Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Бандарэнка выступіць у ААН з дакладам пра катаваньні ў Беларусі


Андрэй Бандарэнка

Андрэй Бандарэнка

11 лістапада ў Жэнэве Камітэт ААН супраць катаваньняў разгледзіць пэрыядычную справаздачу Беларусі пра выкананьне Канвэнцыі ААН аб забароне катаваньняў і іншых відаў жорсткага і бесчалавечнага абыходжаньня зь вязьнямі.

Падчас слуханьняў на Камітэце будуць прадстаўленыя два беларускія даклады. Акрамя справаздачы афіцыйнай беларускай дэлегацыі будзе заслуханы альтэрнатыўны даклад, падрыхтаваны беларускімі няўрадавымі арганізацыямі і праваабаронцамі (камітэтам "Салідарнасьць", Прававой ініцыятывай, Беларускім Хэльсынскім камітэтам, Цэнтрам прававой трансфармацыі, інфармацыйна-асьветніцкай установай "Плятформа").

У Жэнэве з гэтым альтэрнатыўным дакладам выступіць кіраўнік "Плятформы" Андрэй Бандарэнка. Справаздача ўключае ў сябе факты катаваньня палітвязьняў, а таксама асуджаных розных калёніяў, невыкананьня Беларусьсю міжнароднага і нацыянальнага заканадаўства ў галіне правоў чалавека.

Канвэнцыя ААН супраць катаваньняў была прынятая 10 сьнежня 1984 году. Да яе далучылася 58 дзяржаў. Сябар ААН — Беларусь ратыфікавала дакумэнт 29 сьнежня 1987 году ўказам Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР.

Андрэй Бандарэнка, перакладчык паводле прафэсіі, да зьняволеньня ў 2009 годзе займаўся прадпрымальніцкай дзейнасьцю. У 2008 годзе ўдзельнічаў у выбарах у Палату прадстаўнікоў . Быў асуджаны на 7 гадоў бабруйскай калёніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачаньні ў крадзяжы ў буйных памерах, злоўжываньні службовым становішчам, махлярстве. Праз год і 10 месяцаў зьняволеньня Бандарэнка быў апраўданы Менскім гарадзкім судом.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG