Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Адзінае пытаньне, якое стаіць сёньня – гэта зьмена палітычнага рэжыму"


Як можна ацаніць выніковасьць кампаніі Народны Сход? Чаму так і не адбылася гарачая восень, чаму незадаволеныя сваім становішчам людзі не выходзяць на акцыі пратэсту? Якую тактыку і стратэгію варта абраць апазыцыі ва ўмовах пэўнай апатыі насельніцтва? Гэтыя ды іншыя пытаньні абмяркоўваюць палітычны аглядальнік газэты "Белорусы і рынок" Паўлюк Быкоўскі і палітоляг Уладзімер Мацкевіч. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Паўлюк Быкоўскі

Паўлюк Быкоўскі

Уладзімер Мацкевіч

Уладзімер Мацкевіч

Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў


Цыганкоў: Як можна ацаніць другі раўнд кампаніі Народны сход, які прайшоў сёньня ў Беларусі? Ці магчыма заяўляць, што акцыя зьведала правал, паколькі літаральна толькі дзясяткі людзей вырашылі ўзяць у ёй удзел? Ці можна спаслацца на словы Івашкевіча, што галоўнае – гэта аб'яднаньне людзей, гатовых змагацца за свае правы, і таму Народны Сход нельга ацэньваць толькі паводле колькасьці людзей, што выйшлі сёньня на плошчы беларускіх гарадоў?

"Я ня вельмі разумею, у чым быў сэнс гэтых Народных Сходаў"


Мацкевіч: Любое дзеяньне трэба ацэньваць ня толькі паводле мэты, якая ставілася, але і паводле тэхналёгіі яе дасягненьня, і галоўнае – па выніках. Таму добрая мэта, абвешчаная Івашевічам, мае цалкам неадпаведныя сытуацыі і настроям людзей сродкі выкананьня. Таму вынік гаворыць сам за сябе.

Быкоўскі: Вельмі важна займацца нейкімі практыкаваньнямі, каб зьяўляліся мускулы. Гэтым займаецца кожны спартовец, але вынік ягонай падрыхтоўкі ацэньваецца ўсё ж па тым, які ён выдаў вынік на спаборніцтвах.

У дадзеным выпадку мы пакуль ня можам зазначыць, што быў вялікі эфэкт ад кампаніі Народнага Сходу. Асабіста я як журналіст ведаў пра падрыхтоўку да Народнага Сходу толькі ад таго, што кагосьці затрымлівалі, а не з таго, што былі аб'яўлены нейкія новыя ідэі ці зьявіліся ўлёткі. Я ня бачыў улётак, я ня чуў размоваў – грамадзтва асабліва не заўважыла падрыхтоўку да Народнага Сходу.

Можна казаць, што інфармацыйная частка кампаніі была ня вельмі пераканаўчай. І калі немагчыма паўплываць на грамадзтва такой інфармацыйнай кампаніяй, то я ня вельмі разумею, у чым быў сэнс гэтых Народных Сходаў. Усе гэтыя сцэнары мне падаюцца вельмі абстрактнымі для шырокага кола жыхароў Беларусі – не зусім зразумела, навошта гэта адбываецца, і якім мусіць быць вынік.

"Тыя лёзунгі, якія выносяць на Народны Сход, цалкам архаічныя"


Цыганкоў: Віктар Івашкевіч, калі камэнтаваў крытычныя выказваньні, што гучалі на адрас ініцыятараў Народнага Сходу, гаварыў, што ніхто не прапануе лепшай альтэрнатывы. Маўляў, трэба нешта рабіць, бо ніхто іншы нічога ня робіць. Уладзімер, што магло б стаць лепшай ініцыятывай?

Мацкевіч: Вымушаны сказаць, што Івашкевіч хлусіць пра адсутнасьць прапановаў. Ён проста хоча чуць толькі адно – "ісьці на Сход ці не". Ён ня чуе нічога, што не ўкладаецца ў ягоную вузкую разьвілку прапановаў, не ідзе на размовы зь іншымі людзьмі,акрамя сваіх аднадумцаў. Здаецца, ён кіруецца ўяўленьнямі канца 80-х гадоў, па-ранейшаму лічыць, што асноўнай сілай пераменаў зьяўляецца пралетарыят, рабочая кляса, не разумеючы, што сацыяльная сытуацыя даўно зьмянілася.

Цяпер галоўнай сілай, якая вырашае вынікі грамадзкага разьвіцьця, зьяўляецца сярэдняя кляса, прадпрымальнікі, інтэлігенцыя, студэнты. А да іх у Народнага Сходу няма ніякіх прапановаў, мэсіджаў. Тыя лёзунгі, якія выносяць на Народны Сход, цалкам архаічныя, не адпавядаюць новым умовам.

Цыганкоў: Але вось заплянаваная акцыя "Стоп-бэнзін" для сярэдняй клясы не адбылася. Маўклівыя акцыі пратэсту, ня якія хадзілі зусім не рабочыя, таксама ўжо не адбываюцца. Можа, проста зараз людзі не адгукаюцца нават на самыя прывабныя лёзунгі для сярэдняй клясы?

Мацкевіч: Першая акцыя "Стоп-бэнзін" была досыць масавай і пасьпяховай. Але там не было ніякай наступнай мэты і наступных крокаў. Людзі выказалі сваё абурэньне падвышэньнем цэнаў і ўсё. Ім няма часу і матывацыі далей хадзіць на безвыніковыя акцыі. Пратэст выказаны – і трэба неяк вырашаць яго.

Варта зьвярнуць увагу на тое, як Лукашэнка рэзка перапыніў вельмі баязьлівыя і асьцярожныя крокі ўраду на нейкія рынкавыя захады. Перапыніў, паказваючы, што на сёньняшні дзень ніхто, нават высокія чыноўнікі, ня мае права прапанаваць няхай нават самыя сьціплыя крокі для зьмены сытуацыі.

Таму адзінае пытаньне, якое стаіць сёньня ў парадку дня – гэта зьмена сёньняшняга палітычнага рэжыму. Але ж у нас сёньня няма сілы, якая здольная паставіць гэтае пытаньне перад усім грамадзтвам і паставіць рэжым перад фактам. Пра тое, як сабраць гэтыя сілы і рэсурсы, мы спрачаліся з Івашкевічам вясной. Мы прапанавалі адзіную стратэгію складаньня гэтай сілы, гэта "Стратэгія 2012", і на сёньня ніякіх іншых разумных рацыянальных прапановаў няма.

"Калі апазыцыя выступіць як патрэбная грамадзтву сіла, тады яна можа перахапіць ініцыятыву"


Цыганкоў: Сапраўды, гэтая восень не аказалася гарачай. Спыніліся маўклівыя акцыі, стоп-бэнзін, і кампанія Народны Сход, як выглядае, не сабрала масавых удзельнікаў. Што ў такіх умовах, калі грамадзтва ня вельмі жадае публічна выказваць сваю незадаволенасьць, варта рабіць апазыцыі?

Быкоўскі: Найперш варта сабрацца разам і знайсьці нейкую агульную ідэю, якая б дазволіла выйсьці да насельніцтва агульным фронтам і паказаць насельніцтву, за што варта змагацца. Бо, з аднаго боку, на прэзыдэнцкіх выбарах было шмат кандыдатаў, шмат варыянтаў для грамадзянаў, каго падтрымліваць, і не было магчымасьці казаць, што нехта з кандыдатаў адзіны прадстаўляе альтэрнатыву Лукашэнку. Сёньня таксама ніхто з палітыкаў з апазыцыі ня выконвае гэтую функцыю, ніводная палітычная сіла не ўзяла ад таго рэйтынгу, які пачаў губляць Лукашэнка, і таму ніхто зь іх не выступае як адзіны прадстаўнік ад апазыцыі.

Бяз гэтага, на маю думку, ані Народны Сход, ані іншыя акцыі ня здольныя падасца цікавымі шырокім масам, бо яны ня бачаць, што за гэтымі арганізацыямі стаіць, і які будзе вынік усяго гэтага.

Разам з тым, вядома ёсьць пэўнае прывыканьне да зьніжэньня ўзроўню жыцьця, але відаць, ёсьць парогі, праз якія цяжка будзе пераступіць. Адным з такіх напэўна стане падвышэньне коштаў на камунальныя паслугі. Мы яшчэ не атрымалі тыя "жыроўкі", у якіх будуць зусім іншыя лічбы – вось тады, магчыма, настроі ў грамадзтве стануць больш радыкальнымі.

Я ня ўпэўнены, што апазыцыя здолее ўзначаліць усе тыя рухі грамадзтва, якія будуць узьнікаць у гэтай сувязі. Але яна можа выступіць пэўным мадэратарам гэтых настрояў, дапамагчы ў арганізацыі акцыяў. Калі апазыцыя выступіць як патрэбная грамадзтву сіла, тады яна можа перахапіць ініцыятыву
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG