Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзяржаўныя прадпрыемствы прымушаюць плаціць за Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта»


Чыноўнік управы капітальнага будаўніцтва Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта арыштаваны паводле абвінавачаньня ў хабары і службовым злоўжываньні. Назіральнікі адзначаюць: сьледчыя выйшлі на спосаб махлярства, які распаўсюджаны ў вышэйшых дзяржаўных установах Беларусі.

Паводле незалежнага інтэрнэт-выданьня «Ежедневник», пракуратура Менску арыштавала адказнага супрацоўніка Галоўнай управы капітальнага будаўніцтва, якая ўваходзіць у склад Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта, і завяла на яго справу. Падазраецца чыноўнік у хабарніцтве і злоўжываньні службовым становішчам.

Другі эпізод у ягонай справе выклікаў асаблівую ўвагу назіральнікаў. Паводле сьледчых, чыноўнік нібыта даў загад свайму падначаленаму аформіць дакумэнты на набыцьцё для арганізацыі камплекту службовай мэблі на суму 140 мільёнаў рублёў, якую аплаціў са свайго рахунку дзяржаўны канцэрн «Белнафтахім». Цяпер сьледчыя разьбіраюцца, ці няма ў гэтай зьдзелцы асабістай зацікаўленасьці.

Незалежны журналіст Сяргей Сацук, які шмат піша пра парадкі ў беларускай уладзе, лічыць гэтую справу тыповай:

Гэта распаўсюджаная ў нас практыка, калі прымушаюць дзяржаўныя прадпрыемствы купляць для ўстаноў мэблю, кампутары, рабіць рамонты

«Гэта распаўсюджаная ў нас практыка, калі прымушаюць дзяржаўныя прадпрыемствы купляць для ўстаноў мэблю, кампутары, рабіць рамонты».

У Менскай гарадзкой пракуратуры не камэнтуюць зьвесткі пра завядзеньне справы на адказнага супрацоўніка Кіраўніцтва спраў. Супрацоўнік пракуратуры Сяргей Балышаў адмовіўся назваць і прозьвішча падазраванага чыноўніка.

У Рэспубліканскай пракуратуры не выключаюць, што такая справа вядзецца, і называюць будаўніцтва адной з самых карумпаваных галінаў.

Паводле зьвестак зь іншых крыніц, прозьвішча затрыманага чыноўніка — Буцько.

Назіральнікі адзначаюць, што за апошнія гады стала меней выяўленых фактаў карупцыі ў галоўных установах і прадпрыемствах, а калі такія факты і ўсплываюць, то вінаватымі аказваюцца не асноўныя начальнікі, а дробныя клеркі. Міністры і дырэктары сталі больш сумленнымі ці больш асьцярожнымі? Журналістка «Народнай волі» Марына Коктыш згадала, што сёлета, калі генпракурорам Беларусі быў яшчэ Рыгор Васілевіч, публічна заяўлялася пра выкрытыя факты карупцыі ў некаторых міністэрствах і на буйных заводах, але цяпер пра гэта нічога не паведамляюць. Або расьсьледаваньні спыніліся? Марына Коктыш кажа пра асаблівасьці цяперашняга часу:

«Няма каманды зьверху. У тым ліку супроць міністраў і буйных чыноўнікаў. А кіраўніцтва наверсе, мяркую, не сьпяшаецца з такімі камандамі. Яму, магчыма, проста нявыгадна гэта, бо і сярод чынавенства сёньня напружаная абстаноўка. У гэтых чыноўнікаў таксама ёсьць сем’і, ёсьць сваякі, якія кожны вечар ім „выносяць мозг“ адносна тых жа пытаньняў, якія хвалююць нас з вамі. Гэта і цэны, і лёс краіны, і што будзе далей, ці сапраўды даляр будзе ўлетку 22 тысячы. Мяркую, адна такая каманда, другая — і могуць і міністры ня вытрымаць».

Паводле МУС Беларусі, 20 кастрычніка быў затрыманы кіраўнік сакратарыяту Савету Рэспублікі Беларусі Глеб Бядрыцкі. Паводле неафіцыйных зьвестак, Бядрыцкага затрымалі нібыта зь вялікай сумай грошай. Зьвесткі пра выстаўленьне абвінавачаньня Глебу Бядрыцкаму ў мэдыі не траплялі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG