Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі міратворчы кантынгент — тры вайскоўцы


Сёньня ў МЗС запрасілі журналістаў, абяцаючы расказаць пра «актыўны ўдзел Беларусі ў міратворчых апэрацыях пад эгідай ААН». Як высьветлілася падчас канфэрэнцыі, «актыўны ўдзел» — гэта адна краіна і тры вайскоўцы. Краіна — Лібан, там цяпер знаходзяцца два вайсковыя мэдыкі і адзін афіцэр сувязі. У дваццатых чыслах лістапада яшчэ адзін беларускі вайсковец накіруецца ў Паўднёвы Судан.

Найбольш вядомая зь цяперашніх міратворчых апэрацыяў праходзіць у Аўганістане. Адказваючы на пытаньне «Свабоды», статс-сакратар, памочнік міністра абароны Беларусі Аляксандар Анісімаў сказаў, што Беларусь «даволі сур’ёзна садзейнічае забесьпячэньню транзыту грузаў НАТО ў Аўганістан праз сваю тэрыторыю». А вось пасылаць сваіх вайскоўцаў непасрэдна ў Аўганістан, як гэта робіць, напрыклад, партнэр Беларусі па АДКБ — Армэнія, Беларусь не зьбіраецца. Для гэтага, сказаў статс-сакратар, павінны быць: па-першае — палітычная мэтазгоднасьць, а па-другое — «наша падразьдзяленьне павінна быць сэртыфікаванае паводле стандартаў НАТО». Аднак з боку НАТО такіх прапаноў не было.

«Іх бліжэйшым часам і ня будзе», — упэўнены журналіст Паўлюк Быкоўскі. Ён літаральна тыдзень таму вярнуўся з Бэльгіі, куды езьдзіў на запрашэньне штаб-кватэры НАТО:

«Прадстаўнікі НАТО кажуць, што стасункі зь Беларусьсю найперш залежаць ад волі беларускага боку. Бо ніхто ня можа прымусіць беларускі бок пашыраць свой удзел, калі ён сам ня будзе на гэтым настойваць.

Але разам з тым на сёньняшні дзень НАТО распаўсюдзіла санкцыі на супрацоўніцтва зь Беларусьсю. І супрацоўнічаць цяпер можна толькі на роўні, ніжэйшым за палкоўніка. Таму тут ёсьць пэўная супярэчнасьць, каб прыняць рашэньне на нейкім вышэйшым роўні».

«А ці можа ў такой сытуацыі беларускае кіраўніцтва забараніць транзыт грузаў праз сваю тэрыторыю ў Аўганістан?» — цікаўлюся ў дацэнта Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Вячаслава Пазьняка, які займаецца дасьледаваньнем гэтай тэмы.

Той тлумачыць, што няправільна гаварыць пра апэрацыю НАТО ў Аўганістане. «Гэта місія ня натаўская, а аанаўская па сваім мандаце, і штогод яе тэрмін працягваецца спэцыяльным рашэньнем ААН. А НАТО, паводле гэтага ж мандату, — толькі кіраўнічая вайсковая сіла. Да таго ж Беларусь страціць значныя грошы, калі адмовіцца ад прадстаўленьня сваёй тэрыторыі як транзытнай, адзначае вячаслаў Пазьняк:

«Выпрацавалі мэханізмы, і склалася такая практыка, калі краіны-транзытэры выстаўляюць вельмі выгадныя для сябе ўмовы матэрыяльнага, грашовага, фінансавага характару. І на гэтыя кампэнсацыі міжнародная кааліцыя вымушаная раскашэльвацца. І хоць Беларусь атрымлівае за прадстаўленьне паветранага калідора не такія вялікія грошы, як Расея, але ж пэўныя сумы ў Менск ідуць. Дакладныя лічбы — закрытыя, пра іх не прынята гаварыць. Але гэтыя сумы дастаткова прывабныя».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG