Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеву забаранілі лячыцца за мяжой, але ён не паслухаецца


Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў

Крымінальна-папраўчая інспэкцыя Ленінскага раёну сталіцы не дазволіла былому кандыдату ў прэзыдэнты Ўладзімеру Някляеву выехаць для лячэньня за мяжу. Ён зьбіраўся паехаць у адну з заходніх краінаў і зьвярнуўся з афіцыйнай заявай. У інспэкцыі прычыны адмовы патлумачылі тым, што, маўляў, і ў Беларусі ёсьць добрыя спэцыялісты-мэдыкі і добрая сыстэма аховы здароўя.

На думку Някляева, «улада дэманструе цынізм і падонства. Хворых людзей — Зьмітра Бандарэнку пасьля складанай апэрацыі, Міколу Статкевіча пасьля траўмы, Андрэя Саньнікава трымаюць за кратамі ў нечалавечых умовах. Мяне з чэрапна-мазгавой траўмай са шпіталя выдалі сілавым структурам і кінулі ў турму».
Я паеду ўсё адно, бо лічу сябе вольным чалавекам і не прызнаю рашэньня суду

Някляеў згодна з рашэньнем суду павінен з 20:00 да 6:00 знаходзіцца ў хаце, рэгулярна адзначацца і не пакідаць межы Менску. Крымінальна-папраўчая інспэкцыя Ленінскага раёну двойчы выносіла Някляеву афіцыйныя папярэджаньні за парушэньні рэжыму (адно зь іх — за паездку ў Варшаву на саміт Усходняга партнэрства). Вынясеньне трэцяга папярэджаньня пагражае палітыку рэальным турэмным зьняволеньнем замест умоўнага.

Сам Някляеў і не чакаў дазволу на выезд за мяжу. Але мае намер паехаць на лячэньне ў адну з заходніх краінаў, дзе яго будуць лячыць бясплатна. «Я паеду ўсё адно, бо лічу сябе вольным чалавекам і не прызнаю рашэньня суду».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG