Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мікола Шарах патрабуе ад “Шкловалакна” мільён рублёў


Мікола Шарах

Мікола Шарах

Актывіст Свабоднага прафсаюзу Мікола Шарах судзіцца з адміністрацыяй ААТ “Шкловалакно”, бо яму не даплачваюць за дадатковую працу. 10 лістапада ў Полацкім гарадзкім судзе адбылося чарговае пасяджэньне, дзе спадар Шарах запатрабаваў ад прадпрыемства грашовай кампэнсацыі за мінулыя паўгода.

Мікола Шарах працуе памочнікам майстра ў цэху № 7, дзе робяць шкланітку. У гэтым цэху падвышаная працоўная нагрузка на кожнага працаўніка: апэратараў змушаюць абслугоўваць дадатковую колькасьць печаў. Адпаведна, пашыраюцца і працоўныя абавязкі памочніка майстра, лічыць Шарах.

“Наймальнік ня плаціць нам за дадатковую працу. І я падлічыў, колькі завінавацілася ААТ “Шкловалакно” мне асабіста за апошнія паўгода. Атрымалася сума пад мільён рублёў — па 150-200 тысяч запазычанасьці штомесяц”, — заявіў Мікола Шарах.

Прадстаўнік адміністрацыі прадпрыемства, начальнік юрыдычнага аддзелу Васіль Зацірахін на судзе не пагадзіўся з прафсаюзным актывістам.

11 лістапада судзьдзя Ірына Даротка павінна вырашыць — абавязаць наймальніка заплаціць запатрабаваныя актывістам грошы ці адмовіць у гэтым.

Мікола Шарах кажа, што ягоны судовы пазоў — гэта першая спроба дамагчыся аплаты дадатковае працы, і судовы досьвед можа прыдацца іншым работнікам: “Наймальнік не даплачвае работнікам трох цэхаў — №№ 6, 7 і 12. Гэта прыкладна 250 чалавек”.

Сьледам за спадаром Шарахам у суд зьвярнуўся старшыня суполкі Свабоднага прафсаюзу, апэратар цэху № 7 Віктар Стукаў. У яго аналягічныя патрабаваньні — матэрыяльная кампэнсацыя за неаплачаную працу.

Апрача гэтага, незадаволеныя работнікі “Шкловалакна” напісалі ліст да кіраўніка прадпрыемства.

Віктар Стукаў

Віктар Стукаў

“Я правёў апытаньне апэратараў маёй зьмены ў цэху № 7. На пытаньне, ці мусіць кіраўніцтва належным чынам аплачваць дадатковую працу, станоўчы адказ далі 100% маіх калегаў. Калі я ўдакладніў, якім чынам мы мусім патрабаваць гэтага, 30% сказалі, што трэба пісаць калектыўны ліст на імя Генэральнага дырэктара. Такі ліст мы склалі, і яго падпісаў 21 чалавек”, — апавёў спадар Стукаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG