Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйск: Міліцыя шукае арганізатараў шэсьця на Дзяды


У Бабруйску паўторна дапыталі двух удзельнікаў мясцовай акцыі, якая праводзілася 2 лістапада ў памяць ахвяраў палітычных рэпрэсій. У Арцёма Мархасёва ды Марыі Івановай міліцыянты выпытвалі, хто арганізаваў акцыю. Пасьля пратаколу апытаньня на моладзевых актывістаў склалі й пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэньні.

Прабылі актывісты ў міліцыі па паўтары гадзіны.

Актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Арцёма Мархасёва дапытваў супрацоўнік Першамайскага аддзелу міліцыі Аляксей Гангараў.
Адразу было відаць, што яго пісалі да майго допыту

Мархасёў: «У пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэньні былі толькі некалькі слоў з таго, што я казаў для пратаколу апытаньня. Адразу было відаць, што яго пісалі да майго допыту. Настойліва задавалі пытаньні, зьвязаныя з тым, хто арганізаваў шэсьце са сьвечкамі. Але напраўду не было арганізатараў. Мы спантанна вырашылі так зрабіць. Я размаўляў пасьля допыту з Марыяй Іванановай, і яе схілялі да таго, каб яна назвала арганізатарам Віктара Бузінаева, які цяпер на „сутках“ за Народны сход. Што далей будзе з пратаколамі, нам не сказалі, але мне падаецца, што неўзабаве будзе позва ў суд. У пратаколе я абвінавачваюся ва ўдзеле ў шэсьці, на якім я нібыта выказваў незадавальненьне сытуацыяй у краіне ды прыцягваў увагу грамадзян».

Акрамя Арцёма Мархасёва й Марыі Івановай у міліцыю праз тэлефон выклікалі яшчэ двух удзельнікаў памінальнай акцыі Алену й Дзьмітрыя Тоўсьцікаў. Ісьці на допыт бяз позвы тыя адмовіліся.

Чатырох удзельнікаў памінальнай акцыі са сьвечкамі ў руках затрымалі 2 лістапада ўвечары непадалёк ад Сьвята-Мікалаеўскага сабору Бабруйску. Блякавалі на вуліцы Гогаля, гвалтам зацягнулі ў службовую машыну й даставілі ў пастарунак. Там склалі пратаколы затрыманьня. Пасьля дзьвюхгадзіннай няволі адпусьцілі.

Актывісты хацелі ўшанаваць памяць рэпрэсаваных каля памятнага знаку на плошчы Перамогі. Да яе не дайшлі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG