Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 лістапада – за кратамі як і на волі


Ці адзначаюць у зьняволеньні 7 лістапада? Пра гэта распавядаюць цяперашні палітвязень Павал Севярынец і былыя палітвязьні Аляксандар Казулін, Міхаіл Чыгір, Андрэй Клімаў, Андрэй Бандарэнка.

Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" Павал Севярынец за мірную акцыю пратэсту 19 сьнежня асуджаны да трох гадоў абмежаваньня волі. Ён адбывае пакараньне ў спэцкамэндатуры ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну. Паводле Севярынца, бальшыня "хімікаў" сёньня знаходзіцца ў камэндатуры.

Павал Севярынец
Павал Севярынец
"У нас у зьняволеньні сёньня выходны. Калі няма заявак на працу ад працадаўцаў, то не выпускаюць нікога. Гэта зьвязана, відаць, з тым, што на дзяржаўным узроўні сьвяткуецца гэты крывавы дзень і баяцца, каб "хімікі" не перапіліся, чаго-небудзь не нарабілі. У Малым Сітна, напрыклад, 7 лістапада, як і ў любы зь іншых сьвятаў, гэта масавая папойка, бойкі. Пачынаецца за сьвята, а заканчваецца мардабоем, прыездам міліцыі, хуткай дапамогі і так далей. Фільмы паказваюць, нейкія сэрыялы, але "Няўлоўных мсьціўцаў" не паказваюць".

Паводле Севярынца, сёньня ягоныя паплечнікі, хрысьціянскія дэмакраты, на волі адзначаюць зусім іншую дату – 6 лістапада, дзень заснаваньня БХД.

"Якраз у гэты дзень мы як бы ставім такую пячатку на чорную дату 7 лістапада і праводзім урачысты сход у напамін пра тое, што 85 гадоў таму была ўтвораная БХД".

Былы палітвязень Аляксандар Казулін адзначыў, што 7 лістапада ў турме адзначаюць гэтак жа як і на волі – нічога асаблівага. Згадвае, што ў той час трымаў галадоўку.

Аляксандар Казулін
Аляксандар Казулін
"На гадзіну больш можна паспаць і гэта ўжо добра. Гэта ня тое сьвята, якое адзначаюць як сапраўднае сьвята. Гэта звычайны, выходны дзень і толькі ўсяго. Бо калі Вялікдзень, то там зусім інакш. Новы год зусім інакш адзначаецца. Там усе рыхтуюцца, нейкае сьнеданьне, усе, як у людзей, толькі без шампанскага".


Паводле Міхаіла Чыгіра, які правёў 7 лістапада ў 1999 годзе турме на Валадарцы, гэта "звычайны дзень". Былы палітвязень Андрэй Клімаў сказаў, што 7 лістапада ў турме ніяк не адзначаецца, нічога не праводзіцца.

Андрэй Клімаў
Андрэй Клімаў
"Як звычайны дзень, нічога асаблівага. Ды там ніякіх сьвятаў не сьвяткуецца. Вы што зь Месяца зваліліся? Гэта ж турма. Якія там могуць быць сьвяты?Там вязьні – гэта ж ня людзі. Ды ў турме ты жывы і слава Богу, радуйся гэтаму.Якія там сьвяты?Усе не адзначаюць. Ніхто там нічога не адзначае. Няма там ніякіх сьвятаў у турме – усё гэта лухта".

Адносна таго, што 7 лістапада адзначаецца ў Беларусі на дзяржаўным узроўні спадар Клімаў сказаў:

"Вельмі добра. Набліжаюць рэвалюцыю, рэклямуюць яе. Што ж тут дрэннага?Значыць. некалі даб'юцца таго, будзе ў нас рэвалюцыя".

Прадпрымальнік Андрэй Бандарэнка ў 2008 годзе ўдзельнічаў у выбарах у Палату прадстаўнікоў. Быў асуджаны на 7 гадоў бабруйскай калёніі ўзмоцненага рэжыму і двойчы правёў за кратамі 7 лістапада?

Андрэй Бандарэнка
Андрэй Бандарэнка
"Зусім ніяк. Хутчэй, ігнаруецца зьняволенымі і колькі я быў на зоне, ніхто з адміністрацыі не прымушаў. Звычайны будні дзень і ніхто нават ня згадвае, як і дзень якога-небудзь рамотніка даху. Я магу сказаць за Бабруйск і за СІЗА. Ніхто нават і не спрабаваў нам сказаць, што сёньня 7 лістапада, вы памятаеце, трэба гэта неяк адсьвяткаваць ці адзначыць, ці некуды схадзіць. Не было абсалютна нічога. У адміністрацыі свайго роду выходны, але зноў жа, выхадны ці не, там усё роўна знаходзяцца і вязьні і прадстаўнікі адміністрацыі. Таму наогул ніякага адчуваньня сьвята няма. Я наогул не лічу, што гэта сьвята. Гэта трагічны дзень для Беларусі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG