Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рушыў «Паўночны паток»: Беларусь выпадае з глябальных інтарэсаў


Сёньня ў Нямеччыне адбыўся запуск газаправоду «Паўночны паток» (Nord Stream). Расейскі газ пайшоў у Эўропу па дне Балтыйкага мора ў абыход транзытных краінаў, Беларусі, Украіны, Польшчы.

У афіцыйнай цырымоніі запуску газаправоду каля мястэчка Любмін на балтыйскім узьбярэжжы ўзялі ўдзел канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель і прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў. Прысутнічалі таксама прэм’ер-міністры Францыі і Нідэрляндаў ды камісар Эўразьвязу ў энэргетычных пытаньнях.

Фактычна газаправод «Паўночны паток» зь нейкага часу ўжо функцыянаваў у праверачным рэжыме, і ў ім ішоў тэхнічны газ. Пакуль што, задзейнічалі першую зь дзьвюх нітак газаправоду, які зьвязвае расейскі порт Выбарг зь нямецкім газавым тэрміналам каля порту Грайфсфальд. Другая нітка газаправоду мае быць аддадзеная да ўжытку пад канец 2012 году.

«Паўночны паток» мае працягласьць 1224 кілямэтраў і зьяўляецца найдаўжэйшым газаправодам на сьвеце, пракладзеным па марскім дне. Прапускная здольнасьць адной ніткі газаправоду – 27,5 мільярда кубамэтраў газу на год.

Аналітык кампаніі "Тройка-дыялёг" Валеры Несьцераў ацэньвае запуск "Паўночнага патоку" як важны крок для Расеі:

- Вядома, тое, што выгадна «Газпрому» неабавязкова выгадна Расеі. Але ў дадзеным выпадку інтарэсы кампаніі і інтарэсы дзяржавы, несумненна, супадаюць. Пабудавана важная газатранспартная магістраль, якая зьнізіць залежнасьць Расеі ад транзытных краінаў такіх як Украіна, перш за ўсё. І гэта не толькі забясьпечыць больш устойлівыя пастаўкі расейскага газу ў Эўропу, але і адкрые магчымасьці для нарошчваньня далейшага экспарту газу, у першую чаргу, у Нямеччыну. Расіі важна быць надзейным пастаўшчыком газу ў Эўропу, паколькі газ зьяўляецца адным з асноўных напаўняльнікаў фэдэральнага бюджэту. Так што, я думаю, у выйгрышы будуць не толькі эўрапейскія спажыўцы, але і грамадзяне Расеі ў цэлым. Вядома, гэта ніяк ня зьвязана з пэрспэктывамі росту коштаў на газ на ўнутрырасейскіх рынку, аднак чым лепшае будзе напаўненьне бюджэту, тым больш будзе магчымасьцяў у расейскага ўраду падтрымліваць і разьвіваць розныя сацыяльныя праграмы».

Расея пастаўляе каля 25% прыроднага газу, які спажываюць у Эўразьвязе. Каля 80% экспарту расейскага газу ў Эўропу ідзе праз Украіну.

Беларускі экспэрт у энэргетычных пытаньнях Станіслаў Гусак сказаў нашаму радыё, што «Паўночны паток» – гэта пагроза для незалежнасьці і Ўкраіны, і Беларусі:

“Гэта вельмі сур'ёзная страта. Справа ў тым, што гэты "Паўночны паток" патрэбен Расеі для таго, каб зрабіць і Беларусь, і Ўкраіну такімі натуральнымі калёніямі на ўзор эпохі XVIII стагодзьдзя. Усе гэтыя адзіныя мытныя прасторы, паўночныя патокі, усё гэта скіравана на адно — каб зьменшыць магчымасьць для Беларусі і Ўкраіны атрымаць сапраўдную незалежнасьць. Трэба разумець, што ўсё гэта ідзе ў рамках адной палітыкі — палітыкі калянізацыі гэтага рэгіёну. Ні больш, ні менш. Прынамсі, для Беларусі гэта павінна быць цалкам зразумела”.

Прапускная здольнасьць транзытных газаправодаў, па якіх Расея транспартуе свой газ у Эўропу (у мільёнах кубічных мэтраў):

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG