Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэю Саньнікаву па-ранейшаму прапаноўваюць напісаць прашэньне аб памілаваньні. Зьмітра Бандарэнку зноў паклалі на лячэньне ў мэдычную частку. Марына Адамовіч мяркуе, што зьвесткі пра шантаж Мікалая Статкевіча дакладныя. Да Зьмітра Дашкевіча ў калёнію выправіўся адвакат.

Экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава трымаюць у адзіночнай камэры і колюць яму ўколы, паведаміла жонка палітыка Ірына Халіп.

«Учора адвакат наведала Андрэя ў Бабруйскай калёніі. У яго зноў абвастрыліся праблемы са сьпінаю. Відаць, мінулым разам не далячылі. Цяпер ён зноў праходзіць курс іньекцыяў. Кажа, што лекары там дастаткова ўважлівыя і сапраўды хочуць яму дапамагчы. Што да падпісаньня прашэньня аб памілаваньні, то на Андрэя на гэтым тыдні ня ціснулі. Але працягвалі пытацца, ці не падпіша ён такое прашэньне».

На мінулым тыдні жонкі палітвязьняў Андрэя Саньнікава, Мікалая Статкевіча і Зьмітра Бандарэнкі правялі сумесную прэсавую канфэрэнцыю, на якой распавялі пра ціск на іх мужоў з мэтай дамагчыся ад іх прашэньняў на імя Лукашэнкі.

«Прэсавая канфэрэнцыя мела той вынік, што ціск стаў не такі непрыхаваны, ускосны», — мяркуе Ірына Халіп.

Тым часам са Шклоўскай калёніі, дзе трымаюць Мікалая Статкевіча, праз аднаго зь вязьняў дайшлі зьвесткі, што Мікалая Статкевіча шантажавалі, дамагаючыся, каб ён напісаў прашэньне аб памілаваньні. «Яму пагражаюць непрыемнасьцямі ў жонкі і яе сына, нават што іх арыштуюць, калі не падпіша гэтай паперы», — перадала крыніца з калёніі.

Марына Адамовіч лічыць такі шантаж цалкам магчымым. Жонка палітыка распавяла пра дзіўныя рэчы, якія пачалі адбывацца зь яе кампутарам.
На нашы з сынам кампутары была вельмі выразная атака з мэтай запуску ў кампутары праграмаў-шпіёнаў

«На нашы з сынам кампутары была вельмі выразная атака з мэтай запуску ў кампутары праграмаў-шпіёнаў. Гэта было ўчора. Як гэта робіцца, я ня ведаю, магчыма, гэта было выпадкова, але ў выніку, калі быў уключаны мадэм, з майго кампутара імкліва спампоўвалася інфармацыя. Да мяне не прыйшло ані байта інфармацыі, а з майго кампутара выйшаў гігабайт інфармацыі. Гэта мяркуючы па тым, што мне намаляваў, скажам гэтак, экран».

Паводле апошніх зьвестак, экс-кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч зноў працуе на лесапілцы на сваім ранейшым працоўным месцы — падносіць дошкі, бярвеньне. У верасьні стала вядома, што на гэтай працы Статкевіч пашкодзіў руку, пазьней зьявіліся дадзеныя, што ў палітыка таксама было зламанае рабро. Між тым неўзабаве пасьля траўмаў турэмныя лекары вырашылі, што ён можа працаваць.

Каардынатара «Эўрапейскай Беларусі» Зьмітра Бандарэнку пасьля знаходжаньня ў атрадзе зноў вярнулі ў мэдычную частку. Жонка апазыцыянэра Вольга Бандарэнка мела з мужам кароткую тэлефонную размову.

«Паклалі, праўда, толькі на два тыдні, хоць раней абяцалі ўвесь час трымаць у мэдычнай частцы. А потым перавялі ў атрад, а атрад працоўны, рэжымны. Зразумела, дзеля чаго гэта рабілася».

У Зьмітра Бандарэнкі вялікія праблемы з хрыбетнікам. У зьняволеньні палітвязьню зрабілі апэрацыю, пасьля якой у звычайных умовах чалавеку патрэбна некалькі месяцаў рэабілітацыі пад наглядам дактароў. Замест гэтага Бандарэнка апынуўся ў калёніі ў Магілёве, дзе ўжо другі раз трапіў у мэдычную частку.

Вольга Бандарэнка мяркуе, што спробы ўгаварыць яе мужа напісаць прашэньне аб памілаваньні працягваюцца і што, каб дамагчыся свайго, улады выкарыстоўваюць дрэнны фізычны стан Зьмітра Бандарэнкі.

Вядомы ангельскі драматург Том Стопард накіраваў Бандарэнку паштоўку са словамі падтрымкі і пажаданьнямі лепшага часу. Ці дайшла паштоўка да адрасата, невядома.

9 лістапада адвакат наведаў у Глыбоцкай турме лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча. «Падрабязнасьці будуць пазьней», — сказала «Свабодзе» Наста Палажанка, нявеста палітвязьня. Паводле яе, за мінулы тыдзень ад Зьмітра прыйшло некалькі лістоў. Ён па-ранейшаму у адзіночнай камэры, на ўмовы ня скардзіўся.

Зьміцер Дашкевіч
Нарадзіўся 20 ліпеня 1981 г. у вёсцы Кушняры Івацэвіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Да пяці гадоў жыў у Расеі на Далёкім Усходзе. Потым сям’я перабралася ў Старыя Дарогі. Там скончыў школу № 2. Вучыўся ў Гарадзенскім сельскагаспадарчым інстытуце. У 2001 годзе прыйшоў у "Малады фронт". Увосень 2001 г. быў адным з абаронцаў Курапатаў. Пазьней паступіў у Віленскі пэдагагічны ўнівэрсытэт на факультэт славістыкі. Быў абраны кіраўніком Менскай гарадзкой арганізацыі "Маладога фронту". Актыўны ўдзельнік і арганізатар масавых акцыяў і мерапрыемстваў. За сваю палітычную дзейнасьць неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці. У 2004 г. абраны старшынём "Маладога фронту".
Зьміцер Бандарэнка
Грамадзкі актывіст, сябра ГА «БАЖ». Нарадзіўся ў Менску 28 верасьня 1963 году.

У 1984 г. скончыў Інстытут фізычнай культуры.

У 1995–1996 гг. працаваў на незалежным Радыё 101.2 FM, зачыненым уладамі.

Адзін з заснавальнікаў грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя-97», каардынатар грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь».

У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. быў актывістам штабу кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава. Быў арыштаваны 20 сьнежня ва ўласнай кватэры і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Першапачаткова ў дачыненьні да яго было высунутае абвінавачваньне па арт. 293 КК (масавыя непарадкі), які прадугледжвае пакараньне да 15 гадоў пазбаўленьня волі, аднак 4 красавіка яно было перакваліфікавана на больш мяккае.

Зьміцер Бандарэнка абвінавачваецца па ч. 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Артыкул прадугледжвае пакараньне штрафам, або арыштам на тэрмін да шасьці месяцаў, ці абмежаваньнем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленьнем волі на той жа тэрмін.
Мікола Статкевіч
Нарадзіўся 12 жніўня 1956 году ў вёсцы Лядна Слуцкага раёну Менскай вобласьці ў сям'і настаўнікаў.

1978 г. Скончыў Менскую вышэйшую інжынэрную зэнітна-ракетную вучэльню.

1986 г. Абараніў кандыдацкую дысэртацыю.

Працаваў выкладчыкам Менскай вышэйшай інжынэрнай зэнітна-ракетнай вучэльні.

Люты 1991 г. На знак пратэсту супраць падзей у Вільні выйшаў з КПСС.

1991 г. Сябра Цэнтральнай рады і выканаўчага камітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).

1995 г. Старшыня БСДП (НГ).

1991—1995 гг. Стваральнік і кіраўнік Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў.

2000 г. Удзельнічаў у выбарах у Палату прадстаўнікоў.

2005 г. Асуджаны на тры гады абмежаваньня волі за арганізацыю 18—19 кастрычніка 2004 году ў Менску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. Па амністыі тэрмін абмежаваньня волі быў скарочаны на год.

Кіраўнік аргкамітэту ў справе стварэньня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).
Андрэй Саньнікаў
Нарадзіўся ў Менску 8 сакавіка 1954 года. Скончыў Менскі дзяржаўны інстытут замежных моваў, Дыпляматычную акадэмію Міністэрства замежных справаў СССР у Маскве. Валодае чатырма мовамі. Працаваў у Таварыстве дружбы з замежнымі краінамі, у сакратарыяце ААН у Нью-Йорку, быў дарадцам прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь у Швайцарыі.

У 1995-1996 гг. — намесьнік міністра замежных спраў Беларусі. Пакінуў гэтую пасаду ў лістападзе 1996 год на знак пратэсту супраць правядзеньня рэферэндуму. У лістападзе 1997 году стаў стваральнікам і міжнародным каардынатарам грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя’97».

У 2008 годзе ініцыяваў грамадзянскую кампанію «Эўрапейская Беларусь».

Ляўрэат міжнароднай прэміі імя Бруна Крайскага ў галіне абароны правоў чалавека (2005 г.).

Кандыдат у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG