Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія законы трактуюць тэрмін "катаваньні" ня так, як у ААН


Сёньня ў Жэнэве на сэсіі Камітэту ААН супраць катаваньняў разглядаецца чарговая справаздача Беларусі пра выкананьне Канвэнцыі супраць катаваньняў. Недзяржаўныя арганізацыі падрыхтавалі альтэрнатыўны афіцыйнаму даклад пра зьдзекі ў турмах Беларусі.

Альтэрнатыўны даклад быў падрыхтаваны шасьцю недзяржаўнымі арганізацыямі: Камітэтам «Салідарнасьць», Прававой ініцыятывай, Беларускім Хэльсынскім Камітэтам, Цэнтрам прававой трансфармацыі, Плятформай і Праваабарончым цэнтрам «Вясна».

Канвэнцыю ААН супраць катаваньняў Беларусь ратыфікавала ў 1987 годзе. Даклад адзначае на самым пачатку, што паколькі ў беларускім заканадаўстве і дасюль адсутнічае азначэньне тэрміну «катаваньне» ў такім сэнсе, як гэта зроблена ў Канвэнцыі, дык беларускія суды ў сваёй практыцы не карыстаюцца нормамі Канвэнцыі ў адносінах да дзеяньняў, якія можна кваліфікаваць як катаваньні.

У дакладзе прыводзяцца прыклады жорсткага абыходжаньня з затрыманымі 19 сьнежня 2010 году ў Менску, калі шэрагу затрыманых у сьледчым ізалятары КДБ доўгі час адмаўлялі ў праве сустрэцца з адвакатам паводле свайго выбару і абмяжоўвалі колькасьць такіх сустрэчаў. Шмат хто з затрыманых цягам першага месяца ў ізалятары быў пазбаўлены магчымасьці кантакту зь сям’ёй, і сем’і нічога ня ведалі ні пра стан здароўя затрыманых, ні нават пра іх месцазнаходжаньне, паколькі некаторых затрыманых пераводзілі ў іншыя ізалятары. Зьбітым затрыманым (апісваюцца прыклады А. Саньнікава, У. Някляева, Н. Радзінай) улады не далі магчымасьці быць абсьледаванымі незалежным лекарам.

Даклад таксама дае апісаньне ўмоваў, у якіх знаходзяцца затрыманыя і зьняволеныя ў беларускіх турмах. Фрагмэнт:

«Паводле сьведчаньняў асобаў, якія адбываюць пакараньне і якія знаходзяцца ў месцах папярэдняга зняволеньня, вядома, што ў камэрах не выконваецца ўстаноўленая беларускім заканадаўствам норма – ня менш за два квадратныя мэтры на чалавека. Вельмі часта зьняволеным не хапае спальных месцаў і ім даводзіцца спаць ў дзьве зьмены. (...) У прыватнасьці, з паведамленьня А. Бандарэнкі, які ўтрымліваўся ў СІЗА-1 г. Менску, вынікае, што камэры, у якіх ўтрымліваюцца асуджаныя, перапоўненыя ў 2-3 разы. Адпаведна, у памяшканьні на 15-30 кв. м. сядзяць ад 30 да 50 падсьледных, якія з-за адсутнасьці спальнага месца сьпяць у 2-3 зьмены. (...) Прыняць душ ёсьць магчымасьць адзін раз на тыдзень, аднак на 10 душавых месцаў прыводзяць да 30 чалавек, і на працэдуру для ўсіх адведзена 20 хвілін часу».

Цалкам даклад можна прачытаць ТУТ.
XS
SM
MD
LG