Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Бабруйск: На волі арганізатар кастрычніцкага Народнага сходу Віктар Бузінаеў


Віктар Бузінаеў

Віктар Бузінаеў

Пасьля дзесяці сутак адміністрацыйнага арышту выйшаў на волю старшыня Бабруйскай гарадзкой арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Віктар Бузінаеў, сябра мясцовага аргкамітэту Народнага сходу, які праходзіў 8 кастрычніка. За яго арганізацыю і правядзеньне партыйца і пакаралі. 3 лістапада судзьдзя бабруйскага суду Натальля Шэгеда прызнала яго вінаватым у парушэньні закону “Аб масавых мерапрыемствах”.

Адразу па вызваленьні Віктар Бузінаеў паведаміў “Свабодзе”, што яго арышт -- спроба ўладаў запалохаць актыўных грамадзян. Партыец заявіў, што ад арганізацыі Народных сходаў ён не адмаўляецца:

“Арышт не паўплываў на маю актыўнасьць. Сход, які плянаваўся на 12 лістапада, мы правядзём. Пратэстныя настроі ў грамадзтве растуць, і ўлады баяцца іскры ад якой народ уздымецца, таму й такая жорсткая рэакцыя ўладаў на актыўнасьць грамадзян. Нават у ізалятары мне казалі пра сходы й гатоўнасьць удзельнічаць у іх.

У Бабруйску дужа актыўна жанчыны ўдзельнічалі ў арганізацыі кастрычніцкага Народнага сходу, таму ўсьлед за мной і пасадзілі маю каляжанку Галіну Сьмірнову. Зноў жа – гэта запалохваньне, якое наўрад ці дапаможа ўладзе лякалізаваць на кухнях людзкую незадаволенасьць”.

Віктар Бузінаеў мае намер абскардзіць прысуд Шэгеды, праўда не спадзяецца на станоўчы для сябе вынік. Паводле партыйца ў ізалятары пасьля яго агітацыі некалькі нявольнікаў напісалі заявы на ўступленьне ў Аб’яднаную грамадзянскую партыю.

У Бабруйскім ізалятары часовага ўтрыманьня застаюцца яшчэ двое арганізатараў кастрычніцкага Народнага сходу. Усё тая ж судзьдзя Натальля Шэгеда 11 лістапада пакарала на пяць сутак арышту актывістку АГП Галіну Сьмірнову і беспартыйнага старшыню аргкамітэту сходу Канстанціна Локцева. Абодва актывісты прызнаныя вінаватымі ў арганізацыі і ўдзеле 8 кастрычніка ў несанкцыянаваным мерапрыемстве.
XS
SM
MD
LG