Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сяброўства ва УГА па-ранейшаму індывідуальнае»


Як сёньня перадала агенцтва Reuters, спасылаючыся на высокапастаўленага чыноўніка УГА К’еду Асаквэ, перамовы Расеі пра ўступ ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, якія занялі 18 гадоў і цяпер скончыліся, павінны значна прысьпешыць уступленьне ў гэтую арганізацыю Казахстану і Беларусі.

Паводле Асаквэ, у большай частцы пагадненьня Расеі аб сяброўстве ў УГА замест слова «Расея», стаіць выраз «Мытны саюз», які адносіцца да Мытнага саюзу Расеі, Беларусі і Казахстану, створанага ў 2009 годзе. Такім чынам, лічыць Асаквэ, Расея правяла значную частку перамоваў аб сяброўстве Беларусі і Казахстану ў УГА замест гэтых краінаў.

«У асноўным гэтыя два ўрады чакалі заканчэньня перамоваў аб далучэньні Расеі, таму што перамовы з Расеяй, відавочна, будуць арыенцірам для іншых далучэньняў», — сказаў Асаквэ агенцтву.

На думку Асаквэ, Расея ў сваіх перамовах праклала шлях для Беларусі і Казахстану ва УГА адносна ўмоваў гандлю таварамі. Умовы гандлю паслугамі Беларусь і Казахстан будуць узгадняць з УГА самастойна.

Леанід Заіка
Як крок наперад у тэхнічным пляне ацэньвае той факт, што ў большай частцы пагадненьня Расеі аб сяброўстве ва Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі стаяць словы «Мытны саюз» замест «Расея», кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка:

«Гэта дазволіць Беларусі зьняць нейкія пытаньні па мыце, па канкрэтных сэктарах эканомікі. Аднак цалкам гэтае рашэньне праблему не вырашае. Сяброўства ва УГА па-ранейшаму індывідуальнае».

«Уступленьне Расеі ва УГА значна набліжае да гэтага і двух іншых партнэраў», — такую думку выказаў сёньня «Свабодзе» афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі Андрэй Савіных:

Андрэй Савіных
«У рамках Мытнага саюзу Беларусь, Казахстан і Расея ўжо ўніфікавалі свае зьнешнегандлёвыя рэжымы і адпаведнае ўнутранае заканадаўства. Таксама важна, што Мытны саюз адразу ствараўся на прынцыпах Усясьветнай гандлёвай арганізацыі і ў поўнай адпаведнасьці зь дзейнай шматбаковай гандлёвай сыстэмай. У такіх умовах зразумела, што ўступленьне ва УГА любой краіны з Мытнага саюзу ня толькі не стварае праблемаў для гэтага рэгіянальнага інтэграцыйнага аб’яднаньня, але і значна набліжае да ўступленьня ва УГА двух іншых партнэраў».

«Жыхарам Беларусі цягам сямі бліжэйшых гадоў ня варта чакаць танных імпартных машынаў», — лічыць эканаміст Стась Івашкевіч:

Стась Івашкевіч
«Краіны Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі, падпісваючы Пратакол аб прыняцьці ў яе Расеі, гэтым самым далі сваю згоду на тое, што і астатнія краіны Мытнага саюзу будуць прынятыя на тых жа ўмовах. У прыватнасьці гэта тычыцца імпарту тавараў. І тут бачна, што, паводле ўмоваў прыняцьця Расеі, мыты на імпартныя аўтамабілі павінны быць зьніжаныя аж праз сем гадоў. А гэта азначае, што і беларускія мыты зьнізяцца праз гэты ж час. І таму жыхарам Беларусі цягам сямі бліжэйшых гадоў ня варта чакаць танных імпартных машынаў».

Што тычыцца гандлю паслугамі, то і Беларусь і Казахстан будуць узгадняць гэтыя працэдуры з УГА самастойна.

Трэці аспэкт — гэта ўнутраная эканамічная палітыка. Але паводле ўмоваў Адзінай эканамічнай прасторы гэта палітыка неўзабаве павінна быць вельмі моцна гарманізаваная трыма краінамі. У прыватнасьці гэта тычыцца макраэканамічнай палітыкі, палітыкі субсыдыяў і г.д".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG