Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У пятніцу — чарговая акцыя «Стоп-бэнзін»


У Менску і абласных гарадах Беларусі плянуецца чарговая акцыя пратэсту «Стоп-бэнзін». Яе ўдзельнікі — аўтааматары плянуюць выехаць на цэнтральныя плошчы гарадоў на знак пратэсту супраць падвышэньня цэнаў на бэнзін і іншыя віды аўтамабільнага паліва.

Ініцыятыва аб правядзеньні акцыі пратэсту «Стоп-бэнзін» традыцыйна зьявілася для абмеркаваньня ў сацыяльных сетках пасьля чарговага падвышэньня коштаў на аўтамабільнае паліва 10 лістапада.

Каардынатар кампаніі «За аўто» Арцём Шаркоў: «Аўтааматары зьбіраюцца на акцыю 11.11.2011 а 18:11. Яна адбудзецца па старым правераным сцэнары: людзі зьбіраюцца выехаць у цэнтры розных гарадоў — зараз якраз ідзе абмеркаваньне, у якіх — у абласных і іншых гарадах — і на некаторы час спыніць рух».

Гэтым разам рост цэнаў на аўтамабільнае паліва склаў крыху больш, чым 3%. Ад 10 лістапада кошт бэнзіну складае: «Нармаль-80» — 4900 рублёў за літар (рост на 160 рублёў, або 3,38%), АІ-92 — 5150 (на 180 рублёў, або 3,62%), Аі-95 — 5550 (на 190 рублёў, або 3,54%), дызпаліва — 5750 (на 390 рублёў, або 7,28%). Пры гэтым беларускія кошты бэнзіну і аўтапаліва застаюцца на 35-40% ніжэй за расейскія. Беларусь жа імкнецца да ўраўнаважваньня гэтай розьніцы, паведаміла прэсавы сакратар канцэрну «Белнафтахім» Марына Касьцючэнка:
Мы лічым, што ў Беларусі паліва ня можа быць больш танным, чым у Расеі — галоўным пастаўшчыку сыравіны для яго вытворчасьці

«Пакуль што я не магу сказаць, як будзе разьвівацца гэтая сытуацыя, але, безумоўна, на ўнутраным рынку кошт усіх відаў аўтамабільнага паліва стратны. Мы лічым, што ў Беларусі паліва ня можа быць больш танным, чым у Расеі — галоўным пастаўшчыку сыравіны для яго вытворчасьці. Мы арыентуемся на краіну-суседку, на краіну, зь якой знаходзімся ў мытным саюзе, тым больш, што мы набываем там сыравіну».

Паводле заяваў кіраўніка краіны, кошты аўтамабільнага паліва павінны падвышацца ня больш чым на 3% кожны квартал. Аднак некаторы час трывалі чуткі пра рэзкае падвышэньне — да 7 тысяч рублёў за літар бэнзіну, і гэта справакавала ажыятаж на аўтазапраўках. Адмыслоўцы мяркуюць, што гэтая мяжа будзе набліжацца, але паволі, каб не справакаваць сацыяльныя пратэсты.

Палітоляг Юры Чавусаў: «Доўгі час стрымлівалася падвышэньне коштаў паліўных рэсурсаў праз тое, што гэта сацыяльна адчувальны прадукт, і праз напружаньне розных сэктараў эканомікі гэтае падаражэньне адбывалася паступова. І надалей рэжым, напэўна, будзе захоўваць гэты падыход да такога кшталту „адчувальных тавараў“. Бо, як паказвае досьвед, адначаснае падвышэньне цэнаў на іх можа выклікаць сацыяльныя ўзрушэньні. На жаль, нам трэба прызвычайвацца, што нашая краіна бедная, самая бедная краіна нашага рэгіёну. І ў гэтай сытуацыі адпавядаць стандартам спажываньня заходніх краінаў — ці дакладней, ёсьць такі тэрмін: „аўтамабільная эканоміка“ — адпавядаць такім стандартам спажываньня мы ня можам».

Кошты на аўтамабільнае паліва падвысіліся сёньня дзясяты раз за год.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG