Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Бандарэнка


Андрэй Бандарэнка
Андрэй Бандарэнка
Зьняволены 22 траўня 2009 г. –
вызвалены 22 сакавіка 2010 г.


Андрэй Бандарэнка нарадзіўся 14 красавіка 1973 г. у Ваўкавыску. Скончыў Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт. Перакладчык. Працаваў у Міністэрстве спорту і турызму, газэце «Спортивная панорама», займаўся прадпрымальніцкай дзейнасьцю. Сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Кіраўнік ініцыятывы ў падтрымку і абарону правоў асуджаных – грамадзкага аб’яднаньня «Плятформа». Жанаты, мае дачку.

У 2008 г. удзельнічаў у выбарах у Палату прадстаўнікоў. Не пагадзіўся з афіцыйным вынікам выбараў, паводле якога прайграў. Пратэсты скончыліся тым, што супраць Бандарэнкі завялі крымінальную справу – нібыта ён абакраў былую ўласную фірму. На час зьехаў зь Беларусі, калі вярнуўся, быў арыштаваны 22 траўня 2009 г. Абвінавачаны ў крадзяжы ў буйных памерах, злоўжываньні службовым становішчам і махлярстве.

9 кастрычніка 2009 г. судзьдзя Першамайскага суду Менску Леанід Ярмоленкаў прызнаў Бандарэнку вінаватым у тым, што ён нібыта абакраў сваю фірму праз службовыя злоўжываньні, і прысудзіў да 7 гадоў зьняволеньня. Бандарэнка адбываў пакараньне ў Бабруйскай калёніі № 2 узмоцненага рэжыму.

23 лютага 2010 г. судзьдзя Першамайскага раёну Менску Тацяна Равінская прызнала прадпрымальніка вінаватым у крадзяжы маёмасьці – гэтым разам праз махлярства – і зьменшыла тэрмін зьняволеньня на 1 год. У Бабруйскай калёніі Бандарэнка працягваў называць сябе «незаконна асуджаным» і адмаўляўся супрацоўнічаць з адміністрацыяй, за што неаднаразова трапляў у карцэр. За кратамі двойчы трымаў галадоўкі пратэсту. У сакавіку 2010 г. Менгарсуд перагледзеў справу Андрэя Бандарэнкі і адмяніў прысуд Першамайскага суду Менску. Бандарэнка быў вызвалены 22 сакавіка 2010 г. 10 чэрвеня 2011 г. гэтае рашэньне пацьвердзіў Вярхоўны суд, пасьля чаго яно лічыцца канчатковым.

Худы чалавек у тоўстым швэдры


Ён быў ня проста схуднелы, а, здавалася, худнеў на вачах. На вачах судзьдзі, дагледжанай маладой бляндынкі, якая пазірала на падсуднага кожны дзень усё з большым спачуваньнем, што, аднак, не перашкодзіла ёй потым «уляпіць» прадпрымальніку 7 гадоў з канфіскацыяй. На вачах сьведкаў з боку абвінавачаньня, якія падыходзілі да «катэдры», як сабака да не сваёй міскі – літаральна падціснуўшы хвасты. Асабліва запомніўся адзін сьведка – той, які, паводле Бандарэнкі, абрабаваў яго, калі той ляжаў у шпіталі пасьля жудаснай аўтакатастрофы, а потым купіў сабе волю хлусьлівымі паказаньнямі супраць былога кампаньёна. Бандарэнка, апрануты ў быццам з канатаў зьвязаны швэдар, як цьвікамі «прыбіваў» гэтага сьведку лічбамі са свайго агульнага сшытку. Сьведка круціўся, адварочваўся... Мне тады падумалася, што калі Андрэй быў даверыўся чалавеку, нутро якога гэтак добра бачна, то застацца прадпрымальнікам у гэтай краіне ў яго ўсё роўна не было ніякага шанцу. Рана ці позна, пры такім незаплямленым поглядзе на людзей і жыцьцё, ён бы ўсё роўна патрапіў за краты. І прысуд 7 гадоў не зьдзівіў. Калі чалавек у нашых умовах спрабуе даказаць, што яго падманулі на выбарах, ды ідзе па падтрымку да сяброў (хадзілі чуткі), якія працавалі ў адміністрацыі, то яму 7 гадоў на «падумаць» – самае то.

Зьдзівіла іншае. Хутка ад бацькі Бандарэнкі я даведаўся, што наш прадпрымальнік у калёніі не пажадаў стаць на шлях выпраўленьня. Больш за тое, калі да яго зьвяртаюцца вертухаі, называе сябе не інакш як «незаконна асуджаным Андрэем Бандарэнкам». На той момант мой журналісцкі лёс быў такі, што болей за 15 гадоў я асьвятляў розныя палітычныя працэсы, героі маіх рэпартажаў рэгулярна траплялі за краты ў турмы і калёніі, але пра такія рызыкоўныя паводзіны за кратамі я пачуў упершыню. Далей – болей. Стала вядома, што Андрэй Бандарэнка патрапіў у карцэр раз, другі, трэці. Потым надоўга прапісаўся ў памяшканьні камэрнага тыпу.

Вонкавы вобраз Бандарэнкі, які склаўся ў мяне ў судзе – рулявы рыбацкай шхуны – пацьвердзілі ягоныя ўчынкі. Шквалісты вецер, дождж і сьнег у твар – а ён стаіць на мосьціку, як скала. Толькі што ўсё худзейшы.

Потым быў новы суд. Кінулася ў вочы, што яго паважаюць... ня тое што ў судзе шматлікія сябры і сваякі, а... канваіры. Калі прагучаў прысуд, адзін зь іх цярпліва даў мне зьняць Бандарэнку ў клетцы на відэа. Ня біў па руцэ, не засланяў камэру далоньню. У залі ў той момант гучала «Жыве Беларусь!», а сам Андрэй усьміхаўся і сьціскаў кулакі.

З Бабруйскай калёніяй, у якой сядзеў Бандарэнка, мяне зьвязвае асабістае. Недзе там, каля муроў Бабруйскай крэпасьці ў 1938-м як вораг народу быў расстраляны і закапаны мой дзед селянін Кірыл Маркавец. Рэабілітацыі дачакаліся толькі ў 1970-х. Расповед пра тое, як Андрэя Бандарэнку ахоўнікі выводзілі на дах калёніі і пагражалі тым, што скінуць уніз, а потым усё сьпішуць на няшчасны выпадак, я перажыў як рэальнасьць свайго жыцьця. Сапраўды могуць, там, пад Бабруйскай крэпасьцю, усё могуць! І вось ёсьць чалавек, які гэта перажыў, не скарыўся, не адступіў, а дачакаўся рэабілітацыі пры жыцьці ды яшчэ змагаецца за тых, хто працягвае пакутаваць там, за кратамі.
25 кастрычніка 2011

Алег Грузьдзіловіч, журналіст








Ад першай асобы


Апошняе слова ў судзе:

«Галоўнае – дамагчыся выніку. Аўтуховіч – бандыт, Бандарэнка – махляр, Казулін – нягоднік. Вось такія яны, незалежныя палітыкі. І няма чаго зь імі цацкацца. Шкада, што не 37-ы год, нельга ў Сібір ці адразу да сьценкі. Але гадкоў 7-8 уляпіць магчыма: а раптам адумаецца. Перадайце, паважаны абвінаваўца, што Бандарэнка адумвацца не зьбіраецца. Чым болей ціснуць, тым больш цікава даведацца, хто гэта арганізаваў. І я даведаюся... Не прашу ад суду спагады, а спадзяюся на справядлівасьць, закон і сумленьне».

Пасьля вызваленьня:

«Гэта нельга перадаць словамі… Калі мяне «закрылі», маёй дачцэ было 7 месяцаў, а цяпер яна ходзіць. Гэта нельга перадаць словамі… Вельмі шмат прайшло часу, шмат перажыта, шмат на якія рэчы гляджу па-іншаму. І вялікая ўдзячнасьць усім тым, хто падтрымліваў мяне – у тым ліку Радыё Свабода. Вашая падтрымка вельмі шмат дапамагла, вельмі шмат для мяне зрабіла. Занадта шмат накапілася за два гады, але тое, што мы гаварылі першапачаткова пра незаконнасьць і беспадстаўнасьць прысуду, то ў выніку яно знайшло адлюстраваньне ў сёньняшнім прысудзе».

«Я як быў чалавекам, які любіць сваю сям'ю, сваю краіну, сваіх сяброў, такім жа і застаўся. Але адбылася, вядома, пераацэнка каштоўнасьцяў, я цяпер на многія рэчы гляджу па-іншаму. Стаў любіць многае, на што раней не зьвяртаў увагі, па-іншаму стаў адносіцца да таго, што адбываецца вакол нас. Зьмены пасьля турмы адбываюцца ў любым чалавеку: нехта робіцца мацнейшым, нехта слабейшым. Як казаў Сахараў: «Моцнага турма робіць мацнейшым, а слабага слабейшым». Спадзяюся, што турма мяне зрабіла мацнейшым.

«Барацьба за справядлівасьць каштавала мне здароўя, фірмы, двух гадоў турмы і дзясяткаў пасадак у турэмны карцэр, але ўсё ж гэта таго варта. Зараз буду дамагацца ад дзяржавы кампэнсацыі за страты, якія нанесьлі мне сьледчыя і судзьдзя сваімі незаконнымі дзеяньнямі. На жаль, беларускія законы не дазваляюць патрабаваць кампэнсацыі менавіта ад гэтых людзей».

«Сама па сабе турма – тая сыстэма, якая цяпер існуе – яна накіраваная на тое, каб зламаць чалавека. І для гэтага ламаньня ёсьць пэўныя мэтады, якія выкарыстоўваюць супрацоўнікі СІЗА і супрацоўнікі калёніі. Тое, што заявіў Алесь Міхалевіч пра катаваньні – я не магу гэта зьняпраўдзіць. Нікому не сакрэт, што сёньня ў СІЗА – асабліва гэта тычыцца Жодзіна, Віцебску – асуджаных зьбіваюць. Мяне зьмяшчалі ў камэру, якая цалкам была пабеленая – нават унітаз. Пры гэтым, папярэдне зь яе прыбіралі венік ці якія анучы. Даводзілася рваць якія ручнікі, што былі з сабой, каб неяк з гэтым змагацца. У дадатак да гэтага, што тычыцца «Валадаркі», то ўмовы ўтрыманьня тут цалкам непрымальныя: камэры перапоўненыя, тэмпэратура дасягае 50 градусаў, і яны не праветрываюцца. І пры гэтым казаць, што катаваньняў няма? Я больш бы пагадзіўся з Алесем і гатовы пацьвердзіць, што так, насамрэч адміністрацыі дзейнічаюць такімі мэтадамі. Гэта праблема, якую мы – АГП і я – як чалавек, які прайшоў гэтую сыстэму – мы будзем падымаць і дамагацца, каб гэта было спынена».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG