Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Аляксандар Лукашэнка незадаволены ўрадам?


Кіраўнік дзяржавы на нарадзе ў чацьвер жорстка раскрытыкаваў дзеяньні ўраду. Ці можна лічыць гэта піяр-акцыяй? Чаму Аляксандар Лукашэнка нэгатыўна ўспрымае прарынкавыя падыходы ўраду? Чым можа скончыцца крытыка ўрадавага курсу?

Удзельнікі: былы міністар працы Беларусі Аляксандар Сасноў і журналіст Анатоль Гуляеў.

Аляксандар Сасноў
Анатоль Гуляеў
Валер Карбалевіч

Ці можна лічыць гэта піар-акцыяй?


Валер Карбалевіч: «Шмат хто разглядае крытыку Лукашэнкам ураду як танную піяр-акцыю. 17 гадоў кіраўнік дзяржавы ўдала рэалізоўваў папулярную сярод насельніцтва схему: цар добры, баяры дрэнныя. Ва ўсіх бедах ён вінаваціў чыноўнікаў, дырэктарат, урад, заўсёды ўдала знаходзіў ахвярных казлоў. Ці сапраўды гэта была піяр-акцыя дзеля падвышэньня папулярнасьці сярод электарату? Калі так, то ці працуюць такія мэтады цяпер?»

Аляксандр Сасноў: «Лукашэнка ніколі ня быў рыначнікам. Ён як быў камуністам, так ім і застаўся. І рынкавыя захады ён успрымае толькі ў той меры, у якой гэта неабходна, калі інакш нельга.

Зразумела, у нейкай ступені можна разглядаць выступ Лукашэнкі як піяр-акцыю. Калі ў краіне сытуацыя пагоршае, ён скажа: „Я ж гаварыў…“. То бок — гэта ўрад дрэнны, а я застаюся белы і пушысты».

Анатоль Гуляеў: «У гэтым выступе было і адно, і другое, і трэцяе. Зразумела, гэта была і піяр-акцыя, падрыхтоўка да таго, каб назваць вінаватых у сацыяльна-эканамічных праблемах.

Але я ня згодны зь меркаваньнем сп. Саснова наконт камуністычнага сьветапогляду Лукашэнкі. У ягоным сьветапоглядзе намяшана і ад камуністычнай, і ад капіталістычнай, і ад іншых ідэалёгій. Узгадваю, калі Лукашэнка быў дырэктарам саўгасу, стала модна быць фэрмэрам, ён аб’явіў сябе фэрмэрам. Я яму казаў тады, што як жа так: уласнасьць на зямлю — дзяржаўная, якое ж фэрмэрства? Ён адказваў: што ты чапляесься за назву, абы на карысьць справе. Дык ён і цяпер дзейнічае па гэтай схеме. Толькі справа цяпер у яго іншая: захаваньне ўлады.

Таму калісьці Лукашэнка памяняе гэты ўрад. Іншая справа, што мяняюцца ўяўленьні чыноўнікаў, якія працуюць ва ўладзе. Нядаўна я размаўляў з адным важным чыноўнікам ураду, якога ведаў як чалавека з рынкавымі поглядамі. Але цяпер ён мне сказаў, што ў нашай краіне магчымае толькі ручное кіраваньне».

Чаму Лукашэнка крытыкуе прарынкавыя падыходы ўраду?


Карбалевіч: «На наступны год урад і Нацбанк прапануюць праводзіць жорсткую грашовую і бюджэтную палітыку. Яна прадугледжвае рэзкае скарачэньне друкаваньня пустых грошай, згортваньне дзяржпраграм, падтрымкі дзяржпрадпрыемстваў, замарожваньне заробкаў і пэнсій, павышэньне тарыфаў на камунальныя паслугі. Гэта даволі рацыянальны антыкрызісны плян, але ён выклікаў незадаволеньне Лукашэнкі. Чаму? Таму што ён балючы для насельніцтва?»

Сасноў: «Калі ўлады знойдуць фінансавыя рэсурсы, то будзе працягвацца ручное кіраваньне. Калі ж грошай ня знойдуць, то зь неахвотай пачнуць уводзіць элемэнты рынку.
Гуляеў: Пераменаў ня будзе. Бо пры рынкавых рэформах давядзецца абмяжоўваць неабмежаваную ўладу. На што Лукашэнка ніколі ня пойдзе

Сапраўды, цяжка вызначыць, якія насамрэч у Лукашэнкі погляды. Таму трэба глядзець па ягоных справах. А з гэтага вынікае, што яго погляды камуністычныя: дзяржаўная ўласнасьць, ручное кіраваньне, давядзеньне да прадпрыемстваў розных паказчыкаў, якія ня маюць сэнсу, і інш.».

Гуляеў: «Лукашэнка баіцца рэакцыі насельніцтва. Ён жа казаў: няхай кіраўнікі ўраду паспрабуюць пажыць так, як жыве просты чалавек. Бо гэтая праграма пагоршыць узровень жыцьця насельніцтва. А наперадзе выбары. Як на ўсё гэта прарэагуюць людзі? І цяпер Лукашэнка спрабуе згуляць у папулізм, пазыцыянаваць сябе як абаронца народу ад дзеяньняў ураду».

Чым скончыцца гэтая крытыка?


Карбалевіч: «Дасюль Лукашэнка казаў, што крызісу ў нас няма, ёсьць толькі часовыя цяжкасьці. А цяпер высьвятляецца, што простыя людзі жывуць вельмі дрэнна. Дык, значыць, крызіс усё ж ёсьць.

Чым можа скончыцца крытыка ўрадавага курсу? Ці чакаецца адстаўка ўраду? Ці проста Лукашэнка прымусіць урад зьмяніць курс? Ці нічога ня зьменіцца, кіраўнік дзяржавы падпіша прапановы ўраду, а ўся гэтая крытыка — гэта танны спэктакль для публікі?»

Сасноў: «Які б варыянт ні быў рэалізаваны, для насельніцтва будуць дрэнныя наступствы, бо лёгкага выйсьця зь цяперашняга крызісу не існуе. У любым выпадку патрэбная вонкавая фінансавая падтрымка. Але прапанаваны ўрадам плян дае пэрспэктыву для краіны. Гэта трэба было рабіць 17 гадоў таму.

Калі ж Лукашэнка па-ранейшаму будзе гуляць у папулізм, то выйсьця ня будзе. Будзе нейкі сярэдні варыянт. Калі грошай ня будзе, то магчымы акцэнт на рынак. Калі грошы знойдуцца, то ізноў вернуцца да дзяржаўнага кіраваньня. Адначасова адбываецца моцная падкормка сілавых структураў. Бачна, што ўлады рыхтуюцца да дрэнных варыянтаў».

Карбалевіч: «Так, хутчэй за ўсё: незалежна ад таго, які варыянт будзе прыняты — можа, і той, які прапаноўвае ўрад, — выконвацца ён будзе ў той ступені, каб не ўзмацніць сацыяльную напружанасьць у краіне».

Гуляеў: «Пераменаў ня будзе. Бо пры рынкавых рэформах давядзецца абмяжоўваць неабмежаваную ўладу. На што Лукашэнка ніколі ня пойдзе. Хоць нейкія асобныя крокі ў бок рынку і будуць зробленыя. Таму будзе ўзяты на ўзбраеньне нейкі прамежкавы варыянт. А ўрад ці ягонае кіраўніцтва будзе закладнікам сытуацыі».

Карбалевіч: «Ці прагназуеце вы зьмену ўраду, прэм’ера і віцэ-прэм’ераў?»

Гуляеў: «Гэта верагодна, бо напружанасьць у грамадзтве высокая, экспэрты прагназуюць рост курсу даляра. Самым простым і надзейным адказам можа быць зьмена прэм’ера».

Сасноў: «Перамена асобаў зусім не істотная. Узгадаем сюжэт з байкі Крылова: вы, сябры, як ні сядайце, але ў музыкі не прыдатныя».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG