Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

В.Івашкевіч: Задача – ствараць гарызантальныя сувязі ў грамадзтве


Арганізатары кампаніі народных сходаў, нягледзячы на рэпрэсіі з боку ўладаў, зьбіраюцца 12 лістапада, зноў правесьці акцыю. Напярэдадні акцыі мы пагаварылі з сустаршынём аргкамітэту народных сходаў Віктарам Івашкевічам.

Соўсь: У чым будзе адметнасьць народных сходаў заўтра ў параўнаньні з 8 кастрычніка?

Івашкевіч: Адметнасьць будзе ў тым, што ніхто не чакае, што тут вываляць сотні тысяч людзей і за адзін дзень зробяць рэвалюцыю. Людзі прыйдуць на сходы, мы паведамім ім вынікі зваротаў у Саўмін і заклічам людзей пачынаць арганізоўваць сходы па месцы жыхарства, у сваіх дамах-дварах. Хачу падкрэсьліць, што сходы - гэта не акцыя пратэсту. Гэта падрыхтоўка людзей да таго, каб яны пачалі рыхтаваць акцыі пратэсту. гэта сродак камунікацыі паміж людзьмі. Гэтая кампанія павінна працягвацца нейкі час, каб стварыць структуры па Беларусі, якія будуць рыхтаваць масавыя акцыі ў будучыні.

Соўсь: Сёньняшняя плянаваная акцыя “Стоп-бэнзін” не адбылася, маўклівыя акцыі паціху скончыліся. Ранейшыя акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі заканчваліся затрыманьнямі ўсіх удельнікаў. Народныя сходы таксама ня сталі масавымі, арганізатары зазнаюць перасьлед. Як працаваць дэмакратычным сілам у такіх умовах? Чакаць, рабіць хаця б нешта, станавіцца новымі палітвязьнямі?

Івашкевіч: Пры любой форме трэба шукаць спосабы наладжваньня сувязяў паміж людзьмі. На сёньняшні дзень праблема - у тым ліку і масавасьці народных сходаў - была ў тым, што быў аргкамітэт, які праз сродкі інфармацыі зьвяртаўся да людзей, да кожнага паасобку. І кожны паасобку чалавек вырашаў, ісьці яму ці не ісьці. А калі б людзі былі згуртаваныя - хоць бы 10 чалавек на дом, адзін аднаго ведалі і дамовіліся ісьці разам, ці там па прадпрыемствах, мікрараёнах -то я перакананы, што нашмат актыўней людзі ўдзельнічалі б у адстойваньні сваіх правоў. Цяпер трэба наладжваць усе гэтыя гарызантальныя сувязі, каб ствараліся суполкі людзей, знаёмых паміж сабою, якія вырашылі неяк разам бараніць свае правы. Любыя формы такой самаарганізацыі - каб людзі гуртаваліся ў нейкія аб'яднаньні - трэба такія формы шукаць і спрыяць, вось галоўная задача апазыцыянэраў.

Соўсь: Анатоль Лябедзька па выхадзе зь СІЗА КДБ даў такую ацэнку сытуацыі: “Сёньня для ўлады і апазыцыі – руіны”. І праўда, дагэтуль -- руіны?

Івашкевіч: Я ня думаю, што тут руіны. Адбыліся выпрабаваньні, а любыя выпрабаваньні, як урэшце і любы крызіс - яны прымушаюць да нейкага аздараўленьня, да нейкіх новых крокаў. Натуральна, што пры гэтым нешта аджылае адмірае, нехта не вытрымлівае гэтыя выпрабаваньні. Для таго яны і даюцца, каб нехта вытрымліваў і йшоў наперад, а нехта быў уяўным лідэрам, каб уяўнасьць яго лідэрства рабілася відавочнай для ўсіх. Так што якраз, можа быць, старая апазыцыя цяпер у руінах. Але на гэтых руінах адбываецца гуртаваньне людзей, якія рэальна гатовыя актыўна працаваць з грамадзтвам. І сярод гэтых людзей ёсьць аптымізм для дзеяньня, бо яны ўпершыню за апошнія 15 гадоў адчуваюць кантакт з грамадзтвам, адчуваюць, што яны ня меншасьць, а якраз большасьць, што большасьць людзей - за іх. І хаця на сёньняшні дзень пасіўна, але гэтая сымпатыя адчуваецца, у тым ліку і падчас падрыхтоўкі народных сходаў.
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG