Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці дапамогуць пагоны?


Інфармацыя пра дзіўныя пляны стварэньня новага тэрытарыяльнага войска выклікала ажыўленыя камэнтары ў мэдыях. І тут мы шмат гадоў назіраем цікавую зьяву. Чым больш нелягічныя дзеяньні і словы Лукашэнкі, тым больш зьяўляецца эўрыстычных здагадак, вэрсій, гіпотэз, якія спрабуюць тлумачыць дзівосныя зыгзагі, павароты і выкрунтасы беларускага лідэра. Ён стварыў сваю карціну сьвету, паралельную рэальнасьць, у якой жыла і яшчэ працягвае жыць ня толькі значная частка насельніцтва краіны, але і некаторыя экспэрты. Вось, напрыклад, некалі нядрэнны палітоляг Юрый Шаўцоў усьлед за Лукашэнкам усур’ёз абмяркоўвае магчымасьць акупацыі Беларусі замежнымі войскамі.

Між тым шмат якія дзеяньні кіраўніка Беларусі ня маюць ніякага рацыянальнага абгрунтаваньня, палітычнай лёгікі, а зьяўляюцца проста ірацыянальнай рэакцыяй
Калі гаворка заходзіць пра апазыцыю, Лукашэнка пераходзіць на крык.

на страх, адлюстраваньнем ягонага псыхалягічнага стану ў нейкі канкрэтны момант. Існуюць пэўныя паняцьці ці сюжэты, на якія Лукашэнка ня можа рэагаваць спакойна, спрацоўваюць нейкія падсьвядомыя жахі, і тады ён пераходзіць ва ўзбуджэньне. Напрыклад, даўно заўважана, што вось прэзыдэнт выступае, спакойна разважае, але калі гаворка заходзіць пра апазыцыю, ён тут жа пераходзіць на крык.

Адна з тэмаў, якія выклікаюць неадэкватную рэакцыю беларускага кіраўніка, — зьвяржэньне дыктатараў у іншых краінах сьвету. Узгадайце, які лямант узьняўся на афіцыйным узроўні ў Беларусі, калі зрынулі Слабадана Мілошавіча ў Югаславіі ці Садама Хусэйна ў Іраку.

Паўтара года таму, калі зрынулі прэзыдэнта Кіргізстану Бакіева і Лукашэнка прывёз яго ў Беларусь, беларускія і замежныя экспэрты, палітыкі губляліся ў здагадках. Навошта? Што б гэта значыла? Якія мэты імкнуўся рэалізаваць беларускі лідэр гэтым крокам?

Цяпер, праз паўтара года, можна казаць, што, даючы палітычны прытулак Бакіеву, ніякіх дывідэндаў Лукашэнка не атрымаў. Наадварот, ён гэтым сваім крокам ушчэнт пасварыўся з Расеяй,
Даючы палітычны прытулак Бакіеву, Лукашэнка ўшчэнт пасварыўся з Расеяй

бо ўлез у сфэру ўплыву Масквы. У выніку гэта стала апошнім пунктам, пасьля якога расейскае кіраўніцтва пачало паўгадавую інфармацыйную вайну супраць беларускага кіраўніка. Гэта была спантанная рэакцыя на балючую для Лукашэнкі тэму зьвяржэньня аўтарытарнага ўладара, уладу якога прэзыдэнт Беларусі разглядае як сакральную. Можна меркаваць, што нейкія канкрэтныя дзеяньні ў адказ на такі гвалт у адносінах да замежных дыктатараў трохі супакойваюць беларускага лідэра. Гэта такая своеасаблівая псыхатэрапія.

Зразумела, жахлівая гібель Муамара Кадафі не магла пакінуць Лукашэнку абыякавым. Стварэньне тэрытарыяльнага войска — гэта такая ж спантанная рэакцыя на падзеі ў Лібіі. Бо трэба ж нешта рабіць, нельга проста сядзець і чакаць. Вось ён і робіць, як разумее.

Атрымалася трохі сьмешна і дзівосна. Тэрытарыяльнае войска як чыньнік змаганьня з вонкавай агрэсіяй выглядае несур’ёзна. Пацешнае войска, "партызаны" з аўтаматамі ў сучаснай вайне супраць авіяцыі і крылатых ракет глядзіцца як танная бутафорыя.

Наўрад ці тэрытарыяльнае войска дапаможа ў змаганьні з рэвалюцыяй. Калі спэцназ, унутраныя войскі ня ўправяцца з пратэстамі, то на апалчэнцаў малая надзея. Увогуле, даваць у рукі народа зброю падчас крызісу — ня самая лепшая ідэя. Можна ўзгадаць, чым гэта скончылася ў Расеі ў 1917 годзе.

Адзіны рацыянальны момант, які існуе ў гэтай ідэі, — гэта сродак дадатковай мабілізацыі намэнклятуры. Лукашэнка баіцца крызісу вярхоў, бунту вышэйшага чынавенства. Сярод заходніх палітыкаў і экспэртаў папулярныя ідэі, што для перамен у Беларусі трэба рабіць стаўку на раскол унутры кіроўнай эліты.
Лукашэнка баіцца крызісу вярхоў, бунту вышэйшага чынавенства.

Гэта не дадае спакою беларускаму кіраўніку, асабліва на тле падзеньня ягонага рэйтынгу, аслабленьня народнай падтрымкі, легітымнасьці. Адсюль і ўзьнікла ідэя зьвязаць вышэйшае чынавенства яшчэ адной повязьзю. Тады становіцца зразумелым публічнае прысваеньне генэральскіх званьняў кіраўнікам рэгіёнаў. Адна справа, калі губэрнатар не падпарадкоўваецца прэзыдэнту, і зусім іншая — калі генэрал-маёр не падпарадкоўваецца галоўнакамандуючаму ўзброенымі сіламі. Гэта ўжо здрада, вайсковы трыбунал. Узгадваю, як калісьці Лукашэнка выгаворваў дэпутату Палаты прадстаўнікоў генэралу Фралову, які перайшоў у апазыцыю: ты спачатку пагоны здымі, а потым будзеш крытыкаваць галоўнакамандуючага.

Але ці дапамогуць пагоны, ператварэньне ўсёй краіны ў адну вялікую казарму? Бо войска — гэта такі ж сацыяльны арганізм, як і іншыя грамадзкія інстытуты. І калі ўсё пачне раскладацца, то гэты працэс не абміне і войска.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG