Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародны дэмакратычны зьвяз заклікае вызваліць Бяляцкага


Міжнародны дэмакратычны зьвяз прыняў рэзалюцыю з заклікам да беларускіх уладаў вызваліць праваабаронцу Алеся Бяляцкага, а таксама скасаваць усе крымінальныя абвінавачваньні супраць яго.

Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч удзельнічаў у сустрэчы партыйных лідэраў Міжнароднага дэмакратычнага зьвязу ў Вялікай Брытаніі.

Янукевіч выступіў на пасяджэньні камітэту Міжнароднага дэмакратычнага зьвязу па міжнародных справах, дзе была дадзена ацэнка геапалітычнай сытуацыі вакол Беларусі ў рэгіянальным кантэксьце. У рамках візыту адбылася сустрэча лідэра БНФ з брытанскім міністрам па справах Эўропы Дэвідам Лідынгтанам, паведамляе прэсавая служба партыі.

10 лістапада ў судзе над кіраўніком праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесем Бяляцкім абвешчаны перапынак да 16-га лістапада. Перапынку папрасіў пракурор Валеры Сайкоўскі, каб выставіць Бяляцкаму новае абвінавачаньне, якое будзе "істотна адрозьнівацца да папярэдняга".

Суд над Алесем Бяляцкім пачаўся 2 лістапада.

Алеся Бяляцкага вінавацяць ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйных памерах з грошай, якія ішлі на праваабарончую дзейнасьць.

Бяляцкаму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.

Банкаўскія дадзеныя Бяляцкага афіцыйнаму Менску перадалі Літва і Польшча.

Бяляцкага затрымалі 4 жніўня. Яго ўтрымліваюць у турме на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Міжнародны дэмакратычны зьвяз (International Democrat Union) — міжнароднае аб'яднаньне палітычных партыяў, якія прытрымліваюцца кансэрватыўнай, лібэральна-кансэрватыўнай і хрысьціянска-дэмакратычнай ідэалёгіі. Ён быў створаны ў 1983 годзе групай вядомых кансэрватараў, сярод якіх былі прэм'ер-міністар Вялікабрытаніі Маргарэт Тэтчэр, віцэ-прэзыдэнт ЗША Джордж Буш-старэйшы, канцлер Нямеччыны Гельмут Коль і мэр Парыжу Жак Шырак, каб каардынаваць палітыку, абмен досьведам і выпрацоўку адзінай пазыцыі ў міжнародных пытаньнях. Узначальвае аб'яднаньне Джон Говард, былы прэм'ер-міністар Аўстраліі, піша БелаПАН.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG