Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: міліцыянты прапанавалі журналістцы быць сувязной зь пікетоўцамі


У карэспандэнткі "Брестского курьера" і інфармацыйнага агенцтва "БелаПАН" Міланы Харытонавай міліцыянты спрабавалі выпытаць інфармацыю пра ўдзельнікаў акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі.

Участковы, капітан міліцыі Сяргей Ляўчук шукаў журналістку ў рэдакцыі "Брестского курьера", аднак яе там не было. Калі Харытонава даведалася пра гэта, яна сама пайшла ў міліцыю.

"Ён мяне выклікаў як сьведку. У іх праводзіцца праверка на падставе дадзеных, разьмешчаных на "БелаПАН", пра акцыю салідарнасьці з палітвязьнямі, якая прайшла нядаўна. Міліцыянт сказаў, што яны ідэнтыфікуюць удзельнікаў гэтай акцыі, каб праверыць, ці было ў іхніх дзеяньнях парушэньне закону аб масавых мерапрыемствах. Ён чамусьці думаў, што я яму пачну адразу сама распавядаць. Я пацьвердзіла, што гэта мае здымкі з той акцыі. Але сказала, што людзей гэтых ня ведаю і як зь імі зьвязацца, таксама", — распавяла Мілана Харытонава.

Урэшце міліцыянт папрасіў журналістку перадаць удзельнікам акцыі ягоны нумар тэлефона, каб яны зь ім зьвязаліся. Аднак спадарыня Харытонава патлумачыла яму, што наўрад ці зможа пабачыць пікетоўцаў, і сказала, што можа мабільны тэлефон участковага разьмясьціць у інтэрнэце.

Акцыя салідарнасьці з палітвязьнямі адбылася ў Берасьці 26 кастрычніка. Актывісты стаялі з партрэтамі палітвязьняў на вуліцы Савецкай. Падчас той акцыі нікога не затрымалі.
XS
SM
MD
LG