяна Равяка
"Я зацікаўленая ў выніку справы Алеся Бяляцкага. Вядома, у выпадку ягонага асуджэньня павінна быць пэўная рэакцыя адносна тых людзей, якія будуць спрыяць яго знаходжаньню за кратамі. Найперш гэта судзьдзя, пракурор. Таксама сьледчая група, якая рыхтавала гэтыя дакумэнты да суду. Гэта маё зацікаўленае меркаваньне. І, канечне, пакуль можна спадзявацца, што суд будзе справядлівы і вынесе справядлівае рашэньне А калі гэтага не адбудзецца, то ў нас унутры краіны няма іншых інструмэнтаў уплыву на дзяржчыноўнікаў. І, канечне, тады мы будзем чакаць адпаведнай рэакцыі".


Праваабаронца Алег Воўчак прапануе павялічваць гэты сьпіс:

Алег Воўчак
Алег Воўчак
"Гэта вельмі моцны маральны аспэкт ціску на чыноўнікаў і на іх сем'і. Да прыкладу, многія, хто трапіў у сьпіс, ня езьдзілі адпачываць на курорты, у тым ліку і іх сем'і. Уявіце, як патлумачыць дзіцяці, чаму мама ці тата ня можа паехаць. Таму гэта эфэктыўна. Я ведаю, што група грамадзянаў зьбіраецца падаць вялікі сьпіс судзьдзяў і пракурораў, якія цягам 15-ці гадоў валакіцілі справы, недзе з парушэньнямі. Я буду падтрымліваць гэты сьпіс. Што да Мясьніковіча, то праз Савет міністраў уносіліся папраўкі ў законы аб грамадзкіх арганізацыях, партыях, аб масавых мерапрыемствах. І ён павінен несьці адказнасьць. Яшчэ варта дадаць у сьпіс усіх 110 дэпутатаў і сяброў Канстытуцыйнага суду. І ня трэба баяцца, што тады Беларусь будзе мець самы вялікі сьпіс, выйдзе на першае месца. Бо самы вялікі падобны сьпіс мае адна з афрыканскіх краінаў. Ва ўсякім разе, такі грамадзкі трыбунал адносна гэтых асобаў — гэта тое, што мы можам зрабіць".



Палітычнае рашэньне пра размарозку візавых і эканамічных санкцыяў у дачыненьні да Беларусі было прынята Радай ЭЗ 31 студзеня ў Брусэлі, калі міністры замежных спраў краін Эўразьвязу зацьвердзілі сьпіс беларускіх чыноўнікаў, адказных за парушэньні правоў чалавека падчас прэзыдэнцкай кампаніі. Гэтым асобам забаронена наведваць тэрыторыю ЭЗ, а іх рахункі і маёмасьць у краінах ЭЗ павінны быць замарожаныя. Першапачаткова ў сьпісе было 158 імёнаў. Пасьля Рада ЭЗ неаднаразова пашырала гэты сьпіс.

Апошні раз візавы сьпіс пашыраўся 20 ліпеня. У яго былі дададзеныя судзьдзі і пракуроры — удзельнікі працэсаў па справе аб масавых беспарадках 19 сьнежня, а таксама бізнэсовец Уладзімір Пефціеў. Ён фігуруе ў сьпісе як "асоба, зьвязаная з прэзыдэнтам Лукашэнкам і яго сям'ёй". "Галоўны эканамічны дарадца прэзыдэнта Лукашэнкі і ключавы фінансавы спонсар рэжыму Лукашэнкі. Старшыня рады акцыянэраў "Белтэхэкспарту", найбуйнейшай у Беларусі кампаніі імпарту-экспарту ўзбраеньняў", — адзначаюць у ЭЗ. Санкцыі таксама былі накладзеныя на тры беларускія кампаніі, падкантрольныя Пефціеву, — "Белтэхэкспарт", "Спорт-пары" і "БТ Тэлекамунікацыі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG