Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Перад пачаткам Народнага сходу людзі ў цывільным затрымалі Віктара Івашкевіча і Вінцука Вячорку. Пасьля таго як удзельнікі акцыі разышліся, палітыкаў адпусьцілі без складаньня пратаколу.

Яшчэ на падыходах да месца збору быў затрыманы сустаршыня аргкамітэту народных сходаў Віктар Івашкевіч. Тры гадзіны ён правёў у пастарунку, як патлумачылі міліцыянты, дзеля высьвятленьня асобы. Пасьля вызваленьня Віктар Івашкевіч распавёў:

Віктар Івашкевіч

Віктар Івашкевіч

"Правёў сход у РУУС, раздаў там некалькі экзэмпляраў "Народнай волі". Не атрымалася з тымі людзьмі, якія сабраліся на Бангалоры, атрымалася з тымі некалькімі работнікамі міліцыі. Мы заклікалі тых, хто прыйшоў мінулы раз, прыйсьці і даведацца пра рэакцыю ўладаў. Узялі з сабой "Народную волю", дзе ёсьць артыкул пра Народны сход, як форму самаарганізацыі грамадзянаў, з мэтай раздаць людзям. І праводзіць сходы па сваіх дварах, дамах. Мне, Вячорку гэта непасрэдна рабіць ня далі. Ну, былі іншыя людзі".

Пасьля 15-ай гадзіны быў вызвалены Вінцук Вячорка, якога затрымалі каля "Макдональдсу", дзе ён даваў інтэрвію:

Вінцук Вячорка

Вінцук Вячорка

"Літаральна пасярод гаворкі два чалавекі ў чорным падхапілі мяне і са словамі "шіре шаг", павалаклі, задаючы ўсялякія пытаньні. Я патрабаваў ад іх назвацца, паказаць пасьведчаньне. Яны мяне пасадзілі у сумнавядомы "бусік", там адзін зь іх паказаў мне пасьведчаньне, асабістая старонка якога была чамусьці закрытая даляравай купюрай. Яны доўга кружлялі па суседніх з Бангалорам кварталах, чакаючы нейкіх распараджэньняў. А потым завезьлі мяне ў гарадзкое аддзяленьне міліцыі ў Чыжоўцы, дзе я прабыў гэты час".

Спадара Вячорку выпусьцілі, не складаючы пратаколу. Ён мяркуе, што ўлады імкнуліся такім чынам нэўтралізаваць любы арганізаваны пачатак Народнага сходу.

"Я ж з гэтымі амонаўцамі ў сінім бусіку аб'ехаў увесь квартал парку Дружбы народаў. Літаральна ўсе яго флянгі былі ашчаціненыя аўтобусамі, спцэцмашынамі, буйнафарматнымі людзьмі пагрозьлівага выгляду. Ясна, што гэта была адначасова акцыя застрашваньня і нэўтралізацыі арганізаванага пачатку. Як бы грэбліва яны не адгукаліся, тым ня менш улады баяцца вось такога стварэньня магчымасьці гаварыць пра свае беды звычайным людзям. Гэта не звычайная апазыцыйная палітычная акцыя, а гэта спроба даць трыбуну чалавеку зь яго штодзённымі эканамічнымі праблемамі. І ўлады гэтага рэальна баяцца".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG