Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі пакараны арыштам старшыня аргкамітэту Народнага сходу


Васіль Палякоў

Васіль Палякоў

Судзьдзя Савецкага раёну Гомеля Віктар Купрацэвіч 9 лістапада пакараў старшыню гарадзкога аргкамітэту правядзеньня Народнага сходу, кіраўніка рэгіянальнай арганізацыі АГП Васіля Палякова 5 суткамі арышту.

На самым пачатку разгляду адміністрацыйнай справы спадар Палякоў заявіў адвод судзьдзі на той падставе, што той адмовіўся выклікаць у суд так званых сьведак — супрацоўніцу адміністрацыі Чыгуначнага раёну Людмілу Мяшкову й студэнта дзяржунівэрсытэту імя Францыска Скарыны Аляксандра Мележа, а таксама не дапусьціў у працэс у якасьці прадстаўніка юрыста Леаніда Судаленку.

Адводу судзьдзя Купрацэвіч не прыняў і стаў разглядаць справу па сутнасьці.

Міліцыя зьвінаваціла Васіля Палякова ў тым, што ён распаўсюдзіў у горадзе ўлёткі з запрашэньнем прыйсьці 12 лістапада пад ДК «Віпра» на сход. Ва ўлётках быў пазначаны ягоны мабільны тэлефон. І калі вышэйзгаданыя сьведкі нібыта патэлефанавалі на мабільнік, то спадар Палякоў запрасіў іх на гэты сход. А паколькі дазволу гарадзкіх уладаў на сход няма, значыць, Палякоў парушыў закон пра масавыя мерапрыемствы. Такая фабула абвінавачваньня грамадзкага актывіста.

Праваабаронца Леанід Судаленка, які назіраў за судом, лічыць, што ўлады перасталі зьвяртаць увагу на прававы бок падобных адміністрацыйных спраў, на існаваньне закону пра рэспубліканскія й мясцовыя сходы грамадзянаў:
Для ўладаў усё адно, які закон прымяняць. Галоўнае — ізаляваць арганізатараў

«Для ўладаў — міліцыі, ідэолягаў, спэцслужбаў, судоў — усё адно, які закон прымяняць. Галоўнае — ізаляваць арганізатараў Народнага сходу перад яго правядзеньнем. Гэта мы назіралі перад сходам 8 кастрычніка, гэта бачна й цяпер, перад другой сэсіяй Народнага сходу. Толькі што выйшаў з-за кратаў Ільля Міронаў — пасьля 15 сутак арышту за распаўсюд улётак пра сход. І вось зараз туды адправілі Васіля Палякова, каб ён ніякім чынам ня мог паўплываць на сход 12 лістапада».

Спадара Палякова прэвэнтыўна пасадзілі за краты ўчора надвячоркам. Ля пад’eзду дома яго пільнавалі тры маёры Савецкага райаддзелу міліцыі, у тым ліку Сяргей Яруціч. Палякоў выходзіў з дома, каб ехаць на паседжаньне аргкамітэту Народнага сходу.

Нягледзячы на свой арышт, спадар Палякоў перакананы, што другая сэсія Народнага сходу адбудзецца пры любым раскладзе.
XS
SM
MD
LG