Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сюзан Лэйтан: «Расея мае гібрыдную, паўазіяцкую ідэнтычнасьць»


Вокладка кнігі "Расейская літаратура і імпэрыя"
Вокладка кнігі "Расейская літаратура і імпэрыя"
Сюзан Лэйтан – амэрыканскі літаратуразнавец, спэцыяліст па расейскай літаратуры ХІХ стагодзьдзя, аўтарка кнігі «Расейская літаратура і імпэрыя: заваяваньне Каўказу ад Пушкіна да Талстога», у якой дасьледуе нараджэньне міту пра цывілізацыйную ролю імпэрскай Расеі на Каўказе і адлюстраваньне гэтага міту ў клясычнай расейскай літаратуры. Зь Сюзан Лэйтан гаварыла Саламэ Асатыяні з грузінскай службы нашага радыё.

РС: Якую ролю заваяваньне Каўказу – і пазьнейшае прадстаўленьне гэтага рэгіёну як расейскага «Ўсходу» або як «літаратурнага Каўказу», як вы гэта называеце ў сваёй кніжцы – адыграла ў фармаваньні нацыянальнай ідэнтычнасьці самой Расеі?

Сюзан Лэйтан
Сюзан Лэйтан
Сюзан Лэйтан: Расейская нацыянальная сьвядомасьць пачала фармавацца ў ХVIII стагодзьдзі, пры сутыкненьні з чужынцамі. З часоў Пятра Вялікага Заходняя Эўропа адыгрывала цэнтральную ролю ў вызначэньні, што такое «расейскасьць». Але азіяцкае памежжа Расейскай імпэрыі таксама зрабіла свой унёсак у фармаваньне расейскай нацыянальнай і імпэрскай сьвядомасьці. Пачынаючы з XVIII стагодзьдзя, этнаграфічныя экспэдыцыі на Каўказ, у Крым і ў Сыбір далі багаты матэрыял, які, хоць даступны нешматлікім, усё ж увасабляў штораз мацнейшую імпэрскую сьвядомасьць. Расейская эліта пачала ствараць у сваім уяўленьні мапу шматнацыянальнай імпэрыі – гэтага разьлеглага канглямэрату шматлікіх народаў, культураў і тыпаў ляндшафту. І вось мапа Каўказу ў расейскім уяўленьні набыла адмысловае значэньне, яна стала для іх вэрсіяй «Усходу».

РС: Каб падкрэсьліць паралелі паміж расейскім і эўрапейскім досьведам будаваньня імпэрыяў, вы спасылаецеся на наватарскую, але спрэчную кнігу Эдварда Саіда «Арыенталізм». Саід піша пра сыстэму адлюстраваньня, створаную заходнімі раманістамі, паэтамі, падарожнікамі і навукоўцамі, якія прадстаўлялі стэрэатыпны вобраз «Усходу». Саід піша, што «ўсходняе – значыць ірацыянальнае, скажонае, па-дзіцячаму нясьпелае, «іншае»; а эўрапейскае – гэта рацыянальнае, цнатлівае, сьпелае, «нармальнае». Згодна з Саідам, гэты спосаб адлюстраваньня служыў апраўданьнем калянізацыі яшчэ да таго, як яна насамрэч пачалася. Ці расейскі «арыенталізм» у адносінах да Каўказу адрозьніваецца ад заходняга? Калі так, дык у чым?

Сюзан Лэйтан: Напэўна можна знайсьці падабенства паміж імі. Але, на маю думку, расейскі «арыенталізм» моцна адрозьніваўся ад той мадэлі, якую запрапанаваў Саід. Уяўляючы Каўказ як «Усход», расейцы, несумненна, падмацоўвалі сваю прэтэнзію на эўрапейскасьць. Але адначасова Расея не магла адасобіць свой «Усход» як «іншае» так лёгка, як гэта зрабілі ў Заходняй Эўропе. Таму што Азія была арганічнай часткай расейскай прасторы і гісторыі. Азія была адначасова «сваім» і «іншым» для Расеі.

РС: Адзін гісторык напісаў: «Вялікабрытанія мела імпэрыю, а Расея была імпэрыяй». Ці ёсьць розьніца ў тым, як гэтыя імпэрыі былі арганізаваныя?

Сюзан Лэйтан: Безумоўна. У Расеі – статус шматнацыянальнай, кантынэнтальнай імпэрыі, і ў гэтым якраз велізарная розьніца. Расея мае гібрыдную, паўазіяцкую ідэнтычнасьць. Гэта знайшло адлюстраваньне ў рамантызацыі народаў Паўночнага Каўказу Аляксандрам Пушкіным, Аляксандрам Бястужавым-Марлінскім, Міхаілам Лермантавым. Культурная неаднароднасьць Расеі схіляла рамантыкаў да ўзвышэньня Азіі такім або іншым спосабам, замест таго, каб атаясамліваць сябе выключна і пасьлядоўна з заходняй цывілізацыяй, да якой, як яны адчувалі, іх краіна не належала поўнасьцю. Таму тут мы маем дачыненьне са значна больш складаным і неадназначным падыходам.

РС: У сваёй кніжцы вы пішаце пра чатырох першарадных аўтараў, якія стварылі «літаратурны Каўказ». Гэты шлях пачынаецца з паэмы Аляксандра Пушкіна «Каўкаскі вязень» 1822 году і канчаецца «Хаджы Муратам» Льва Талстога, напісаным у 1896-1904 гг., але ўпершыню апублікаваным у Расеі ў 1912 годзе, зь вялікімі цэнзарскімі купюрамі. Паміж гэтымі дзьвюма аўтарамі былі Аляксандар Бястужаў-Марлінскі і Міхаіл Лермантаў у 1830-х і 1840-х. Які з гэтых аўтараў, па-вашаму, зрабіў найбольшы ўклад у рацыяналізацыю і/або апраўданьне расейскага імпэрскага панаваньня? А які ставіўся найбольш крытычна да гэтага панаваньня?

Сюзан Лэйтан: Цяжка адказаць на гэтае пытаньне, мабыць, і немагчыма адказаць. Таму што кантэкст зьмяняе спосаб, якім мы чытаем аўтараў. Усе тры з гэтых рамантыкаў вельмі неадназначныя. З аднаго боку, усхваленьне каўкасцаў як змагароў за свабоду і людзей, якія ўвасабляюць вайсковую доблесьць – карацей, усё тое, што расейцы любяць адносіць да сябе. У дадатак, можна знайсьці намёкі – асабліва ў Лермантава – на жорсткасьць і зьверствы падчас заваяваньня Каўказу. У паэме Лермантава «Ізмаіл-бей» расейская армія акрэсьліваецца словам «хищный зверь». Расейцы там паказаны пры руйнаваньні аулу, забіваньні немаўлят і падобных занятках. Так што можна адшукаць, асабліва ў Лермантава, раздвоенасьць у паказе вайны, і можна рабіць з гэтага розныя высновы ды зьвязваць з гэтым розныя каштоўнасьці.

Напрыклад, у 1990, калі на Каўказе пачыналіся хваляваньні, чачэнцы разбурылі помнік Лермантаву ў Грозным, маючы на ўвазе ягоны вобраз «злога чачэнца» ў адным зь вершаў. Так што ў гэтым кантэксьце, постсавецкім кантэксьце, да Лермантава паставіліся як да імпэрскага пісьменьніка. Аднак гэта было скажонае прачытаньне. Па-мойму, з трох вялікіх рамантыкаў Лермантаў быў якраз тым, хто наймацней сумняваўся ў маральнай легітымнасьці заваяваньня Каўказу. Зразумела, Талстой у «Хаджы Мураце» адкрыта асуджае каўкаскую вайну як генацыд. Але, на мой погляд, матывы прысутныя ў літаратуры расейскага рамантызму – напрыклад, расейскія салдаты як забойцы немаўлят – былі вельмі істотнымі прыкладамі такой антыімпэрскай пазыцыі, якую заняў Талстой пад канец жыцьця.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG