Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінэканомікі прагназуе курс 22000, Нацбанк — 8500


Міністэрства эканомікі чакае далейшай дэвальвацыі беларускага рубля (да ўзроўню 22 000 рублёў за даляр) у выпадку захаваньня высокіх аб`ёмаў эмісійнага крэдытаваньня эканомікі. Пра гэта заявіў намесьнік міністра эканомікі Аляксандар Ярашэнка на паседжаньні Савету міністраў. Пра гэта паведамляе БелаПАН.

Паводле слоў Ярашэнкі, запатрабаваньні рэальнага сэктару эканомікі што да рэсурсаў на наступны год вельмі высокія:

«Каб прафінансаваць усе заяўкі, спатрэбіцца эмісія ў памеры 30 трлн рублёў».

Ён падкрэсьліў, што рэалізацыя інэрцыйнага сцэнару, заснаванага на высокіх аб`ёмах эмісіі, прывядзе да далейшай дэвальвацыі рубля і росту цэнаў.

«Курс можа пайсьці за 20 тысяч рублёў за даляр», — патлумачыў Ярашэнка. У прэзэнтацыі намесьніка міністра была пазначана лічба 22 тысячы рублёў за даляр як вынік высокага эмісійнага фінансаваньня эканомікі.

Каб не дапусьціць далейшай дэвальвацыі беларускага рубля, міністэрства прапануе ў разы скараціць эмісійнае фінансаваньне дзяржпраграмаў.

Мінэканомікі прапаноўвае вызначыць фінансаваньне дзяржпраграмаў на 2012 год у памеры 12 трлн рублёў. Пры гэтым, як растлумачыў Ярашэнка, 7 трлн рублёў з названай сумы будуць эмісійнымі, яшчэ 5 трлн рублёў плянуецца прыцягнуць за кошт вяртаньня раней выдадзеных крэдытаў.

Тым часам намесьнік старшыні праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Юры Алымаў прагназуе, што сярэднегадавое значэньне абменнага курсу беларускага рубля ў 2012 годзе складзе 8,5 тысяч рублёў (супраць 5,7 тысяч за даляр у 2011 годзе).

«Нацыянальны банк устрымліваецца ад публічных абвяшчэньняў арыентыраў курсавой палітыкі на 2012 год. Курсаўтварэньне ў наступным годзе будзе накіраванае на павышэньне гнуткасьці абменнага курсу, а інтэрвэнцыі Нацыянальнага банку будуць насіць кропкавы характар, накіраваны на стрымліваньне рэзкіх ваганьняў абменнага курсу», — сказаў Алымаў на паседжаньні Саўміна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG