Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Менгарсуду адхіліў наглядную скаргу экс-кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча. Пра гэта «Свабодзе» паведаміла грамадзкая жонка палітка Марына Адамовіч:

«Раней адмовілі ў задавальненьні касацыйнай скаргі Мікалая, цяпер адхілілі і наглядную. Зразумела, чаму. Але ведаю, што ён не саступіць і будзе зьвяртацца са скаргай далей, у Вярхоўны суд».

11 лістапада маці палітвязьня Эдуарда Лобава Марыне Лобавай ад адваката стала вядома, што наглядная скарга яе сына да старшыні Менгарсуду адхіленая. Марына Лобава таксама заявіла, што адвакат будзе рыхтаваць скаргу ў Вярхоўны суд.

Экс-кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Станкевіч быў асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў арганізацыі масавых беспарадкаў 19 сьнежня 2010 году. Актывіст «Маладога фронту» Эдуард Лобаў атрымаў 4 гады зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў хуліганстве, учыненым нібыта за дзень да выбараў.
Мікола Статкевіч
Нарадзіўся 12 жніўня 1956 году ў вёсцы Лядна Слуцкага раёну Менскай вобласьці ў сям'і настаўнікаў.

1978 г. Скончыў Менскую вышэйшую інжынэрную зэнітна-ракетную вучэльню.

1986 г. Абараніў кандыдацкую дысэртацыю.

Працаваў выкладчыкам Менскай вышэйшай інжынэрнай зэнітна-ракетнай вучэльні.

Люты 1991 г. На знак пратэсту супраць падзей у Вільні выйшаў з КПСС.

1991 г. Сябра Цэнтральнай рады і выканаўчага камітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).

1995 г. Старшыня БСДП (НГ).

1991—1995 гг. Стваральнік і кіраўнік Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў.

2000 г. Удзельнічаў у выбарах у Палату прадстаўнікоў.

2005 г. Асуджаны на тры гады абмежаваньня волі за арганізацыю 18—19 кастрычніка 2004 году ў Менску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. Па амністыі тэрмін абмежаваньня волі быў скарочаны на год.

Кіраўнік аргкамітэту ў справе стварэньня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).

Эдуард Лобаў
Нарадзіўся ў Менску ў 1988 г. З 8-га кляса марыў зьвязаць сваё жыцьцё з войскам. Служыў тэрміновую службу ў спэцназе. Тамсама, у войску, пазнаёміўся з маладафронтаўцам з Гомелю, дзякуючы якому далучыўся да "Маладога фронту". Быў абраны кіраўніком менскай гарадзкой арганізацыі МФ. Надалей цікавіцца ваеннай справай і марыць пра адраджэньне беларускага войска.

Затрыманы 18 сьнежня разам зь лідэрам МФ Зьмітром Дашкевічам, абвінавачаны ў хуліганстве. У Жодзінскім СІЗА за адмову сьведчыць супраць маладафронтаўцаў Эдуарда пагражалі перавесьці ў камэру, дзе зь ім жорстка расправяцца.
XS
SM
MD
LG