Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да правадыра адны — з кветкамі, другія — зь яйкамі


7 лістапада ў Беларусі — дзяржаўнае сьвята, выходны дзень. Але ніякіх ўрачыстасьцяў, парадаў, шматлюдных дэманстрацыяў у краіне не праводзіцца. У Менску прадстаўнікі дзьвюх камуністычных партый — праўладнай Камуністычнай партыі Беларусі і Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» па чарзе ўсклалі кветкі да помніка Леніну. А маладафронтаўцы спрабавалі закідаць помнік яйкамі, але былі затрыманыя.

Сяргей Калякін з кветкамі ідзе да помніка Леніну.

7 лістапада цяпер называецца больш сьціпла — Дзень кастрычніцкай рэвалюцыі. Словаў «вялікая» і «сацыялістычная» больш няма. Але зьнешне ў горадзе амаль ніякіх прыкметаў сьвята, хіба што на плошчы Незалежнасьці каля помніка Леніну ўсталявалі «вожыкі» з чырвоных і зялёных сьцяжкоў. Лідэр Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін абураецца:

«Гэта нацыянальнае сьвята, і чаму дзяржава яго не адзначае, гэта трэба спытацца ў кіраўніка краіны, які сёньня рыхтуецца да вайны з усім сьветам. І якому замест гэтага трэба было б сёньня адзначыць сьвята і падумаць пра тое, ці робіць ён хаця б частку таго, што рабілі людзі, якія зьдзейсьнілі рэвалюцыю».

А 10-й раніцы да помніка свайму правадыру прыйшлі камуністы з праўладнай КПБ. Зь лёзунгамі і партрэтамі Сталіна. Прастаялі роўна гадзіну.
Трое «маладафронтаўцаў» — Раман Васільеў, Міхаіл Мускі, Павал Сяргей — паспрабавалі закідаць помнік Леніна яйкамі пад лёзунгі «Камунізм пад трыбунал» і «Спыніць камунізм», але іх імгненна затрымалі людзі ў цывільным.

Аб 11-гадзіне праўладных камуністаў зьмянілі апазыцыйныя левыя. І тыя, і іншыя прыйшлі да свайго правадыра з ідэйных перакананьняў.

Зінаіде Чыкавай з партыі «Справядлівы сьвет» далёка за 80: «Я з 1948 году ў партыі. І для мяне гэта сьвята. Мяне нават сын павіншаваў з Масквы. Усе прыстойныя людзі лічаць, што гэта вялікае сьвята, якое разьняволіла народы».

Спадар: «Гэта вялікае сьвята, і заўсёды застанецца сьвятам».

Стары: «Раней было вясёлае сьвята, а цяпер сумнае».

Лідэр партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін не хавае сваіх сымпатыяў да Леніна, да якога прыйшоў з кветкамі:

«Гэта быў вялікі чалавек свайго часу. І трэба паважаць усё, што ён зрабіў. Калі б ня Ленін, не было б беларускай дзяржавы ні тады, ні сёньня. Хаця б за гэта варта паважаць. Ён марыў пра тое, каб простыя людзі жылі годна».

Да помніка Леніну прыходзілі людзі і зь іншымі памкненьнямі. Гутару са спадаром сталага веку:

«Я 40 гадоў у Расеі пражыў, быў начальнікам участка, начальнікам цэха, і ніколі ня быў у партыі. Прыехаў у Беларусь — а тут кожны другі камуніст, зараза бальшавіцкая тут, у Беларусі, разумееце?»

Карэспандэнтка: «Сьвяткуеце 7 лістапада, да помніка Леніну з кветкамі прыйшлі?»

«Не, ня з кветкамі, калі было б можна, я кінуў бы што іншае…»

У праграмах дзяржаўных тэлеканалаў замест прывычных для старэйшага пакаленьня трансляцыяў параду і дэманстрацыі — фільмы «Масква сьлязам ня верыць», «Каліна чырвоная», «Кубанскія казакі», «Пра Чырвоную шапачку». Толькі СТВ наважылася ўвесь дзень круціць «Няўлоўных мсьціўцаў» і «Карону расейскай імпэрыі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG