Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Менску бяз стратаў адчынілася выстава Марачкіна


Выстава Аляксея Марачкіна адчынілася пры поўным аншлягу, калі так можна казаць пра мастацкія выставы. На другім паверсе Палаца мастацтваў выстаўлена ў экспазыцыі амаль сто твораў. І ня менш (калі ня больш) было прысутных на адкрыцьці.

Многія выступоўцы называлі Марачкіна мастаком-эпохай, мастаком-адлюстравальнікам нашага жыцьця. І гэта так, калі ўлічыць, што ў экспазыцыі прадстаўленыя творы, пачынаючы з 1967 году — калі Марачкін яшчэ быў студэнтам мастацкага інстытуту.


Экспазыцыю складаюць творы розных жанраў. Гэта жывапіс, графіка, у якой ён намаляваў партрэты нашых знакамітых гістарычных асобаў, гэта і вельмі цікавы народны жанр — прасьніцы. На іх зьмешчаныя выявы сьвятых, фальклорныя пэрсанажы і проста сюжэты з паданьняў беларускага фальклору.

Напярэдадні выставы аўтар ня быў упэўнены, ці ўвойдуць у канчатковую экспазыцыю яго самыя надзённыя творы. Але ўсе гэтыя працы ўвайшлі ў экспазыцыю, ацалелі, прынамсі пакуль што. Я стаю побач з працай, якая называецца «Сьцяна» — гэта турэмны мур, на якім напісаныя розныя палітычныя лёзунгі з патрабаваньнем вызваліць палітвязьняў. Гэтая карціна, дарэчы, была зьнятая з папярэдняй выставы Аляксея Марачкіна. Таксама зьмешчаныя ў экспазыцыі праца, прысьвечаная легендарнаму Мірону, які вывешвае бел-чырвона-белыя сьцягі і партрэт знакамітага мастака-адраджэнца Яўгена Куліка, які трымае ў руках бел-чырвона-белы сьцяг. Шмат партрэтаў дзеячоў сучаснай беларускай эліты, якія нашай уладай успрымаюцца рэзка адмоўна. У прыватнасьці, зьмешчаны партрэт Зянона Пазьняка. Ёсьць тут і працы, зьвязаныя зь бесьперапынным імкненьнем нашай улады да саюзу з Расеяй. Гэта таксама востра публіцыстычныя творы. Усе яны ў экспазыцыі ацалелі.

Выстава будзе цягнуцца да 20 лістапада, і мастак вельмі спадзяецца, што ўсе гэтыя працы ацалеюць у экспазыцыі да самага закрыцьця.
Аляксей Марачкін (у цэнтры).
Пісьменьнік Сяргей Законьнікаў і палітык Аляксандар Казулін на адкрыцьці выставы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG