Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: сябрам «Справядлівага сьвету» не далі раздаць бюлетэнь


Сябры «Справядлівага сьвету» ўскладаюць кветкі да помніка. Здалёк за ім назіраюць міліцыянты.

Сябры «Справядлівага сьвету» ўскладаюць кветкі да помніка. Здалёк за ім назіраюць міліцыянты.

Супрацоўнікі міліцыі не дазволілі сябрам Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» распаўсюдзіць на плошчы Леніна бюлетэнь, прысьвечаны гадавіне Кастрычніцкай рэвалюцыі.

На плошчу дзесяцёра сяброў партыі прыйшлі, каб ускласьці кветкі да помніка Леніну. На ёй жа зьбіраліся ўдзельнікі афіцыйнага мерапрыемства. Ім і плянавалі ўручыць свой бюлетэнь «За справядлівы сьвет» сябры апазыцыйнай партыі.

На дзясятую гадзіну раніцы на плошчы Леніна сабралася каля чатырох дзясяткаў людзей сталага веку. Міліцыянтаў было зь дзясятак. Двое назіралі за грамадой «Справядлівага сьвету». Як толькі яны пачалі вымаць з пакетаў бюлетэні, міліцыянты тут жа да іх падышлі.

Кіраўнік абласной арганізацыі партыі Валер Беразіенка паспрабаваў патлумачыць, што бюлетэнь яны маюць права распаўсюджваць, бо выдадзены ён у адпаведнасьці з заканадаўствам — накладам 299 асобнікаў з выходнымі дадзенымі — але марна. Некаторыя зь сяброў апазыцыйнай партыі ў спрэчцы зь міліцыяй апэлявалі да Канстытуцыі, нават паказвалі яе, але таксама безвынікова.
Міліцыя сказала, што мы ня маем права раздаваць літаратуру, бо мы прыйшлі сюды ўскладаць кветкі.

Беразіенка: «Міліцыя сказала, што мы ня маем права раздаваць літаратуру, бо мы прыйшлі сюды ўскладаць кветкі. Я так зразумеў, што моўчкі трэба ўскладаць кветкі і адразу ж сыходзіць. Гэта называецца закручваньнем гаек. Міліцыя, зразумела, на службы ў „правіцеля“, і гэтае закручваньне будзе працягвацца. Але ж гайка можа й сарвацца, і што будзе з тым мэханізмам, у якога гайка сарвалася, ня цяжка здагадацца. У 1917 годзе нізы не хацелі, а вярхі ня ўмелі. У нас жа цяпер сытуацыя крыху іншая — нізы яшчэ не зусім сасьпелі, каб выразіць сваё незадавальненьне. А вярхі закручваньнем гаек утрымліваюць уладу».

Патрабаваньню міліцыянта сябры апазыцыйнай партыі, а гэта былі пераважна людзі сталага веку, падпарадкаваліся. Сваёй невялікай грамадой яны падышлі да помніка, усклалі кветкі й разышліся. Удзельнічаць у афіцыйным ускладаньні не захацелі.

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG