Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь – паміж Лібіяй і Расеяй


 Антоніюс Брук
Антоніюс Брук
Сёньня ў Менску была прадстаўленая справаздача ААН аб чалавечым разьвіцьці 2011 году. У рэйтынгу чалавечага разьвіцьця Беларусь заняла 65-е месца, паміж Лібіяй і Расеяй. Гэта вышэй за ўсе іншыя краіны СНД. Незалежныя экспэрты называюць такія паказчыкі фармальнымі.

Справаздача ААН аб чалавечым разьвіцьці базуецца на афіцыйных зьвестках, якія перадаюць нацыянальныя ўрады. Фактычна гэтыя зьвесткі прадстаўляюць сытуацыю, якая мела месца два гады таму. Таму беларускі эканамічны крызіс у гэтым рэйтынгу ніяк ня ўлічаны.

Індэкс чалавечага разьвіцьця Беларусі ў 2011 годзе склаў 0,756. У параўнаньні з 2005, 2009 і 2010 гадамі адзначаны невялікі рост, тады гэтыя паказчыкі складалі 0,723, 0,746 і 0,751 адпаведна. Як і ў папярэднія гады, Беларусь трапіла ў групу краін з высокім ІЧР і заняла 65-е месца ў рэйтынгу, які базуецца на трох паказчыках: працягласьць жыцьця (у Беларусі 70,3 года), сярэдняя працягласьць навучаньня (9,3 года) і ВУП на душу насельніцтва (13 439 даляраў).

Прадстаўнік ААН/ПРААН у Беларусі Антоніюс Брук назваў месца Беларусі ў рэйтынгу высокім, бо з постсавецкіх краін яна саступае толькі дзяржавам Балтыі:

"Беларусь мае вельмі добры паказчык адносна роўнасьці доступу да паслугаў, а таксама мае вельмі добры паказчык індэксу беднасьці, фактычна нулявы. Гэта азначае, што ў Беларусі адсутнічаюць людзі, якія могуць лічыцца беднымі паводле міжнародных стандартаў".

Прадстаўнік Мінэканомікі Беларусі Іван Бельчык заявіў, што "з улікам сацыяльнай палітыкі, якая праводзіцца, насельніцтва, якое знаходзіцца за рысай беднасьці, у Беларусі практычна няма":

"У нас у Рэспубліцы Беларусь насельніцтва з узроўнем пражытковага мінімуму менш за адзін даляр у дзень фактычна няма. А вось адносна іншага паказчыка, менш за 4 даляры на чалавека ў дзень, у нас пэўны працэнт там ёсьць".

Незалежны экспэрт Канстанцін Скуратовіч скептычна ставіцца да такіх ацэнак беднасьці ў Беларусі:

Канстанцін Скуратовіч
Канстанцін Скуратовіч
"Гэты вось паказчык, адзін даляр на дзень, — ён ужываецца для краін на поўдзень ад Сахары, для вельмі бедных краін трэцяга сьвету. Там, дзе ня трэба на паліва траціцца, на цёплую вопратку. Я ўвогуле не разумею, як гэта мог сказаць прадстаўнік такой аўтарытэтнай арганізацыі".

У Беларусі рысай беднасьці лічыцца бюджэт пражытковага мінімуму. З 1 лістапада ён складае 574 790 рублёў. Канстанцін Скуратовіч:

"Як на гэтыя грошы пражыць ня ў беднасьці?.. А цяпер, калі ўсе спажывецкія цэны вырасьлі, нават цяжка вызначыць колькасьць бедных. Таму што амаль усе пэнсіянэры, калі неафіцыйна, пайшлі ніжэй за рысу беднасьці, працаўнікі цэлых галін эканомікі, напрыклад, тэкстыльнай прамысловасьці, таксама пайшлі ніжэй рысы беднасьці".

Канстанцін Скуратовіч мяркуе, што ўсяго за рысай беднасьці ў сувязі з эканамічным крызісам апынулася 30-40 працэнтаў насельніцтва Беларусі. Паводле спадара Скуратовіча, адносна высокі індэкс разьвіцьця чалавека Беларусь фармальна мае дзякуючы яшчэ савецкай сыстэме адукацыі і аховы здароўя, а таксама росту колькасьці студэнтаў у платных ВНУ. Але гэта ўсё фармальныя паказчыкі, якія не адлюстроўваюць сапраўдную якасьць жыцьця. Цяперашнія эканамічныя рэаліі Беларусі неяк паўплываюць на яе рэйтынг гады праз два. Сярод іх і тое, што сёлета краіна стала лідэрам у іншым, менш прэстыжным рэйтынгу — па інфляцыі, заняўшы ў ім першае месца сярод краін Эўропы і СНД, зазначыў незалежны экспэрт Канстанцін Скуратовіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG