Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Грэцыі на плошчы выйшла 200 тысяч з-за таго, што ўрад прапанаваў парлямэнту скараціць памер працоўных пэнсіяў, якія перавышаюць тысячу эўра. У Беларусі 200 даляраў на месяц зрабіліся неблагім заробкам для актыўна працуючага індывіда. Такі заробак мае ня кожны – гэта пры тым, што кошты на прадукты ўвесь час растуць. І ніхто не выходзіць, усё нібыта ціхенька ды спакойна. Аднак, стоп! Ці ціхенька? Ці спакойна?

1. Надрукаванае 4 лістапада ў «Нашай Ніве» паведамленьне аб тым, што работнікі Гомельскага вагонарамонтнага заводу патрабуюць падвышэньня заробкаў на 100% пакінула адчуваньне ўжо недзе пабачанага. Пачаў гугліць. За 3 хвіліны адшукаў такі (відавочна, няпоўны) сьпіс тэматычных навінаў: «Бунт на Беларусфільме», 2-га кастрычніка 2011. «Страйк сьмецьцявозаў у Барысаве» – 25-га кастрычніка 2011. «На чыгунцы нарастае абурэньне», 30 кастрычніка – ліст чытача, у якім паведамляецца пра тое, што хвалёная індэксацыя заробку склала ўсяго 173 тысячы, што «прафсаюзаў не даклікацца» і г. д. І што чыгуначнікі ў роспачы. Дык гэта толькі тое, што патрапіла ў мэдыі – а колькі таго, што не патрапіла? Колькі напружаных абменаў камплімэнтамі паміж працоўнымі ды працадаўцамі зараз адбываецца па ўсёй краіне? І зноўку – калі чытаеш пра вагонарамонтнікаў – узьнікае адчуваньне адзінкавасьці, выключнасьці выпадку. Калі ўзгадваеш пра сьмецьцявозаў ды іншых – паўстае нейкая тэндэнцыя. Дарэчы, лютаўская рэвалюцыя 1917 году была ніякай не рэвалюцыяй, а менавіта шэрагам спарадычных страйкаў. Гэтыя страйкі спачатку бальшавіцкія публіцысты, потым бальшавіцкія тэарэтыкі назвалі «рэвалюцыяй» дзеля таго, каб абгрунтаваць гістарычную неабходнасьць кастрычніцкіх забурэньняў.

2. Дык маўчыць Беларусь ці страйкуе? Ці можна назваць «цішынёй ды спакоем» сытуацыю, калі за адзін месяц на адным рэсурсе (заўважце, усе лінкі ўзяты выключна зь «Нівы») чатыры разы паведамляецца пра крытычныя настроі працоўных, страйкі ды пэтыцыі кіраўніцтву? Дарэчы, уявіце сабе, што аднаго дня ў сучаснай Беларусі праводзіцца генэральны ды ўсеагульны страйк. Усе прадпрыемствы на некалькі гадзінаў перапыняюць працу. Адкуль можна даведацца пра страйк? Рэспубліканскія прафсаюзы настроеныя на канструктыўнае ўзаемадзеяньне з уладай, яны па сваіх каналах гэтую інфу распаўсюджваць не будуць. Па БТ пра страйк не раскажуць. «Нашай Нівы» ды «Беларускага партызана» на заводах не чытаюць. Урэшце, кожны асобна ўзяты працоўны будзе ўпэўнены ў тым, што страйк прайшоў выключна на іх заводзе. Што ўсе астатнія адчуваюць сябе ня так дрэнна, што сытуацыя ў краіне даволі пазытыўная, крызысу няма, ёсьць заганы кіраўніцтва менавіта іх прадпрыемства. І што калі зьвярнуцца да прэзыдэнта, заробкі падвысяць, і праблема будзе вырашаная. Як бачым, для прадухіленьня масавых забурэньняў не патрэбна манаполіі на ўсе каналы камунікацыі, дастаткова трымаць пад кантролем тыя каналы камунікацыі, якія спажывае большасьць.

3. Такім чынам, недарма баевікі Дзяржынскага 7 лістапада бралі пошту ды тэлеграф Петраграда – установы выключна мірныя і нават ускосна не зьвязаныя з уладай, яе утрыманьнем ды яе атрыбутамі. Ленінцы ўсьведамлялі важнасьць кантролю над каналамі камунікацыі. Яны разумелі, што той, хто па гэтых каналах называе страйк – «рэвалюцыяй», а разгром жаночага батальёну ды купкі юнкераў у Зімнім – «усталяваньнем новай улады саветаў», выходзіць пераможцам. Дарэчы, у найноўшай беларускай гісторыі быў момант «захопу пошты ды тэлеграфу». Біфуркацыйная кропка, якая магла шмат што тут прадухіліць. Я маю на ўвазе той дзень у 1990 годзе, калі Вінцук Вячорка, Зянон Пазьняк і Алесь Марачкін атрымалі 15 хвілін жывога эфіру на БТ пасьля масавага мітынгу ў цэнтры гораду. З тае пары спробаў дыялёгу апазыцыі з шырокімі масамі не адбывалася, усе расьселіся па ўласных інфармацыйных гета.

4. Складана прадказаць, што дакладна адбылося б, калі б усе тыя працоўныя, якія баязьліва ўзважваюць думку – а ці не спыніць прэвэнтыўна працу, каб падштурхнуць начальства да падвышэньня заробкаў – зразумелі б, што такіх, як яны – большасьць. Калі б яны пачулі – па радыёкропцы, якая гундзіць у іх у цэхах, па тэлебачаньню, проста з гаворкі сяброў – што ў такім жа стане палова краіны. Калі б яны прачыталі хаця б «Нашу ніву», з гэтымі чатырма тэматычнымі навінамі за кастрычнік-лістапад. Здаецца, далікатнасьці ды агаворачак «бо за страйк, па законе, нас пасадзяць», ужо не было б. Бо страйкоўцаў на адным прадпрыемстве яшчэ можна «пасадзіць», аднак улагодзіць некалькі прадпрыемстваў у розных кутках Беларусі прасьцей перамовамі.

5. І – ужо не ў кантэксьце страйкаў ды пратэстаў – узгадваюцца пасьлявыбарныя словы Лукашэнкі пра тую меншасьць, што за яго не галасавала. Па ягоных словах, у сьнежні 2010 году гэта – 20% выбаршчыкаў, г. з. – ня меней за 1 мільён 200 тысяч чалавек. І дзіўна тое, што ў Беларусі няма ніякіх грамадзкіх мэханізмаў адчуваньня сябе часткай гэтага мільёну. Немагчыма адначасова сябраваць зь мільёнам чалавек, камунікаваць зь імі, званіць ім, адчуваць настрой таго мільёну. «За страйк, па законе, нас пасадзяць», за мітынг, на якім можна было б зазірнуць у твары гэтаму мільёну – таксама. У той жа час дамінаваньне той большасьці, што «за Лукашэнку» – маніфэстуецца ва ўсіх дзяржаўных мэдыях 24 гадзіны на суткі. Нават калі няма ўжо той большасьці – бо зноўку мы ж ня можам ахапіць уласнай увагай усю краіну, паразмаўляць з кожным, высьветліць, каго – «тых, хто за» ці «тых, хто супраць» – болей. Болей – зараз, пасьля дэвальвацыі, росту коштаў і г.д. Паглядзіш тэлевізар, і паўстае адчуваньне, што ты – ня проста ня большасьць, ня проста ня частка 1 мільёну 200 тысяч аднадумцаў, аднак – чалавек зусім адзінокі, выключны ў сваіх праблемах ды поглядах на жыцьцё. І менавіта гэтая адзінота, якая прадукуецца прапагандай, вымушае ўрэшце задацца пытаньнем: калі ўсім добра, чаму я павінны наракаць на заробак у 200 даляраў? Так апынаецца, што мэдыі не толькі фармуюць грамадзкую думку, яны яшчэ здольныя даваць масам адчуваньне мас. Ці – бальшыні – адчуваньне меншасьці, як гэтае адбываецца ў Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG