Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўла Севярынца не перавядуць на "хатнюю хімію"


Павал Севярынец
Павал Севярынец
Кіраўніцтва спэцкамэндатуры № 7 у вёсцы Куплін Пружанскага раёну (Берасьцейская вобласьць), дзе адбывае пакараньне Павал Севярынец, адмовілася зьмяняць яму ўмовы пакараньня з адбываньня ў папраўчай установе адкрытага тыпу на "хатнюю хімію".

Севярынец кажа: фармальнай падставай для адмовы стала тое, што ён не прызнаў сваю віну ў падзеях 19 сьнежня 2010 году.

"Фармальна гэта і стала прычынай рашэньня не зьмяняць мне рэжым. Як мне сказалі ў нефармальнай гутарцы: "Вы ўзялі гэты крыж — дык і нясіце яго", — заявіў Севярынец БелаПАН.

Абскарджваць гэтае рашэньне ён лічыць "бессэнсоўным". "Зразумела, гэтае рашэньне залежала не ад кіраўніцтва камэндатуры, а ад больш высокіх інстанцыяў", — лічыць палітык.

Павал Севярынец адбыў ужо траціну тэрміну, ня мае спагнаньняў, і, згодна з заканадаўствам, яму можа быць заменены рэжым адбыцьця пакараньня.

27 кастрычніка атэстацыйная камісія прызнала, што Севярынец "стаў на шлях выпраўленьня". Гэта значыць, пакараньне яму маглі зьмякчыць — са знаходжаньня ва ўстанове адкрытага тыпу на адбываньне пакараньня па месцы жыхарства.

"Звычайныя "хімікі" праз пару тыдняў пасьля такой атэстацыі едуць дадому з умовамі абавязковага працаўладкаваньня і знаходжаньня з 22.00 да шасьці раніцы дома", — адзначыў Севярынец.

16 траўня суд Заводзкага раёну Менску пакараў Паўла Севярынца трыма гадамі абмежаваньня волі. Яго прызналі вінаватым паводле крымінальнага артыкула "арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх"

Павал Севярынец — сустаршыня аргкамітэту дзеля стварэньня партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" (БХД), кіраўнік выбарчага штабу кандыдата ў прэзыдэнты на выбарах 2010 году Віталя Рымашэўскага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG