Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Баранавічах судзяць старшыню Народнага сходу


Старшыню Народнага сходу ў Баранавічах Віктара Мезяка пачалі судзіць за тое, што ён, нібыта, зладзіў несанкцыянаванае масавае мерапрыемства.

Аднак судзьдзя Станістаў Півавар абвясьціў перапынак у паседжаньні да 11 лістапада. Перапынак быў абвешчаны для выкліку сьведак — як з боку Віктара Мезяка, так і з боку прадстаўнікоў гарвыканкаму і міліцыянтаў, якія ініцыявалі справу.

Судзьдзя таксама патлумачыў, што ён мусіць больш падрабязна азнаёміцца з законам аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах.

"Судзьдзя сказаў, што з законам аб мясцовых сходах ён дакладна і цалкам не знаёмы, таму ён і ўзяў час, каб зь ім пазнаёміцца. Мы прадставілі яму пратаколы Народнага сходу, адказы на рэзалюцыю сходу з Нацыянальнага банку, зь Міністэрства працы і іншыя паперы. На наступным паседжаньні мы паабяцалі паказаць яму і подпісы, сабраныя за правядзеньне народнага сходу. Таму, фактычна, упершыню ў Баранавічах будзе адбывацца суд паводле закону аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах", — распавёў Віктар Мезяк.

На судовае паседжаньне прыйшло каля 20 прадстаўнікоў грамадзкасьці, журналісты.

Працягнуць судзіць спадара Мезяка 11 лістапада ў 8.10 раніцы.

Акрамя Віктара Мезяка, за Народны сход 10 лістапада будуць судзіць у Баранавічах Віктара Сырыцу. А ў Берасьці суду чакае старшыня мясцовага сходу Зінаіда Міхнюк. Судзіць яе будуць 11 лістапада.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG