Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Карупцыя — гэта асноўны мэханізм утрыманьня ўлады»


Сяргей Антончык

Сяргей Антончык

У Палату прадстаўнікоў унесеныя папраўкі ў закон аб барацьбе з карупцыяй. Калі яны будуць прынятыя, то будзе зьнятая забарона на сумесную дзяржаўную службу блізкіх сваякоў. Ці можна сказаць, што гэтыя зьмены могуць павялічыць сямейнасьць і, адпаведна, карупцыю ў дзяржаўным апараце? Як можна ацаніць узровень карупцыі ў Беларусі ў параўнаньні з 90-мі гадамі? На гэтыя пытаньні адказвае былы дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі, аўтар знакамітага антыкарупцыйнага дакладу Сяргей Антончык.

Цыганкоў: Наколькі заканамернае прыняцьцё такіх паправак? Ці можна сказаць, што яны сталі лягічным разьвіцьцём падыходаў дзяржаўнага апарату?

Антончык: Тут існуе натуральная для чыноўнікаў лёгіка. Дзеля чаго столькі гадоў утрымліваць уладу? Вядома, дзеля таго, каб атрымліваць нейкія дывідэнды ад гэтага. Чым болей чалавек сядзіць на адным месцы — тым болей вакол яго карупцыі.

Падрастаюць дзеці, і іх таксама трэба ўладкоўваць на працу. І найлепш іх прыладкаваць у дзяржаўныя структуры. Таму яны прымаюць такія законы, якія б дазвалялі ім гэта рабіць. У цывілізаваным сьвеце гэта паўсюль забаронена, бо тут прамы канфлікт інтарэсаў. Калі сват, які мне падпарадкоўваецца, крадзе, то я не магу пасадзіць свайго сваяка.
Дарэчы, у гэтым адметнасьць беларускага рэжыму. Яны парушаюць законы, ім на гэта ўказваюць, і таму яны потым проста мяняюць гэтыя законы

Дарэчы, у гэтым адметнасьць беларускага рэжыму. Яны парушаюць законы, ім на гэта ўказваюць, і таму яны потым проста мяняюць гэтыя законы. Каб іх не парушаць. Тое ж сама з сумнавядомымі папраўкамі ў закон аб КДБ, тое сама і тут.

Цыганкоў: Вы рабілі ў 1994 годзе знакаміты антыкарупцыйны даклад у Вярхоўным Савеце. Ці магчыма ацаніць, як зьмянілася карупцыя за гэтыя 15 гадоў? Якія новыя матывы і формы больш распаўсюджаныя цяпер?

Антончык: Цяпер карупцыя набыла рысы татальнай, яна стала больш адкрытай, яна на паверхні, яе ўжо не спрабуюць схаваць. Здаецца, фігавы лісток законнасьці часта ўжо не патрэбны. Была зьнішчаная незалежная прэса, і цяпер можна красьці, асабліва не баючыся выкрыцьцяў.

У Беларусі дзейнічае кадравая карупцыя, калі на пасаду бяруць людзей яўна з карупцыйным мінулым. І такі чыноўнік ня можа выступіць супраць, бо разумее, што апынецца за кратамі. І большасьць чыноўнікаў пайшлі ва ўладу толькі дзеля таго, каб атрымліваць ад гэтай улады пэўныя дывідэнды, нейкіх маральных ці ідэйных прычынаў тут няма.

Карупцыя — гэта асноўны мэханізм утрыманьня ўлады, ён дзейнічае як пуга і пернік. Паміж чыноўнікамі і Лукашэнкам працягвае існаваць пэўная сацыяльная дамова: «Вы мне — элегантную перамогу, я вам — магчымасьць красьці».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG