Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхалевіч атрымаў канадзкую прэмію


Алесь Міхалевіч, былы кандыдат на пасаду прэзыдэнта і палітычны ўцякач, атрымаў сёньня ў амбасадзе Канады ў Варшаве ўзнагароду імя Джона Гамфры (John Humphrey), якая заснаваная канадзкім парлямэнтам ды штогод уручаецца змагарам за свабоду ды правы чалавека.

У часе цырымоніі амбасадар Канады ў Польшчы Дэніэл Кастэла казаў, што Канада, як і яе найбліжэйшыя саюзьнікі – ЗША ды Эўразьвяз – выступае за вяртаньне ў Беларусі павагі да правоў чалавека і дэмакратычных свабодаў ды патрабуе неадкладнага вызваленьня ўсіх палітзьняволеных.

Алесь Міхалевіч у сваю чаргу адзначыў, што ўспрымае гэтую ўзнагароду як узнагароду перадусім для тых, хто сядзіць цяпер у турмах у Беларусі ды змагаецца за дэмакратычныя перамены.

Узнагарода прадугледжвае таксама 30 тысячаў канадзкіх даляраў ды паездку па Канадзе, у часе якой адбудуцца спатканьні з палітыкамі, студэнтамі з гэтай краіны.



Алесь Міхалевіч — абвінавачваны па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня 2010 году. Ён быў затрыманы ў ноч на 20 сьнежня. 19 лютага яго адпусьцілі пад падпіску пра нявыезд.

28 лютага Міхалевіч правёў прэсавую канфэрэнцыю, на якой паведаміў, што быў вызвалены пасьля таго, як даў згоду стаць агентам КДБ. На такі крок, растлумачыў палітык, ён вымушаны быў пайсьці «з-за жудасных умоў утрыманьня ў СІЗА, якія можна расцаніць як катаваньні».

У сакавіку Міхалевіч таемна выехаў зь Беларусі, патлумачыўшы гэта «рэальнай пагрозай», і празь некалькі тыдняў атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG