Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пагроза «страчанага дзесяцігодзьдзя» над сусьветнай эканомікай


Эўракамісар Олі Рэн, намесьнік старшыні Эўракамісіі ў пытаньнях эканомікі і зоны эўра, заявіў сёньня ў Брусэлі, што пэрспэктывы эўрапейскай эканомікі выглядаюць змрочна.

«Эканамічны рост у Эўразьвязе спыніўся, і існуе пагроза новага спаду, калі ня будуць зробленыя рашучыя захады», – сказаў Рэн.

Паводле прагнозу, прадстаўленага Рэнам, у 2012 годзе ў Эўразьвязе будзе стагнацыя – агульны эканамічны рост на працягу году не перавысіць 0,5%. У 2013 чакаецца вяртаньне да павольнага эканамічнага росту 1,5%. Беспрацоўе ўтрымаецца на сёньняшнім узроўні 9,5%. Інфляцыя ў найбліжэйшыя месяцы можа перавысіць 2%.

Яшчэ больш змрочныя пэрспэктывы для эўрапейскай і сусьветнай эканомікі бачыць выканаўчы дырэктар Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) Крыстын Лягард, якая, выступаючы на міжнародным фінансавым форуме ў Пэкіне 9 лістапада, заклікала Кітай і іншыя краіны не дапусьціць, каб цяперашні даўгавы крызіс у Эўропе распаўсюдзіўся на іншыя часткі сьвету і выклікаў «страчанае дзесяцігодзьдзе» няпэўнасьці і фінансавай нестабільнасьці ў сьвеце.

У Пэкіне дырэктарка МВФ абмеркавала з кітайскім кіраўніцтвам удзел Кітаю ў пашырэньні Эўрапейскага фонду фінансавай стабільнасьці. Лягард таксама заклікала Кітай павысіць курс юаня ў адносінах да эўра і амэрыканскага даляра. На думку эўрапейскіх і амэрыканскіх партнэраў Кітаю, гэты курс штучна заніжаны, што прыводзіць да дысбалянсу ў міжнародным гандлі і пагаршае эканамічны крызіс.

У Эўропе галоўны неспакой зараз датычыць Італіі, якая, як лічаць экспэрты, ужо ня ў стане вырашыць праблему свайго дзяржаўнага доўгу бяз вонкавай фінансавай дапамогі – падобна як раней Грэцыя, Ірляндыя і Партугалія. Аднак доўг Італіі – трэцяй па велічыні эканомікі ў Эўропе і восьмай у сьвеце – цяпер дасягае 1,9 трыльёна эўра. Гэта больш, чым агульны доўг трох вышэйзгаданых краінаў.

Прэм’ер-міністар Італіі Сыльвіё Бэрлюсконі заявіў 9 лістапада, што ён гатовы пайсьці ў адстаўку, калі будзе прынятая праграма па скарачэньні дзяржаўных выдаткаў у краіне, як гэтага патрабуе Эўразьвяз. Аднак гэтае абяцаньне не палепшыла настрояў інвэстараў, і стаўкі па італьянскіх дзяржаўных аблігацыях упалі да крытычнага ўзроўню.

У Грэцыі ўжо былы прэм'ер-міністар краіны Георгіёс Папандрэу 9 лістапада ўручыў афіцыйную просьбу аб адстаўцы прэзыдэнту Караласу Папуліясу. Перамовы аб стварэньні новага ўраду, які павінен ажыцьцявіць непапулярную ў краіне праграму эканамічных рэформаў, працягваюцца ўжо некалькі дзён. Рэформы зьяўляюцца часткай заключанага 27 кастрычніка пагадненьня паміж Атэнамі і Эўразьвязам. Згодна зь ім Грэцыя можа атрымаць 130 мільярдаў эўра фінансавай дапамогі, у якую ўваходзіць сьпісаньне 50 адсоткаў доўгу па грэцкіх дзяржаўных аблігацыях.

Камэнтатары цяперашняй эканамічнай сытуацыя ў Эўропе паўтараюць прыдуманы кімсьці змрочны жарт: Старажытныя Грэцыя і Рым стварылі заходнеэўрапейскую цывілізацыю, а сучасныя Грэцыя і Італія могуць гэтую цывілізацыю разбурыць, прынамсі што тычыцца супольнай эўрапейскай валюты.
XS
SM
MD
LG