Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Аляксандар Лукашэнка раскрытыкаваў урад Мясьніковіча-Румаса за празьмернае захапленьне рынкавай эканомікай. Ён загадаў да 9 траўня выправіць сытуацыю ў эканоміцы «бяз рынкавых выкрунтасаў». Наколькі верагодная адстаўка дзейнага ўраду і ці азначаюць гэтыя заявы далейшы адыход ад лібэралізацыі?

Паводле Лукашэнкі, хутка беларусы будуць хадзіць у крамы як у музэй, каб паглядзець на эканоміку Мясьніковіча-Румаса. Маўляў, рынкавая пазыцыя дзейнага ўраду прывяла да таго, што ў Беларусі ўжо бэнзін утрая падаражэў. І давядзецца «ўручную рэгуляваць некаторыя працэсы».

Былы старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч мяркуе, што цяперашні крызіс выкліканы эканамічнай палітыкай папярэдняга ўраду і самога Лукашэнкі.

«Гэта вынік той палітыкі, самавольства ў эканоміцы. Урад Мясьніковіча-Румаса толькі прадэкляраваў на 2012 год, што ён гатовы заняцца аздараўленьнем эканомікі. Але гэты ўрад яшчэ нічога не зрабіў, толькі прадэкляраваў правільныя намеры. Я думаю, Лукашэнка сказаў у многім для публікі, для насельніцтва. Ён паказаў, што ён любіць народ, а дурны ўрад ня любіць народ і трэба яго паслаць у крамы, каб ён убачыў рэаліі. Гэта папулісцкая заява. Але я ня думаю, што Лукашэнка не разумее, што віна за гэтыя нэгатыўныя працэсы ляжыць на самім Лукашэнку і на яго мадэлі эканамічнага разьвіцьця і яго палітыцы».

Спадар Багданкевіч сумняваецца, што Лукашэнка цяпер адправіць дзейны ўрад у адстаўку.

«Мясьніковіч — чалавек савецкага складу. Ён возьме пад казырок, калі ўжо ня ўзяў. І на паперы складзе патрэбныя кіраўніку краіны пляны па дасягненьні высокіх паказьнікаў. Ён будзе зьняты, але не цяпер. Калі гэтыя высокія паказьнікі будуць праваленыя».

Паводле лідэра кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімера Някляева, у выпадку згортваньня лібэралізацыі згорнецца ўся краіна. Ён прагназуе далейшую кланавую барацьбу.
Тыя рэформы, якія маглі б пачацца, прывялі б да пытаньня: навошта пры лібэральнай эканоміцы дыктатура?

«Прычыны крытыкі зразумелыя — тое, што з асьцярогай пачалі рабіць ва ўрадзе, стараючыся самазахавацца. Гэта шлях да таго, каб Лукашэнкі ня стала. Бо тыя рэформы, якія маглі б пачацца, прывялі б да пытаньня: навошта пры лібэральнай эканоміцы дыктатура? Вось і ўся прычына, па якой ён мякка, але паказаў пэрспэктывы гэтага руху ў лібэральную эканоміку для тых, хто яго думае распачаць. Я ня думаю, што гэта Мясьніковіч. Гэта маладзейшыя хлопцы ва ўрадзе, якім яшчэ жыць у будучай Беларусі. І якіх яшчэ спытаюць: а што ж вы там сядзелі, што давялі да такога стану краіну?»

Лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч лічыць, што пэрспэктывы адстаўкі ўраду заўсёды ёсьць, бо некага ж трэба лічыць вінаватым. Толькі не Лукашэнку.

«І гэта ўсё вельмі сумна, бо нам якраз патрэбныя вельмі хуткія рэформы, безумоўна, балючыя. І бяз гэтых рэформаў будзе дэградацыя і грамадзтва, і гаспадаркі. Таму неадэкватныя дзеяньні зьвязаныя таксама зь няпоўнай інфармацыяй, якую мае кіраўніцтва Беларусі. На жаль, і статыстыка часта падпарадкоўваецца мэтазгоднасьці. Беларусь застанецца эканамічным ізгоем у цэнтры Эўропы. Усе краіны, лепшыя, горшыя, рэформы зрабілі, рухаюцца наперад. А мы будзем спрабаваць ісьці назад».

Паводле старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, формула Лукашэнкі пра добрага цара і кепскіх баяраў спрацуе наўрад ці. Да таго ж Лукашэнка пакуль не гатовы, каб урад стаў урадам, а не аддзелам яго адміністрацыі.

«Гэтым разам занадта моцны крызіс. І эканамічнае, сацыяльнае становішча людзей пагаршаецца з кожным днём. Да таго ж сацыялёгія пацьвярджае, што Лукашэнка так доўга на сябе нацягваў коўдру царскіх паўнамоцтваў. І людзі ўжо прывыклі, што ўсё, што адбываецца ў краіне, зьвязанае з адной пэрсонай. Таму наўрад ці гэты сцэнар дапаможа яму падвысіць свой асабісты рэйтынг і задаволіць людзей ахвярамі зь беларускага ўраду».

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі лічыць, што сёньня ўрад — гэта камікадзэ і праз паўгода цалкам імаверна, што яны стануць ахвярнымі казламі. Але ці працягнецца курс на далейшае згортваньне лібэралізацыі?

«Закансэрваваць сытуацыю — немагчыма. Бо выхад на адзіны курс — гэта было вельмі балюча, мера непапулярная. Аднак улады пры ўсёй іх антырынкавасьці мусілі на гэта пайсьці, бо інакш назіраўся б бэдлам у гаспадарчым жыцьці краіны. І міжнародныя інстытуцыі ставілі гэта першай умовай перамоваў пра крэдыты. Таму гэты курс будзе доўжыцца, але ўлада будзе дзейнічаць у сваёй фірмавай манеры. То бок адсякаць хвост за некалькі разоў. І тым самым прымнажаць пакуты народу, калі шок ёсьць, а паляпшэньня і тэрапіі фактычна няма».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG