Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Захад абмяркоўвае новыя санкцыі супраць Ірану


Заходнія краіны ўзважваюць магчымасьць узмацніць жорсткасьць міжнародных санкцый супраць Ірану пасьля справаздачы Міжнароднага агенцтва ядзернай энэргіі (МАГАТЭ), якое адзначае, што Тэгеран можа працягваць намаганьні стварыць ядзерную зброю.

МАГАТЭ, якое падпарадкоўваецца Арганізацыі аб’яднаных нацый, у сваім дакладзе 9 лістапада сьцьвярджае, што валодае інфармацыяй, паводле якой Іран правёў выпрабаваньні, «датычныя да стварэньня ядзернага выбуховага прыстасаваньня». МАГАТЭ ўпершыню ў сваёй справаздачы зьвязала ядзерную праграму Ірану наўпрост з вырабам ядзернай зброі.

Тэгеран назваў справаздачу МАГАТЭ «незбалянсаванай і палітычна матываванай», а прэзыдэнт Ірану Махмуд Ахмадзінэжад заявіў, што краіне «не патрэбная атамная бомба».

Міністар замежных спраў Францыі Ален Жупэ заявіў, што справаздача МАГАТЭ патрабуе абмеркаваньня ў Радзе бясьпекі ААН.

Міністар замежных спраў Нямеччыны Гіда Вэстэрвэле загаварыў пра магчымасьць новых санкцый супраць Ірану, калі Тэгеран не адмовіцца ад вырабу ядзернай зброі.

«Калі Іран адмовіцца ад сур’ёзных перамоваў наконт сваёй ядзернай праграмы, новыя і жорсткія санкцыя стануць непазьбежнымі. Рашучыя і шырокія санкцыі – гэта слушны шлях. Мы адхіляем усе дыскусіі наконт выкарыстаньня вайсковай сілы», – сказаў Вэстэрвэле.

Міністар замежных спраў Вялікабрытаніі Ўільям Хэйг заявіў у парлямэнце, што ягоная краіна «ўзважвае дадатковыя захады супраць фінансавага і нафта-газавага сэктараў Ірану».

Выглядае аднак, што верагоднасьць новых санкцый супраць Ірану з боку ААН – даволі малая. Супраць санкцый выказалася Расея. Намесьнік міністра замежных спраў Расеі Генадзій Гацілаў сказаў журналістам, што ўвядзеньне новых санкцый можа быць зразуметае як ціск на Тэгеран з мэтай зьмены палітычнага рэжыму. Іншы сталы сябра Рады бясьпекі ААН, Кітай, заклікаў да вырашэньня іранскай праблемы «праз супрацоўніцтва».

Вашынгтон таксама вагаецца, ці новыя санкцыя супраць Тэгерану ў вельмі хісткай глябальнай эканоміцы будуць мэтазгоднымі. Паводле камэнтароў у амэрыканскай прэсе, прэзыдэнт ЗША Барак Абама баіцца заблякаваць экспарт іранскай нафты поўнасьцю, каб ня выклікаць новага скачка цэн на энэргарэсурсы і такім чынам не паглыбіць эканамічнага крызысу.

Тым часам у сусьветнай прэсе зьявіліся дапушчэньні, што Ізраіль можа нанесьці вайсковыя ўдары па ядзерных аб’ектах Ірану, каб такім чынам прыпыніць працу над стварэньнем іранскай ядзернай бомбы. Ізраіль, хоць ніколі гэтага не прызнаў афіцыйна, лічыцца адзінай краінай на Блізкім Усходзе, якая мае атамную бомбу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG