Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два гады таму падчас Пушкінскага юбілею па адным з фэдэральных расейскіх тэлеканалаў чыталі “Яўгенія Анегіна”. Людзі розных прафэсій і пакаленьняў, кожны па некалькі радкоў – “с чувством, с толком, с расстановкой”. І дзейства тое нагадвала добра зрэжысэраваны ўсенародны спэктакль, дзе кожны ахвотны мог пастаяць на адной сцэне з Пушкіным. Глядзелі той спэктакль мільёны – і дарослыя, і дзеці.

А цяпер уявім, што які-небудзь вядомы актор (пісьменьнік, акадэмік, касманаўт – хто заўгодна) замест чаканых гледачамі радкоў з “Яўгенія Анегіна” раптам вырашыў прачытаць нешта больш зразумелае народу і ні з пушчы ні з поля збалантэсіў з экрану: “Вчера я с Божьей помощью тр…л Анну Керн”. Таксама ж, маўляў, Пушкін – у ліставаньні з сябрамі.

Прыкладана тое самае адбылося нядаўна ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі падчас прэзэнтацыі мультыпраекту “Вянок Максіму Багдановічу”. Мяне на тую прэзэнтацыю з беларускай залі выцягнуў Уладзімер Содаль і, пакуль мы падымаліся на трэці паверх, расказаў, што яшчэ дзесяць гадоў таму на месцы бібліятэкі ён ускопваў уласны гарод і садзіў там памідоры ды агуркі. Што ж, ня кожнаму дасьледчыку літаратуры так пашанцуе – займець на гародзе Нацыянальную бібліятэку.

Спачатку на прэзэнтацыі ўсё ішло адпаведным чынам: дзіцячы драмгурток паказаў сваю пастаноўку “Вежа міру”, прадстаўніца Міністэрства культуры паабяцала, што ў наступным годзе помнік Максіму Багдановічу зьявіцца ў Горадні, а прадстаўнік выдавецтва “Беларуская энцыкляпэдыя” абнадзеіў, што празь месяц у кнігарні патрапіць пэрсанальная энцыкляпэдыя “Максім Багдановіч” – трэцяя пасьля Скарыны і Купалы.

Раптам на імправізаванай сцэне зьявіліся Ён і Яна. Спачатку – як рэдактар і журналістка. Журналістка (акторка Тэатру беларускай драматургіі Настасься Баброва) з інтымным прыдыханьнем паведаміла, што здабыла для публікацыі сэнсацыйны матэрыял – дзёньнік Багдановіча. На рэзоннае пытаньне значна менш сэксуальна заклапочанага рэдактара (актор Аляксандар Марчанка): як жа гэта табе ўдалося? – з забойчай шчырасьцю адказала: пераспала з дырэктарам Багдановічаўскага музэю, вось ён і аддзячыў.

Знаўца біяграфій усіх клясыкаў Уладзімер Содаль расцаніў гэты пасаж як каменьчык у гарод сёньня падсуднага Алеся Бяляцкага, які доўгі час узначальваў той самы музэй. Гэткі сабе каменьчык з аднаго гароду ў другі, зрэшты, мала кім заўважаны. Але вельмі своечасовы. Дзякуй Тэатру беларускай драматургіі.

Затым тыя самыя акторы, як кажуць, бязь зьмены дэкарацый паказалі сцэнку непасрэдна з інтымнага дзёньніка. Аляксандар Марчанка (гэтым разам у ролі Максіма Багдановіча) абвёў паўнюткую залю іскрамётным ад жарсьці позіркам і зусім ня шэптам прызнаўся: “У мяне ўстаў. Я задраў ёй спадніцу і паваліў на траву”. У гэты час ягоная партнэрка (тэмпэрамэнтная, трэба сказаць, дзявуля) качалася па падлозе ў яўна перадчасным экстазе.

Шакаваныя былі ўсе – і школьнікі, і студэнцкая моладзь, і мой сусед Уладзімер Содаль. Ён дык найбольш перажываў, што для акторкі не прынесьлі з калідору канапу, і ёй давялося аголенымі плячыма коўзацца па халодным мармуры...

Асабістае жыцьцё клясыкаў не схаваеш у музэйны сэйф. Ды і ня трэба хаваць. Хто сёньня ня ведае пра дон-жуанскі сьпіс таго ж Пушкіна, ці пра тое, як стары граф Путкамэр прысылаў на чыгуначную станцыю брычку, калі ў Балценікі да ягонай жонкі Марыі прыяжджаў Адам Міцкевіч… Але як тут не згадаць сказанае ў Эклезіясьце: “Усё мае свой час, і гадзіна кожнай дзеі – пад небам”.

Бо ж і праўда, калі спэктакль “Дзёньнік паэта” Віталя Баркоўскага з посьпехам прайшоў на міжнародным тэатральным фэстывалі “Славія” ў Бялградзе, гэта яшчэ ня значыць, што яго трэба паказваць школьнікам. На сучасных фэстывалях і Шэксьпір расейскім матам загаварыў, а Дунін-Марцінкевіч засьпяваў непаліткарэктную песеньку: “А расейцы і палякі нам да дупы, нам да с…кі”. Усё мае свой час і сваё месца.

“Інтымны дзёньнік” засланіў сабою ўсю творчасьць Максіма Багдановіча. Я адмыслова праверыў праз Google – сотні спасылак. Якія там “Слуцкія ткачыхі”, калі ў аўтара “ўстаў, і ён паваліў яе на траву”? “Кожную ночку на зорку дзівіцца” – ці ж гэта не архаічна? А сучасна і крута – залезьці ў ложак да клясыка. Бедныя настаўніцы беларускай літаратуры, як мне вам дапамагчы?

Давайце зьвернемся да першакрыніцы. Перада мною на стале – тэкст, які прынята называць інтымным дзёньнікам Багдановіча. Але гэта аніякі ня дзёньнік, калі пільнавацца жанравага вызначэньня. Проста некалькі занатовак, зробленых алоўкам. Так, пра блізкасьць з жанчынай. Так, вельмі асабістых і не прызначаных для друку. Нават у самым поўным зборы твораў. А паколькі пісаў паэт не для чытача, скарачаючы і прапускаючы словы, то і прачытаць ягоныя запісы дасьледчыкі не змаглі.

Зьвярнуліся па дапамогу да спэцыялістаў. Тры супрацоўнікі Навукова-дасьледчага інстытуту судовай экспэртызы (іх прозьвішчы і адпаведная пячатка стаяць пад тэкстам) прачыталі хіба палову запісаў – роўна 800 словаў. І вынесьлі свой вэрдыкт: “Цалкам прачытаць тэкст не ўяўляецца магчымым з-за невыразнасьці почырку, спрошчанай яго будовы, у выніку якое цэлы шэраг розных літараў выкананы аднатыпна, а таксама ў сувязі са скарочаным выкладам тэксту (недапісваньнем літараў)”.

800 словаў перасыпаюцца, як шарыкі ў лятатроне. І кожны канструюе зь іх тую фігуру, якую сам захоча. Драматург Сяргей Кавалёў сканструяваў экспэрымэнтальную п’есу для Тэатру беларускай драматургіі.

Але і сам Максім Багдановіч выкарыстаў свае запісы. Прачытайце ягоны верш “Пачуцьцю цёмнаму падлеглая” – гэта паэтычная квінтэсэнцыя зробленых у Крыме запісаў. Бярыце і чытайце – без пасярэдніцтва судовых экспэртаў.

Ты ўжо рассталася з уборам
І ў ложка шлюбнае лягла,
Свой сорам, свой жаноцкі сорам,
Дрыжачая, перамагла.
Ды абясьсіленай душою
Ты можаш аднаго жадаць, –
Каб семя бурнае муское
У нетрах цела захаваць.

Кожны сапраўдны паэт умее выказацца самай шчыльнай, самай скандэнсаванай мовай. Замест васьмі сотняў словаў ён можа пакінуць восем і – сказаць тое самае.

Неяк сябра-выдавец задумаў выдаць выбраныя творы Маскіма Багдановіча пад назвай “Інтымны дзёньнік”. З гледзішча маркетынгу – крок зразумелы. Кніга ўжо запускалася ў вытворчасьць, а абавязковы для яе твор усё не знаходзіўся. Я паказаў шуканы тэкст сябру, загадзя перакананы, што на варштат Скарыны ён ня трапіць. Так і сталася. Сябра расчаравана ўздыхнуў, вяртаючы машынапіс. Але кніга так і выйшла пад інтрыгоўным загалоўкам і, як і трэба было чакаць, хутка разышлася. Мабыць, яе прачыталі і гандляры бялізнай у Баранавічах, і цяпер вершы Багдановіча на вітрынах тамтэйшых крамаў можна прачытаць літаральна паміж аголенымі нагамі манэкенаў.

Так што “Інтымны дзёньнік” Максіма Багдановіча ў прыродзе існуе і можа падараваць вам хвіліны чытацкага шчасьця. А калі кагосьці па-ранейшаму цікавяць 800 чарнавых словаў паэта, магу паспрыяць – за пэўную плату. Скажам, за прачытаны на памяць верш клясыка, чые 120-я ўгодкі будуць адзначацца ў сьнежні. Да ведама асабліва дапытлівых: тыя 800 словаў я не атрымліваў за адпаведныя паслугі ні ад колішняга дырэктара, ні ад сёньняшняй дырэктаркі Багдановічаўскага музэю.

А на разьвітаньне раю ўсім аматарам інтымных старонак з жыцьця клясыкаў сустрэцца з Максімам Багдановічам на Траецкай гары. З адпаведнай адлегласьці вы ўбачыце яго ва ўсёй велічы. А калі падыдзеце занадта блізка, пабачыце хіба шнурок на ягоным чаравіку.

Максім Багдановіч у Крыме. Мастак Аляксей Марачкін.

Максім Багдановіч у Крыме. Мастак Аляксей Марачкін.

Інтымнае прачытаньне “Зоркі Вэнэры” ў Баранавічах

Інтымнае прачытаньне “Зоркі Вэнэры” ў Баранавічах

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG